У апошнія гады лекары ўсё больш увагі зьвяртаюць на запаленьне. Некаторыя нават сьцьвярджаюць, што яно зьяўляецца ўнівэрсальнай прычынай большасьці цяжкіх хваробаў і сьмерці людзей. Пра гэта піша амэрыканскі часопіс New York.
Што такое запаленьне
Гэта вельмі шырокі тэрмін. Але сутнасьць запаленьня — раздражненьне імуннай сыстэмы. Калі ў наша цела трапляе вірус, мікроб, стрэмка ці калі мы атрымліваем траўму, запускаецца пратакол запаленьня, каб ізаляваць месца траўмы або іншароднае цела, рэгенэраваць пашкоджаньне або зьнішчыць інфэкцыю ці вывесьці яе з арганізму.
Якія сымптомы запаленьня
Гэта пачырваненьне, апухласьць, павышэньне тэмпэратуры, боль, парушэньне адчувальнасьці або парушэньне функцыі.
Як запаленьне праяўляецца на клетачным узроўні
Пасьля зьяўленьня названых сымптомаў пачынаецца фаза «спыненьня і рамонту». Пасьля клеткі пачынаюць рэгенэрацыю або, калі гэта немагчыма, вытвараюць злучальную тканку.
Дык можа запаленьне — гэта добра
Часта — так. Напрыклад тады, калі ў адказ на пералом, стрэлку ці прастуду зьяўляецца ацёк, які дапаможа абараніць навакольныя тканкі.
Калі запаленьне — гэта дрэнна
Тады, калі яно набывае хранічны характар. Наогул існуюць два тыпы запаленьня: вострае і хранічнае.
Вострае доўжыцца гадзіны або дні.
Хранічнае запаленьне можа цягнуцца месяцы або гады. Гэта вынікі няздольнасьці арганізму даць рады таму, што ад пачатку было раздражняльнікам — напрыклад, забруджанае паветра або аўтаімуннае расстройства (ваўчанка, хвароба Крона, рэўматоідны артрыт і т. д.)
Таксама і ўсе хваробы, назвы якіх заканчваюцца на «іт» або «ыт», зьяўляюцца запаленчымі. Гэта дэрматыт, бранхіт, каліт, апэндыцыт, цыстыт, сынусіт і т. д.
Наколькі шкоднае запаленьне
Сёньня запаленьне асацыіруецца з большасьцю хранічных хваробаў, уключна з дыябэтам, ракам, хваробамі сэрца, інсультам, рэсьпіраторнымі захворваньнямі і хваробай Альцгаймэра.
У 2006 годзе Мэдычная школа Гарвардзкага ўнівэрсытэту назвала запаленьне «аб’яднанай тэорыяй хваробы».
Якія сымптомы хранічнага запаленьня
Сярод іх — стомленасьць, дэпрэсія, падагра, праблемы са страваваньнем, дыярэя, пякотка (або кіслотны рэфлюкс), высыпаньні на целе і боль.
Як можна прадухіліць хранічнае запаленьне
Ніхто дакладна ня ведае, што выклікае хранічнае запаленьне, але атлусьценьне, курэньне, празьмернае спажываньне алькаголю і маларухомы лад жыцьця зьвязаныя з запаленьнем.
Добрае харчаваньне можа прадухіляць хранічнае запаленьне. Фізычныя практыкаваньні таксама прадухіляюць хранічнае запаленьне натуральным чынам
Яшчэ адна рэч, якая змагаецца з запаленьнем — добры сон.
Лекары таксама раяць пільна дбаць пра здароўе зубоў і дзяснаў.
Ну і варта пільнавацца ад прадуктаў, багатых на ртуць, напрыклад, рыбы-меч, бо ртуць зьяўляецца адной з прычын хранічнага запаленьня.
Якія прадукты выклікаюць хранічнае запаленьне
Гэта рафінаваныя вугляводы, смажаныя прадукты і салодкія напоі. Цукар прымушае арганізм вылучаць запаленчыя малекулы. Таксама і празьмерная колькасьць насычаных тлушчаў можа быць зьвязана з хранічным запаленьнем.
Якія прадукты прадухіляюць запаленьне
Цёмная, асабліва ліставая гародніна, садавіна (асабліва ягады), арэхі, тлустая рыба (ласось, скумбрыя, сардыны), прадукты са шчыльнай клятчаткай (цэльназерневы хлеб, бабы), аліўкавы алей і зялёны чай.