Новы будынак Вярхоўнага суду Беларусі ўрачыста адкрылі 5 красавіка ў Менску. Cтужку перарэзалі Аляксандар Лукашэнка, старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала і старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак.
Лукашэнку правялі экскурсію па новым будынку, цяпер праходзіць нарада па дзейнасьці судоў. Недзяржаўныя СМІ на цырымонію не пусьцілі.
Колькі каштаваў будынак беларускаму бюджэту, па-ранейшаму невядома. З тэндэраў, якія разьмешчаныя на сайце дзяржзакупак, відаць, што новы праект будуюць як за «бюджэтныя грошы» (з нацыянальнага і менскага бюджэтаў, а таксама з інвэстпраграмаў), так і за «ўласныя сродкі». Але адзін толькі дэкор усярэдзіне каштуе ня менш за 800 тысячаў даляраў, адзін фантан перад судом — амаль 300 тысячаў даляраў, брукаванка каля суду — 390 тысячаў.
«Людзі, якія прыйшлі ў суд, павінны верыць у яго здольнасьць усталяваць ісьціну, — казаў Лукашэнка на нарадзе ў новым будынку. — Тады ім не прыйдзецца ў пошуку праўды зьвяртацца да прэзыдэнта».