Беларускі пісьменьнік, ляўрэат сёлетняй прэміі «Дэбют» і леташняй «Залатой літары» Андрусь Горват апублікаваў на Facebook адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі.
У лісьце ён заяўляе, што «савецкай Беларусі больш няма, яна скончылася». Паводле яго, людзі ў Прудку, дзе ён жыве, кажуць: «Няхай мяне пасадзяць, а я болей маўчаць ня буду». Ён перадае прывітаньне дырэктару Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку: маўляў, нават за 300 кілямэтраў ад МКАДу «ніхто ня верыць тэлевізару», а «цётка-пэнсіянэрка, у якой нават старонкі ў „Аднаклясьніках“ няма, гаворыць, што чытае навіны на Свабодзе».
Андрусь Горват — аўтар адной кнігі, «Радзіва Прудок». Некалі ён працаваў журналістам у Менску, але вырашыў пераехаць у родную палескую вёску Прудок, што пад Хойнікамі. Там ён вёў дзёньнік пра сябе, суседзяў і вясковае жыцьцё, урыўкі зь якога публікаваў на Facebook. Праз папулярнасьць урыўкаў у сацсетках ён сабраў грошы на выданьне дзёньніка папяровай кнігай.