Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці была БССР «Беларускай рэспублікай»? У Гістарычным музэі адкрылася выстава пра пэрыяд беларусізацыі


Адзін з экспанатаў выставы «1919. Беларуская! Рэспубліка»
Адзін з экспанатаў выставы «1919. Беларуская! Рэспубліка»
Бел-чырвона-белая афіша выставы падкрэсьлівае: рэспубліка была Беларуская!
Бел-чырвона-белая афіша выставы падкрэсьлівае: рэспубліка была Беларуская!

Нацыянальны гістарычны музэй у Менску адкрыў 27 сакавіка выставу «1919. Беларуская! Рэспубліка», прысьвечаную 100-годзьдзю абвяшчэньня ССРБ і 95-годзьдзю пачатку так званай беларусізацыі. Яе ладзіла тая ж каманда, што рабіла летась выставу да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Экспазыцыя дзейнічае да 12 траўня, на яе ня трэба дакупляць асобны квіток — дастаткова звычайнага музэйнага (7 рублёў за дарослага). Выстава, як і музэй, працуе з 11-й да 19-й гадзіны.

Там паказваюць, што ў БССР беларусам было добра?

Дасьледнік гісторыі міжваеннага часу і аўтар Telegram-каналу «Беларускі піонэр» Уладзімер Садоўскі (савецкія плякаты зь ягонай калекцыі вісяць у калідоры музэю) кажа Свабодзе, што на выставе і ня ставілі мэтаю паказаць усю гісторыю і ўсе аспэкты існаваньня дзяржавы — акцэнт зроблены на абвяшчэньне, першыя гады існаваньня савецкай рэспублікі, «нацыянал-камунізм». Заяўленую тэму раскрылі добра, мяркуе ён, але згадалі таксама іншыя аспэкты, у тым ліку бальшавіцкія рэпрэсіі.

Цэнтральны стэнд у форме сэрца, пад якім – кароткі аповед пра гісторыю Беларусі
Цэнтральны стэнд у форме сэрца, пад якім – кароткі аповед пра гісторыю Беларусі

​«Гэты час, міжваенны, цяпер у масавай сьвядомасьці збольшага зьвязаны з рэпрэсіямі, — адзначае Садоўскі. — Але, на маю думку, ён зьвязаны ня толькі зь імі. Беларусізацыя 1920-х і нацыянальны ўздым — гэта таксама цікавая тэма.

Большасьць дзеячоў, якія стваралі літаратуру, мастацтва, архітэктуру і ўсё астатняе, былі падбітыя на ўзьлёце. І ня толькі 1937 годам, але яшчэ з 1929–1930 гадоў, калі была справа „Саюзу вызваленьня Беларусі“ прыдуманая».

Кароткія зьвесткі пра лёсы чальцоў беларускага руху
Кароткія зьвесткі пра лёсы чальцоў беларускага руху

На выставе, рэзюмуе ён, паказаныя пераважна «сьветлыя бакі», але і тое, «да чаго ўсё прыйшло».

Арганізатар: «Гэта не адбельваньне камуністаў»

Адзін з куратараў праекту Аляксандар Зімніцкі ня згодны з тым, што на выставе паказваюць «сьветлы бок БССР», ён упэўнена заяўляе: «Гэта ня ёсьць адбельваньнем камуністаў».

Межы ССРБ, ЛітБелССР і БССР малявалі, не пытаўшы беларусаў
Межы ССРБ, ЛітБелССР і БССР малявалі, не пытаўшы беларусаў

«Хутчэй мы ставілі перад сабой задачу паказаць беларускую сутнасьць БССР у першае дзесяцігодзьдзе яе існаваньня — тое, што сканцэнтравана ў другой частцы назвы, 95-годзьдзе абвяшчэньня беларусізацыі, — тлумачыць ён. — Гэта выстава пра тое, якой магла быць Беларуская Рэспубліка.

Калі гэтыя людзі, „БНР-аўцы“ і „БССР-аўцы“, пачыналі ў свой час у „Нашай Ніве“, яны фактычна былі адным пакаленьнем. У пэўны момант іхныя шляхі разышліся: адны абвесьцілі БНР, іншыя крыху пачакалі, але абвешчаная БНР ім дазволіла пасьля актывізавацца, каб пасьля абвясьціць БССР. І нават тое, што шматлікія дзеячы БНР пасьля вярталіся ў БССР, паказвае, што гэта была рэалізацыя іхнае мары. У пачатку стагодзьдзя гэта была яшчэ толькі мара, а тут яны ўжо будавалі беларускую дзяржаву».

Выстава ня толькі пра БССР. Згадваецца і БНР, і разагнаны бальшавікамі І Усебеларускі зьезд 1917 году
Выстава ня толькі пра БССР. Згадваецца і БНР, і разагнаны бальшавікамі І Усебеларускі зьезд 1917 году

Ён падкрэсьлівае, што на выставе была нададзеная вялікая ўвага пэрсаналіям і БССР, і БНР, іхным лёсам. Увагу наведніка спрабавалі акцэнтаваць і на тым, што прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху былі ці расстраляныя, ці арыштаваныя і сасланыя: «Курапаты ўраўнялі ўсіх».

Асобны стэнд — пра Слуцкі збройны чын, антысавецкае паўстаньне 1920 году
Асобны стэнд — пра Слуцкі збройны чын, антысавецкае паўстаньне 1920 году

Выстава, дадае ён, разьлічаная ня толькі на гісторыкаў (якія там ужо адзначылі некаторыя цікавыя моманты), але і на незаангажаванага наведніка: стараліся зрабіць максымум мастацкіх разьвязаньняў, інсталяцыяў, коміксаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG