У судзе Маскоўскага раёну Менску завяршыўся гучны працэс над былым дырэктарам менскага Палацу спорту Сяргеем Прановічам, якога абвінавацілі ў хабарніцтве і махлярстве. Усяго сьледчыя налічылі за Сяргеем Прановічам хабараў на 78 тысяч рублёў.
29 сакавіка суд прызнаў Прановіча вінаватым у хабарніцтве, завалоданньі маёмасьцю і махлярстве і пакараў яго 11 гадамі зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай цягам 5 гадоў займаць кіроўныя пасады, а таксама штрафам у 7650 беларускіх рублёў (300 базавых велічынь). Таксама суд пастанавіў спагнаць з Прановіча 90 тысяч беларускіх рублёў.
У ліку канфіскаванай маёмасьці — будынак у вёсцы Абчак пад Менскам, ацяпляльнае абсталяваньне, аўтамабіль Аудзі-Q7, 3 тысячы эўра на рахунку.
Паводле сьледзтва, гэта пацьвердзілі на судзе сьведкі, Прановіч браў з арандатараў так званыя «адкаты» — да 10% ад кошту арэнды спартовых і гандлёвых памяшканьняў у Палацы спорту. Штораз выходзіла па 100 ды больш даляраў, але часам прымаў хабар алькаголем ды іншымі рэчамі. Прычым дырэктару мусілі плаціць усе: гандляры, арганізатары выстаў і канцэртаў, пастаўшчыкі абсталяваньня, мэнэджары спартовых камандаў. Нават ад манашак, якія зьбіраліся правесьці ў славутым спартовым аб’екце рэлігійную выставу, Прановіч запатрабаваў расплаціцца іконай ды царкоўнымі рэчамі, а потым грашыма.
Сяргей Прановіч кіраваў Палацам спорту 10 гадоў, сьледзтва даказала больш за 170 эпізодаў хабарніцтва і махлярства, датычных пэрыяду з 2014 году па люты 2018-га, калі дырэктара затрымалі ў службовым кабінэце пры атрыманьні хабару ў 1 200 даляраў. Працэс цягнуўся больш за месяц. Пракурор прасіў для Сяргея Прановіча 11 гадоў пазбаўленьня волі.
Праз справу Сяргея Прановіча год таму быў звольнены тагачасны міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко. «Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі сьвечкі прадаваць, ён да іх дачапіўся. Ня веру, што міністар пра гэта ня ведаў», — казаў пра справу Аляксандар Лукашэнка.