Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У штабах Зяленскага і Парашэнкі адрэагавалі на заяву Лукашэнкі пра ўкраінскія выбары


Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка каля Чарнобыльскай АЭС, 26 красавіка 2017 году
Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка каля Чарнобыльскай АЭС, 26 красавіка 2017 году

Зьявілася першая рэакцыя ў штабах фаварытаў украінскіх выбараў на заклік Аляксандра Лукашэнкі да ўкраінцаў не галасаваць за Зяленскага.

У выбарчым штабе кандыдата на прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага адказалі на заклік кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі не галасаваць у другім туры выбараў за актора і бізнэсоўца, які заняў першае месца па выніках першага туру галасаваньня.

«Ну, у вас жа (у Беларусі. — РС) свабода слова. Кожны мае права казаць, што лічыць неабходным», — сказаў Свабодзе Дзьмітры Разумкоў, паліттэхноляг Уладзіміра Зяленскага, адказваючы на пытаньне пра стаўленьне да закліку Аляксандра Лукашэнкі не галасаваць за Ўладзіміра Зяленскага. Больш дэталёва ацэньваць выказваньні кіраўніка Беларусі Дзьмітры Разумкоў адмовіўся.

У сваю чаргу, палітоляг Аляксандар Палій, якога лічаць адным з чальцоў групы паліткансультантаў дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны, мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка выказаўся як сябар Пятра Парашэнка:

«Ён сказаў як ёсьць, і як сябар. Магчыма, ягоная заява паўплывае на выбар усходніх украінцаў у другім туры галасаваньня».

У інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Anadolu Аляксандар Лукашэнка зноў заявіў: ён схільны думаць, што на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне пераможа дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Лукашэнка адзначыў таксама, што ва Ўкраіне нямала людзей галасуе за Зяленскага, думаючы, што «галасаваць фактычна няма за каго». Ён параіў так не рабіць.

«Хай мяне прабачаць украінцы, але хачу ім сказаць: калі няма за каго галасаваць, то і галасаваць ня трэба, — параіў Лукашэнка. — Навошта галасаваць за чалавека, у якім ты ня ўпэўнены, бо ўкраінцы такі цяжкі палітычны шлях прайшлі за апошнія гады. Яны ўжо наеліся незразумелых абяцаньняў.

Яны ўжо шмат разоў, рызыкуючы, верылі палітыкам і іх падтрымлівалі. І ўвесь час атрымлівалася наадварот. Апошнія гады досьвед украінскага народу — сьведчаньне таго, што нельга рызыкаваць. Калі ўжо не атрымліваецца, калі няма за каго галасаваць — значыць, паўторныя выбары. Мне здаецца, гэта лепш, чым чарговым разам рызыкнуць, прагаласаваць, а потым горка каяцца дзесяць ці больш гадоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG