Госьць «Інтэрвію тыдня» — беларускі палітоляг Андрэй Елісееў, дырэктар дасьледаваньняў East Center. Ён адказвае на пытаньне, як будзе праходзіць выбарчая кампанія Лукашэнкі, тлумачыць, чаму ўлады ня пойдуць насустрач нацыянальна арыентаванай частцы грамадзтва, і прадказвае, якія адсоткі за Лукашэнку будуць агучаныя на прэзыдэнцкіх выбарах
Сьцісла
- Для Лукашэнкі, і Расея і нацыянальная частка грамадзтва зьяўляюцца калі ня ворагам, дык пагрозай
- Не назіраецца перадумоваў ці нейкіх сыгналаў для значных эканамічных пераменаў.
- Рэальны электаральны рэйтынг Лукашэнкі цяпер складае 30-35 %
Калі каровы здымаюць міністраў, то гэта сплянаваная акцыя
— За апошні час адбылося некалькі прыкметных падзеяў, якія даюць нам падставы паразважаць пра тое, у якой форме і зь якімі матывамі будзе праходзіць выбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі. Гэта выступ кіраўніка дзяржавы ў Баранавічах, падзеі 25 сакавіка і «каровін» скандал з адстаўкамі. Ці дае гэта нам больш разуменьня ў тым, якімі прынцыпамі і мэтадамі будзе ісьці выбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі?
— Сама прэзыдэнцкая кампанія фактычна ідзе зь мінулай восені, падчас «Размовы з прэзыдэнтам» Лукашэнка гэта публічна абазначыў. А апошнія падзеі — выступ у Баранавічах і спэктакль на фэрме — гэта паказчык пераходу кампаніі ў фазу надзвычайнага папулізму. У Баранавічах Лукашэнка заявіў пра кантроль над цэнамі і загадаў зрабіць сярэдні заробак па раёне 1000 рублёў да восені.
Калі — прабачце за цытаваньне тэрміналёгіі Лукашэнкі — «абаср…ыя каровы» здымаюць міністраў, то гэта відавочна была сплянаваная акцыя. Я мяркую, што за ёй у рэальнасьці стаяць рэзанансныя рэпартажы на Tut.by пра гаротнае становішча сялян і жыхароў малых гарадоў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Людзям ня плацяць заробкаў па некалькі месяцаў, і гэта згадвалася Лукашэнкам падчас зьняцьця чыноўнікаў.
— У Баранавічах Лукашэнка казаў: «Ня трэба людзям зацягваць паясы». І выглядала, што ўлада будзе імкнуцца правесьці выбарчую кампанію ў спакойным, неканфліктным рэжыме: маўляў, «у нас усё нармальна, а будзе яшчэ лепей». Ці ўпісваюцца ў гэтую карціну адстаўкі чыноўнікаў?
— Я не лічу, што адстаўкі чыноўнікаў нейкім чынам ня ўпісваюцца ў гэтую карціну. Лукашэнка стварае карціну спакою, падкантрольнасьці працэсу. А паказальныя адстаўкі могуць быць элемэнтам кампаніі — і я ня думаю, што гэта супярэчыць адно аднаму.
Даюцца вялікія абяцаньні, якія, відавочна, ня будуць выкананыя. Але я не сказаў бы, што малюецца занадта сьветлая і аптымістычная карціна. Акурат апошнім часам Лукашэнка часта паўтарае, што эканоміка — гэта найважнейшае. Ён разам з тым не пазьбягае публічных заяваў пра тое, што цяжкасьці ў эканоміцы ёсьць і будуць.
Калі ён раптам правядзе прыватызацыю, то гэта можа скончыцца рэвалюцыяй
— То як балянс паміж стабільнасьцю і неабходнасьцю пераменаў можа быць вытрыманы? Ці будзе Лукашэнка казаць пра неабходнасьць пераменаў, хаця б у эканоміцы?
— Я ня бачу перадумоваў ці нейкіх сыгналаў для значных пераменаў. Падчас «Вялікай размовы» Лукашэнка адназначна сказаў, што не гатовы да прыватызацыі.Ён фактычна прызнаў, што дзеля сваіх асабістых палітычных інтарэсаў ён паступаецца эканамічных разьвіцьцём краіны. На заўвагу пра тое, што ўсе прызнаюць, у тым ліку і беларускія ўлады, што дзяржаўны сэктар меней эфэктыўны за прыватны — Лукашэнка сказаў, што яму трэба вытрымліваць балянс і калі ён раптам правядзе прыватызацыю, то гэта можа скончыцца рэвалюцыяй.
Гэта зьяўляецца фактычна публічным прызнаньнем, што выключна дзеля захаваньня палітычнага кантролю Лукашэнка не гатовы праводзіць нейкія значныя эканамічныя рэформы. З аднаго боку, Расея ўразае датацыі Беларусі, з другога — Лукашэнка ня хоча праводзіць рэформы. Выглядае, што Беларусь будзе і далей набіраць замежныя пазыкі.
— Варта прааналізаваць і падзеі вакол Дня Волі 25 сакавіка. Выглядае, што мінулы год быў пэўным выключэньнем, а цяпер улада вярнулася да традыцыйнай тактыкі перашкод і гучных затрыманьняў. Зь якой мэтай гэта рабілася? Ці ўлада дае мэсэдж, што ня варта спадзявацца на нейкую лібэралізацыю падчас выбарчай кампаніі?
— Існуе такі памылковы пункт гледжаньня, што, маўляў, пад пагрозай большага расейскага ціску Лукашэнка возьме сабе ў хаўрусьнікі нацыянальна арыентаваных людзей, пачне больш прыязна ставіцца на нацыянальных сымбаляў, болей будзе ўдзяляць увагі разьвіцьцю і падтрымцы беларускай мовы і ідэнтычнасьці. На самой справе для Лукашэнкі і Расея, і нацыянальная частка грамадзтва зьяўляюцца калі не ворагам, дык пагрозай. І Лукашэнка ня будзе браць у хаўрусьнікі ані першых, ані другіх. Ён будзе змагацца і зь першай, і з другой лініяй.
Таму для мяне зусім ня дзіўна, што беларускія ўлады нават на фоне ціску з Расеяй працягваюць змагацца зь сьвяткаваньнем 25 Сакавіка. І зусім не сьпяшаюцца браць у хаўрусьнікі нацыянальна арыентаваную частку грамадзтва. Хоць пра гэта пішуць расейскія рэсурсы, што, маўляў, Лукашэнка паяднаўся з нацыяналістамі, але гэтага не адбываецца.
На выбарах патрэбен вялікі працэнт, каб дэмаралізаваць апазыцыйную частку грамадзтва
— Выступаючы ў Баранавічах, Лукашэнка заявіў, што ў Берасьцейскай вобласьці яго падтрымлівае 80 працэнтаў. Ці можна сказаць, што гэтым задаецца пэўны арыентыр на вынікі галасаваньня, што за Лукашэнку па краіне павінна быць паміж 70 і 80? Ніякай «сьціпласьці» ў лічбах чакаць не выпадае?
— Так, Лукашэнка гэтай заявай фактычна пазначыў чаканую ім плянку. Не выпадае спадзявацца, што гэтая плянка будзе зьменшаная. Гэта ўвогуле вельмі важны паказьнік у аўтарытарных палітычных сыстэмах, бо ствараецца ўражаньне падтрымкі абсалютнай большасьці насельніцтва.
Гэта робіцца, каб дэмаралізаваць апазыцыйную частку грамадзтва, якая сёньня складае больш за палову. Нават не называючы і не ўсьведамляючы сабе апазыцыяй, большая частка беларускага грамадзтва адмоўна ставіцца да курсу Лукашэнкі.
Я ня думаю, што ягоны рэйтынг мог вырасьці з таго часу, калі яшчэ былі рэалістычныя вынікі незалежнай сацыялёгіі. Рэальны электаральны рэйтынг Лукашэнкі, відаць, сёньня складае 30-35 %, і задача Лукашэнкі да выбараў выцягнуць гэтую лічбу да 40 плюс адсоткаў. Гэта выглядае больш-менш рэалістычнай лічбай.