Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Горват апублікаваў адкрыты ліст міністру Макею пра пахаваньне паўстанца Каліноўскага


Андрусь Горват, архіўнае фота
Андрусь Горват, архіўнае фота

Беларускі пісьменьнік Андрэй Горват апублікаваў на Facebook адкрыты ліст міністру замежных справаў Уладзімеру Макею. Маўляў, «вы прызнаваліся, што прачыталі маю кнігу, то ў мяне ёсьць надзея, што зможаце пачуць і зразумець мяне зараз».

Ліст пра тое, што ў Вільні нядаўна знайшлі парэшткі паўстанцаў 1863–64 году — і сярод іх ідэнтыфікавалі парэшткі лідэра паўстаньня Кастуся Каліноўскага. З афіцыйнага беларускага боку, піша Горват, не было «ні кроплі інтарэсу», за што пісьменьніку сорамна.

«Маю да вас просьбу, — піша Горват Макею. — Зрабіце, калі ласка, вашую работу і на годным узроўні прадстаўце мае інтарэсы за межамі Беларусі. А таксама інтарэсы вялікай колькасьці беларусаў, для якіх постаць Кастуся Каліноўскага — гераічная.

Я не гісторык, каб запэўніць вас у гэтым, але я беларус і сфармаваўся на нацыянальнай культуры, у якую вобраз Каліноўскага назаўжды ўпісаны дзеячамі мастацтва як вобраз героя. У рэшце рэшт, ён сын беларускай зямлі, а ў нашых традыцыях даглядаць магілы продкаў».

Горват піша, што адкрыў для сябе ў замежных паездках: беларусы «так прагнуць чысьціні, што прыбіраюць нават памяць пра сябе», «нібы і не стваралі эўрапейскую гісторыю і культуру разам зь іншымі народамі».

«Уладзімер Уладзімеравіч, вы любіце Парыж? — пытае Горват. — Я люблю. А яшчэ яго любіў наш зямляк Адам Міцкевіч. Аднойчы ў Парыжы ў яго на руках памёр яшчэ адзін наш — Валенці Ваньковіч.

Я знайшоў яго магілу на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні, хоць гэта было няпроста. Але пры дапамозе не Міністэрства, а беларускай афіцыянткі Ліды гэтае месца ўжо будзе пазначана на картах, а Ваньковіча падпішуць як беларускага і польскага мастака. Цяпер вы без праблем яго знойдзеце.

Уладзімер Уладзімеравіч, калі будзеце ў Парыжы восеньню, абрэжце, калі ласка, ружы. Іх трэба абразаць перад зімой. Гэта важна. Ружы вы лёгка пазнаеце — на гаршчочку напісана: „Ад беларусаў зь любоўю“».

З аднаго боку, мяркуе Горват, добра, што пісьменьнік Уладзімер Караткевіч не дажыў да таго часу, калі беларускіх чыноўнікаў не цікавіць Каліноўскі (у папулярным рамане Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» фігуруюць Каліноўскі і ўдзельнікі паўстаньня).

З іншага боку, Горват шкадуе: Караткевіч «абавязкова знайшоў бы патрэбныя словы, каб абараніць свайго героя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG