Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За спробу падаіць «помнік карове» на Камароўцы затрыманая 15-гадовая дзяўчына


Скульптура каровы ля Камароўскага рынку ў Менску, архіўнае фота
Скульптура каровы ля Камароўскага рынку ў Менску, архіўнае фота

Увечары 31 сакавіка каля Камароўскага рынку ў Менску была затрыманая 15-гадовая Эмілія П. У Камароўскім РУУС карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі: дзяўчына правяла ноч у ізалятары на завулку Акрэсьціна, суд мае адбыцца сёньня.

Бацькі затрыманай расказалі Свабодзе: дзяўчына села каля скульптуры, узялася рукамі за «вымя» і пачала рабіць зваротна-паступальныя рухі — «даіць» скульптуру. Да яе падыйшлі два «чалавекі ў цывільным» і без тлумачэньняў забралі ў сіні мікрааўтобус без нумароў.

Пазьней стала вядома, што на яе складзены пратакол за «дробнае хуліганства» (арт.17.1 КаАП БР) — яна «ўчыніла наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак і праяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадзтва». За гэта пагражае штраф ад 2 да 30 базавых велічыняў (51–765 рублёў) або адміністрацыйны арышт.

Скульптура каровы, пастаўленая ў канцы 2018 году на нефармальны загад Аляксандра Лукашэнкі, каштавала 135 тысяч даляраў. За гэтыя грошы можна было паставіць 10 помнікаў Касьцюшку або два «парнікі Калініна».

Як і скульптура «царскага гарадавога», «помнік карове» і шэраг іншых аб’ектаў нядаўна былі занесеныя ў рэспубліканскі сьпіс грамадзка-палітычных каштоўнасьцяў, пашкоджаньне або зьнявага якіх караецца паводле арт. 346/1 КК, максымальнае пакараньне — тры гады пазбаўленьня волі. Але адказнасьць паводле гэтага артыкулу пачынаецца з 16 гадоў.

За замах нагой на скульптуру «царскага гарадавога» тыдзень таму была затрыманая 18-гадовая Аляксандра С. У чаканьні суду яна правяла два дні на Акрэсьціна, але суд накіраваў пратакол на дапрацоўку: на відэа з камэраў назіраньня было відаць, што фізычнага кантакту з помнікам не адбылося.

Гісторыя скульптуры гарадавога цягнецца ад сакавіка 2016 году: некаторых зьдзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянэру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку.​ А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.

За зьнявагу помніка гарадавому беларусаў ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю скульптуры (абышлося штрафам у 5 базавых). Актывістаў, якія праводзілі пэрформанс каля скульптуры, штрафавалі за «непадпарадкаваньне міліцыі» — нібыта яны не выходзілі зь міліцэйскага аўтамабіля і такім чынам не падпарадкоўваліся міліцыянтам.

У мінулым лістападзе за поўху «гарадавому» быў затрыманы падлетак Арсеній. Міліцыя публікавала відэа з выбачэньнямі хлопца за ягоны ўчынак. Справу за «дробнае хуліганства» ўрэшце спынілі.

Радыё Свабода віншуе чытачоў з Днём сьмеху 1 красавіка і падкрэсьлівае, што меркаваньні, факты і фота, выкладзеныя ў гэтым артыкуле, не абавязкова адлюстроўваюць рэальнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG