Карпарацыя Boeing абвясьціла аб выпуску электроннай «латкі» для праграмнага забесьпячэньня бартавой апаратуры авіяляйнэраў 737 MAX. Пасьля дзьвюх авіякатастрофаў, якія адбыліся за пяць месяцаў, экспэрты не выключалі, што віной гэтых аварый магла стаць сыстэма, якая карэкціравала дзеяньні пілётаў у няслушны бок, паведамляе ВВС.
Гаворка ідзе аб праграме, якая дапамагала пілётам «падрульваць» самалёт, карэктуючы яго пазыцыю ў паветры і накіроўваючы зьлёгку ўніз. Яна называецца «Паляпшэньне характарыстык сыстэмы манэўраваньня» — Maneuvering Characteristics Augmentation System (MCAS).
10 сакавіка самалёт Boeing 737 Max 8 авіякампаніі Ethiopian Airlines, які выконваў рэйс з Адыс-Абебы ў Найробі, пацярпеў крушэньне ў 60 км на ўсход ад сталіцы Этыёпіі. Авіякатастрофа забрала жыцьці 157 чалавек, сярод якіх былі грамадзяне 35 краінаў.
Гэтая катастрофа стала другім крушэньнем самалёту гэтага тыпу за паўгоду — у канцы кастрычніка 2018 года такі ж «Боінг» інданэзійскай кампаніі Lion Air зваліўся ў Яванскае мора неўзабаве пасьля вылету з аэрапорту Джакарты. Загінулі ўсе 189 чалавек на борце.
Расьсьледаваньне дзьвюх авіякатастроф пакуль ня скончылася, і канчаткова меркаваць аб тым, што менавіта прывяло да гібелі 346 чалавек, немагчыма.