Выдача Ўладзімера Юрчанкі, якой дамагаецца Беларусь, немагчымая. Рашэньне яшчэ могуць перагледзець у Вярхоўным судзе Ўкраіны.
Шосты апэляцыйны адміністрацыйны суд у Кіеве пацьвердзіў законнасьць атрыманьня грамадзянінам Беларусі Ўладзімерам Юрчанкам статусу ўцекача, які робіць немагчымым ягоную экстрадыцыю ў Беларусь паводле абвінавачаньня ў арганізацыі злачыннай групоўкі, што займалася міжнародным трафікам цяжкіх наркотыкаў.
Згодна з украінскім заканадаўствам, гэтае рашэньне яшчэ можна абскардзіць у касацыйным парадку цягам 30 дзён у Вярхоўным судзе Ўкраіны.
У поле зроку беларускіх праваахоўных органаў Уладзімер Юрчанка трапіў у 2009 годзе як арганізатар міжнароднай злачыннай групоўкі, створанай у 2008 годзе для атрыманьня прыбытку ад незаконнага абарачэньня наркотыкаў у Расеі, Таджыкістане, Казахстане і Беларусі.
У Беларусі яго абвясьцілі ў вышук у 2013 годзе, а праз год — у міжнародны. Ва Ўкраіне ён жыў у Чарнігаве на падставе статусу ўцекача, які атрымаў у 2017 годзе. Украінскія праваахоўнікі затрымалі Ўладзімера Юрчанку ў ліпені 2018 году ў Чарнігаве. Цяпер ён знаходзіцца ў Чарнігаўскім сьледчым ізалятары.
Гісторыя справы
Як адзначаецца ў судовых рашэньнях, апублікаваных ва Ўкраіне ў справе Ўладзімера Юрчанкі, беларускія праваахоўныя органы зацікавіліся ім у 2009 годзе як арганізатарам міжнароднай злачыннай групоўкі, створанай у 2008-м для атрыманьня прыбытку ад незаконнага абарачэньня наркотыкаў у Расеі, Таджыкістане, Казахстане і Беларусі.
Паводле матэрыялаў справы, з 26 красавіка па 2 траўня 2010 году Ўладзімер Юрчанка разам зь іншымі зламысьнікамі закупілі ў расейскім Омску гераін (асабліва небясьпечны наркотык) і плянавалі яго перавезьці і рэалізаваць у Беларусі. Ішлося аб вялікай партыі — ня менш як 46 кіляграмаў, але яе затрымала расейская міліцыя.
У верасьні 2010 году групоўка зрабіла другую спробу пераправіць у Беларусь наркотыкі, закупленыя месяцам раней у расейскай Пермі, але зноў няўдала — на гэты раз машыну з 28 кіляграмамі гераіну спыніў беларускі наркакантроль у пункце збору дарожнага мыта «Рэдзькі» на аўтадарозе Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі. Наркотык везьлі ў машыне «Опэль-Астра» з расейскім рэгістрацыйным нумарам, а гераін быў схаваны ў 187 цыбулінах.