Кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў у інтэрвію Свабодзе тлумачыць, чаму антырасейскае паўстаньне 1863–1864 гадоў на беларускіх землях варта лічыць выступам за незалежнасьць менавіта Беларусі.
У беларускіх падручніках расейскай літаратуры для 8-й клясы, выдадзеных у 2018 годзе, паўстаньне Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў назвалі «польскім». Навучальны дапаможнік выдадзены навукова-мэтадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» і дапушчаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін выказаўся ў абарону гэтай тэорыі ў сваім акаўнце ў фэйсбуку і таксама назваў Каліноўскага «польскім патрыётам».
Свабода распытала кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава, ці можна лічыць польскім паўстаньне 1863–1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
За што паўсталі
Паўстаньне 1863–1864 гадоў — збройны выступ нацыянальна-рэвалюцыйных сілаў на частцы земляў былой Рэчы Паспалітай (сучасныя Польшча, Беларусь, Літва, Латвія й частка Ўкраіны) супраць расейскага панаваньня й за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году.
Кіраўнікі паўстаньня — беларусы
Паўстаньне Каліноўскага ня мела свайго кіраўніцтва на тэрыторыі Польшчы, усе кіраўнікі былі беларусамі і такімі сябе вызначалі, кажа гісторык Ігар Мельнікаў:
«Удзельнікі паўстаньня — беларусы. І шляхта, і сяляне. Ніхто з Польшчы не прыяжджаў кіраваць гэтым паўстаньнем. Валеры Ўрублеўскі, Кастусь Каліноўскі — ураджэнцы Беларусі, якія змагаліся супраць прыгону на беларускай тэрыторыі».
Баявыя дзеяньні адбываліся на тэрыторыі Беларусі
Усе дзеяньні адбываліся на тэрыторыі Беларусі, а пасьля здушэньня паўстаньня тут разгарнуліся рэпрэсіі.
«Гэтае выступленьне ўзмацніла ціск менавіта на Беларусь, не на Польшчу. Фактычна царская расейская ўлада баялася праяваў нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Вельмі жорсткае было здушэньне паўстаньня», — кажа Мельнікаў.
Мэта — аднаўленьне шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай
Адна з мэтаў паўстаньня — аднаўленьне Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага) як «шматнацыянальнай дзяржавы».
«Каліноўскі ўжо ня памятаў часоў ВКЛ, але ўспрымаў ідэі Рэчы Паспалітай як шматнацыянальнай дзяржавы. Ішлося пра аднаўленьне першай Рэчы Паспалітай, якая была афіцыйна „абодвух народаў“, але там было шмат народаў. Гэтая дзяржава не пазыцыянавалася як польская. Гэта Рэч Паспалітая да падзелаў, у гістарычным, шматнацыянальным кантэксьце», — кажа Мельнікаў.
Каліноўскі пісаў па-беларуску
У вязьніцы Кастусь Каліноўскі пісаў свае знакамітыя «Лісты з-пад шыбеніцы» па-беларуску, беларускай лацінкай. Гэта таксама сьведчыць пра яго нацыянальную прыналежнасьць, кажа Мельнікаў:
«На той час толькі пачынаўся працэс стаўленьня беларускай сьвядомасьці. І ўсе лісты былі напісаныя Каліноўскім беларускай лацініцай. Паўстаньне было спробаю аднавіць ВКЛ. Гэта адзін з крокаў да фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці, які пасьля прывёў да зьяўленьня БНР».
У БССР Каліноўскага ўвялі ў пантэон нацыянальных герояў
У міжваенны і пасьляваенны пэрыяд у БССР Кастуся Каліноўскага ўвялі ў пантэон беларускіх герояў, кажа гісторык.
«Савецкая ўлада Каліноўскага ніколі не лічыла адэптам польскай нацыянальнай ідэі. Яго зрабілі лідэрам нацыянальнага пантэону. Яго імем назвалі вуліцу ў Менску, зрабілі стэлу, і гэта было не ў 1990-я гады».
Паводле Мельнікава, паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага зрабілі «польскім» гісторыкі царскай Расеі, каб выкараніць беларускія нацыянальныя ідэі на падкантрольнай тэрыторыі. Цяпер гэтую лінію працягваюць сучасныя расейскія гісторыкі, лічыць Мельнікаў.