Ў Эўрапейскім Зьвязе забароняць продаж плястыкавага посуду з 2021 году. Свабода паглядзела, чым можна яго замяніць, і даведалася, калі гэтую ініцыятыву падтрымае Беларусь.
Што адбылося
27 сакавіка Эўрапарлямэнт ухваліў законапраект, накіраваны на скарачэньне колькасьці сьмецьця з плястыку. Ён набудзе моц пасьля ўхваленьня Эўрапейскай Радай.
З 2021 году ў ЭЗ будзе забаронена выкарыстоўваць аднаразовыя вырабы — у прыватнасьці, плястыкавы посуд, ватныя касмэтычныя палачкі, саломінкі для піцьця, — якія можна вырабляць зь іншых матэрыялаў. З 2024 году плястыкавыя бутэлькі будуць прадаваць толькі з прымацаванымі накрыўкамі, каб іх можна было выкарыстоўваць шматкроць.
Чым замяніць
Канцэпцыя ЭЗ скіраваная на замену аднаразовага посуду шматразовым. Напрыклад, плястыкавыя кубачкі замяняюць на шматразовыя парцалянавыя (фарфоравыя), расказвае дырэктар Цэнтру экалягічных рашэньняў Яўген Лабанаў.
«Плястык — не крытычна неабходны. Мяшалкі для кавы ці гарбаты можна зрабіць драўлянымі. Гэта стымулюе бізнэс выводзіць альтэрнатывы на рынак. У Менску ёсьць ужо кавярні, якія прапануюць мэталёвыя саломіны для напояў, якія пасьля проста можна памыць. Кубачкі для кавы ці гарбаты, нават папяровыя, маюць частку з плястыку, якую пасьля цяжка перапрацоўваць. Цяпер становіцца папулярным браць свае шматразовыя кубкі з сабой», — расказвае Яўген Лабанаў.
Рашэньне Эўразьвязу прапануе мяняць падыходы да праблемы, дадае Яўген Лабанаў:
- плястыкавыя кубачкі можна замяніць на парцалянавыя
- плястыкавыя талеркі — на парцалянавыя
- мяшалкі — на драўляныя
- саломінкі — на мэталічныя
Чым шкодны плястык
Паводле ААН, у акіяне ў 2016 годзе было 300 мільёнаў тон плястыку. Менш за 15% вырабленага плястыку перапрацоўваецца, астатні папаўняе звалкі і акіян. Калі тэндэнцыя выкарыстаньня плястыку захаваецца, то да 2050 году яго будзе ў акіяне больш, чым рыбы. Асноўная крыніца плястыкавага забруджваньня акіяну — бутэлькі, посуд, накрыўкі. У акіяне ёсьць ужо плывучы востраў з аднаго плястыку, плошчай больш за мільён квадратных кілямэтраў.
Рыбы і марскія жывёліны ня здольныя адрозьніць плястык ад ежы, яны яго ядуць і гінуць.
А што Беларусь
Беларусь выхаду да акіяну і мора ня мае, але плястык трапляе ў рэкі, дзе таксама шкодзіць жывым арганізмам, па гэтых рэках ён плыве ў Сусьветны акіян.
Як паведаміла карэспандэнту Радыё Свабода прэс-сакратарка Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Алена Меляшкова, у Беларусі цяпер вывучаюць сусьветны досьвед і плянуюць пераходзіць на шкляныя пляшкі замест плястыкавых.
«Мы вывучаем досьвед розных краін. Існуе канцэпцыя: людзі мусяць самі адмаўляцца ад таго, што нельга выкарыстаць паўторна. Мы бярэмся інфармаваць людзей, каб яны адмаўляліся да плястыкавых пакетаў на карысьць экалягічных», — сказала прадстаўніца Мінпрыроды.
25 студзеня Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне адмовіцца ад плястыкавых бутэлек і замяніць іх шклянымі. Але на паліцах крамаў пакуль нічога не зьмянілася. Плянаў адмовы ад аднаразовага плястыкавага посуду пакуль таксама няма.