Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі амбасадар Бабіч, які «не зразумеў розьніцы між фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай»


МЗС Беларусі параіў амбасадару Расеі «праявіць крыху павагі» — кажуць, Міхаіл Бабіч «за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай». Такой была рэакцыя на інтэрвію амбасадара, у якім ён завочна паспрачаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Арыгінал матэрыялу ніжэй быў апублікаваны 24 жніўня 2018 году — у дзень, калі Бабіч быў афіцыйна прызначаны расейскім амбасадарам у Беларусь.

Міхаіл Бабіч на 29 гадоў маладзейшы за папярэдняга амбасадара. Былы амбасадар Аляксандар Сурыкаў займаў пасаду больш за 12 гадоў, быў зьняты зь яе ва ўзросьце 78 гадоў.

49-гадовы Міхаіл Бабіч нарадзіўся ў Разані. Жанаты, мае траіх дзяцей. Сябра партыі «Единая Россия».

Дзе вучыўся

Кандыдат эканамічных навук. Скончыў Разанскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню сувязі, у 1998 годзе — юрыдычны факультэт Маскоўскага інстытуту эканомікі, мэнэджмэнту і права, у 2000 годзе — Дзяржаўную акадэмію кіраваньня, у 2005 годзе — факультэт перападрыхтоўкі і падвышэньня кваліфікацыі Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў РФ.

Ваяваў, кіраваў урадам Чачні

У 1986–1995 гадах праходзіў службу на камандных пасадах у Паветрана-дэсантных войсках і войсках КДБ СССР, браў удзел у баявых дзеяньнях, даслужыўся да палкоўніка.

У 1995–1998 гадах кіраваў вайсковым канцэрнам «Антей», што вырабляе зброю для проціпаветранай абароны. Затым зьмяніў некалькі пасадаў на грамадзянскай службе. У 1998–1999 гадах кіраваў кампаніяй «Росмясторг» — украінскія СМІ любяць згадваць ягоную тагачасную мянушку «мясьнік».

Быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі зь лістапада 2002 году па люты 2003-га. З гэтай пасады быў прызначаны памочнікам міністра эканомікі. Пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ у Прыволскай фэдэральнай акрузе Бабіч займаў з 15 сьнежня 2011 году.

Уводзіў войскі ў Крым — ад яго адмовілася Ўкраіна

Пасьля звальненьня амбасадара Расеі ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава ў ліпені 2016 году у Крамлі разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча на гэтую пасаду, але яго кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны. Адна з прычын адмовы была ў тым, што як сябра Савету бясьпекі РФ Міхаіл Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, украінскія палітолягі адзначалі, што Міхаіл Бабіч «раней быў вайсковым дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ». Экспэрты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ», — «прафэсійны дывэрсант» і «клясычны кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі ў Данбасе дзеля арганізацыі сілавых апэрацый».

Менск пагадзіўся не адразу

Перавод Бабіча на дыпляматычную працу ў Менск у расейскіх палітычных колах называецца прызначэньнем «апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны кірунак». Палітолягі адзначаюць, што Бабіч — «чалавек з высокім узроўнем даверу прэзыдэнта Расеі», і прызначэньне яго амбасадарам у краіну — найбліжэйшую саюзьніцу Расеі было б цалкам лягічным.

Таксама ў Расеі казалі, што «Бабіча прызначаюць, каб не дазволіць беларускага Майдану». У Беларусі яго называлі «амбасадарам раздору».

Больш за месяц прайшоў ад паведамленьня расейскіх СМІ аб тым, што «Масква вызначылася з кандыдатурай амбасадара» да ўласна прызначэньня. Сьцьвярджалася нават, што афіцыйны Менск не хацеў пагаджацца на кандыдатуру Бабіча, а Міністэрства замежных справаў Беларусі спачатку казала, што не атрымлівала запыт на прызначэньне (агрэман), пасьля адмаўлялася камэнтаваць справу з агрэманам.

Чуткі аб прызначэньні Бабіча амбасадарам у Беларусь пачалі цыркуляваць за паўтара месяца да прызначэньня. Найбольш актыўна іх распаўсюджваў ананімны канал «Незыгарь» (беларускі блогер Эдуард Пальчыс заявіў, што правёў экспэрымэнт, які паказаў: канал публікуе што заўгодна ад каго заўгодна без праверкі зьвестак).

Прызначаны ў няісную дзяржаву

Ва ўказе Бабіч прызначаны амбасадарам у краіну, якой няма: у «Республику Белоруссию», хоць афіцыйная назва краіны на расейскай мове — Республика Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG