Паўночная Карэя аднаўляе часткова дэмантаваныя збудаваньні на ракетным палігоне Сохэ, які выкарыстоўваўся для выпрабаваньняў міжкантынэнтальных балістычных ракет. Пра гэта паведамляюць амэрыканскія аналітыкі, якія прааналізавалі дадзеныя спадарожнікавай здымкі.
У лічаныя дні быў адноўлены стэнд для выпрабаваньня ракетных рухавікоў і памяшканьне для зборкі ракет-носьбітаў. Да такой высновы прыйшлі супрацоўнікі Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне Джозэф Бэрмудэс і Віктар Ча. Гэтыя работы, хутчэй за ўсё, былі зробленыя пасьля заканчэньня безвыніковай сустрэчы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына ў Ханоі 28 лютага.
Улады Паўночнай Карэі пачалі дэмантаж неўзабаве пасьля заканчэньня першай сустрэчы Трампа і Кіма ў чэрвені мінулага году ў Сынгапуры ў адказ на просьбу з боку Дональда Трампа даказаць справай гатоўнасьць да дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. Празь некалькі месяцаў Паўночная Карэя запэўніла Паўднёвую ў сваёй гатоўнасьці цалкам закрыць выпрабавальны палігон.
Аднаўленьне палігону Сохэ можа быць сьведчаньнем намеру Паўночнай Карэі адмовіцца ад мараторыю на ракетныя выпрабаваньні. Яна не праводзіла ракетных і ядзерных выпрабаваньняў зь лістапада 2017 году. Прэзыдэнт Дональд Трамп неаднаразова прыводзіў гэты факт як адно з дасягненьняў ягонай паўночнакарэйскай стратэгіі.
Памочнік Трампа ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан заявіў 5 сакавіка, што ЗША гатовыя да ўзмацненьня жорсткасьці рэжыму санкцыяў супраць Пхэньяну, калі Паўночная Карэя не адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы.