Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бітва ў Воршы» і «пагроза ў нас саміх». 20 цытатаў Лукашэнкі з Баранавічаў


На фоне: Баранавіцкі лядовы палац, фота — Сяргей Платоненка
На фоне: Баранавіцкі лядовы палац, фота — Сяргей Платоненка

22 сакавіка Аляксандар Лукашэнка выступіў перад «актывам» Баранавічаў і Баранавіцкага раёну падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць. Свабода прыводзіць ягоныя выказваньні паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Пра Баранавічы

  • «Баранавічы — горад асаблівы. Трэба мець на ўвазе, што ён знаходзіцца на скрыжаваньні ўсіх дарогаў і шляхоў, у тым ліку галоўнай нашай магістралі, якая ідзе з Кітаю на захад Эўропы. Сёньня ўжо так трэба казаць».
  • «Людзі павінны жадаць і мець магчымасьць жыць усюды ў Беларусі, у тым ліку ў Баранавічах».

Пра значнасьць Беларусі

  • «Трэба слова сказаць — і адразу пайшла хваля, пачынаючы зь Менску, на Ўсход, на Захад. Усе разглядаюць нас і так, і гэтак. Гэта натуральна, бо Беларусь стала эпіцэнтрам нашага рэгіёну ў сілу таго, што мы з вамі, сьціснуўшы зубы, вытрымалі ўсе нападкі, вытрывалі. Увесь сьвет сёньня глядзіць на Беларусь, пачынаючы з тых краін, якія знаходзяцца ў нашым рэгіёне — Нарвэгія, Швэцыя, Фінляндыя, заканчваючы далёкай дугой, афрыканскай».
  • «Усе ведаюць пра Беларусь, і многія разьлічваюць на тое, што Беларусь і тэхналягічна, і „мазгамі“ зможа аказаць ім адпаведную падтрымку. Мы ня супраць, але гэта каштуе грошай, за гэта трэба плаціць».

Пра эканоміку

  • «Адзіная небясьпека нашаму разьвіцьцю — ніякая не ідэалёгія, ніякія ня сродкі масавай інфармацыі, ні „прасунутыя“, ні традыцыйныя, ні інтэрнэт, самая вялікая небясьпека — у нас саміх».
  • «Ня трэба зацягваць паясы, ужо назацягваліся, досыць. Ня трэба людзей палохаць, трэба проста працаваць, забясьпечваючы сябе і сваю сямʼю, свой рэгіён і сваю дзяржаву».
  • «Лён вырабляем, малако... Сёньня няма такой на нафце рэнтабэльнасьці. На беларускай нафце, якую мы трохі прадаем, — найлепшая лёгкая нафта — мы там ня маем такой рэнтабэльнасьці».
  • «Мне паказьнікі не патрэбныя. Мне патрэбныя грошы. І ня мне, а вам».
  • «Калі нехта думае, што мы будзем плаціць заробкі тым, хто сёньня несур'ёзна працуе і зарабляе там 600-700 рублёў, як пішуць, а мы будзем даплочваць да 1100, то вы павінны разумець, за кошт каго. Мы што, павінны адабраць у кагосьці грошы, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!»

Пра выбарчыя кампаніі

  • «У гэтыя два гады мы будзем здаваць іспыт. Людзей крыўдзіць ні ў якім разе нельга, але і пускаць пыл у вочы таксама ім нельга».
  • «Будзем працаваць так, каб гэта засталося і пасьля перадвыбарчай кампаніі, каб нас людзі не папракнулі ў тым, што мы напярэдадні нейкіх палітычных падзеяў, перш за ўсё выбараў, нешта такое зрабілі, каб падсаладзіць людзям жыцьцё, а потым пра іх забудзем. Гэтага ніколі не было і ня будзе!»

Пра стан дарог

  • «Людзі правільна абураюцца. Пазаўчора зрабілі дарогу — яна развалілася. Гэта ня толькі настрой людзей, гэта іхны матэрыяльны дабрабыт — амаль кожны мае аўтамабіль. Яны ўклалі туды немалыя грошы і хочуць нармальнымі дарогамі праехаць».
  • «Увядзіце жалезабэтонную практыку: пабудаваў дарогу, будынак і іншае — гарантыйны тэрмін. Калі што-небудзь здарылася — ідзі і рабі сваім коштам. У нас усюды з гэтым праблема».

Пра аўральнае «навядзеньне парадку» ў горадзе перад ягоным прыездам

  • «Гэта натуральна. У сілу асаблівасьцяў майго характару я не цярплю, калі нехта ў госьці прыяжджае і ў хаце не прыбрана. Гэта элемэнтарна. Таму тыя, хто пакутуе і крытычна ставіцца, хай не пакутуе. Яны таксама, калі госьць прыяжджае, прыбіраюць, падмятаюць».
  • «А тыя, хто заклікае мяне прыяжджаць сюды хоць бы адзін раз у год — тады тут навядуць парадак — памыляюцца. Пасьля майго прыезду вы самі будзеце наводзіць парадак, будзеце ўтрымліваць горад у такой жа чысьціні, як я ўбачыў сёньня, а вы бачыце ўжо некалькі дзён».
  • «Я вельмі баюся, што вы марнуеце на гэта лішнія грошы. Ні ў якім разе нельга марнаваць грошы на гэта — людзі павінны прыбіраць самі. Так, калі вуліцу, асфальт падрамантаваць і іншае — які чалавек гэта будзе рабіць? Гэта ўжо мы, дзяржава, павінны адказваць. Нам людзей папракаць няма за што».
  • «Калі мы арганізуем, нашы людзі адгукаюцца з задавальненьнем. Беларусы — гэта ўсё ж такі акуратны народ. Яны ганарацца чысьцінёй свайго гораду, сваёй вёскі, але трэба арганізаваць, трэба папрасіць іх. Трэба іх прыцягнуць да гэтага».

Пра адстаўкі ва ўрадзе ў выніку паездкі ў Воршу

  • «У Воршы быў цяжкі досьвед. Там мы страцілі практычна палову ўраду. Не хацелася б, каб гэта здарылася і ў Берасьцейскай вобласьці».

Пра пасяўную

  • «Няма сэнсу дакладаць аб гераізме ў часе пасяўной кампаніі. Пасеем. Гэта не пытаньне».

Пра перапрацоўку сьмецьця

  • «Я сам калісьці, абдумваючы гэтае пытаньне, прыйшоў да адназначнай высновы: калі б мы рупліва падыходзілі да гэтых рэсурсаў, мы б на 50% былі багацейшымі. Гэта значыць, мы сябе зьбядняем напалову».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG