Экс-прэзыдэнт Грузіі, былы кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Міхэіл Саакашвілі, які раней заявіў пра свае пляны прыехаць ва Украіну 1 красавіка, растлумачыў, што ён меў намер гэта зрабіць толькі ў тым выпадку, калі дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка не праходзіць у другі тур.
Адказваючы на пытаньне вядоўцы ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время» Саакашвілі удакладніў, што як толькі Парашэнка «страціць уладу, і ягоны загад не пускаць яго ў краіну страціць сілу» тады ён абавязкова скарыстаецца «законным правам вярнуцца на Ўкраіну».
У прамым эфіры Саакашвілі пазітыўна адазваўся пра лідэра першага туру прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне Ўладзіміра Зяленскага. Раней у размове з журналістамі Зяленскі пахваліў былога прэзыдэнта Грузіі і сказаў, што ня супраць супрацоўніцтва зь ім у справе барацьбы з карупцыяй.
У сярэдзіне сакавіка Саакашвілі сказаў, што ўжо купіў авіябілет з Варшавы ў Кіеў і 1 красавіка прыляціць у сталіцу Ўкраіны, бо упэўнены, што Парашэнка ня выйдзе ў другі тур выбараў. Саакашвілі ў 2015 годзе атрымаў украінскае грамадзянства і стаў кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі, а праз два гады сваім ўказам Парашэнка пазбавіў яго грамадзянства. Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году.
Нягледзячы на афіцыйную забарону, у верасьні 2017 году Саакашвілі змог прарвацца на тэрыторыю Украіны. Яго паплечнікі дапамаглі яму перасячы мяжу з Польшчай. Улады ня сталі арыштоўваць Саакашвілі, і ён некалькі месяцаў правёў у Украіне, арганізуючы акцыі пратэсту супраць Парашэнкі.
На выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Саакашвілі актыўна не агітаваў за некага з кандыдатаў.