Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое надвор’е будзе на Дзень Волі ў Менску і Горадні


Белгідрамэт пужае менчукоў дажджом 24 сакавіка, замежныя мэтэаролягі зь ім не згаджаюцца.​ У Горадні 23 сакавіка будзе цяплей, дажджу не абяцаюць.

Сьвяткаваньне 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі пачнецца ў суботу з канцэрту ў Горадні, працягнецца ў нядзелю канцэртам у Менску, а сам дзень падпісаньня Трэцяй Устаўной граматы — панядзелак, 25 сакавіка.

Глядзім, якое надвор’е прагназуе Белгідрамэт па стане на 21 сакавіка.

Субота, 23 сакавіка, Горадня

Зранку ў суботу будзе сонечна, але яшчэ прахалодна — +1...+3°C. Удзень, калі пачнецца канцэрт у Калоскім парку, будзе ўжо +10...+12, але неба пад вечар зацягнуць хмары. Дажджоў не прагназуюць, але ўвечары вільготнасьць дасягне 95%. Вецер удзень прагназуюць у 5–7 м/с.

Падобны прагноз даюць Weather.com (+12, зьменная хмарнасьць, але збольшага сонечна пад вечар) і Accuweather (+13, зьменная хмарнасьць, «ня так ужо і халодна»).

Нядзеля, 24 сакавіка, Менск

Наведнікам сталічнага канцэрту, які заплянавалі ў Кіеўскім сквэры, пашанцуе меней, калі верыць Белгідрамэту. Ад раніцы магчымы дождж і +4...+6, удзень магчымы дождж і +8...+10, вецер у 7–9 м/с з парывамі да 15 м/с. Пад вечар прагназуюць, што ападкі скончацца.

Праўда, замежныя крыніцы даюць больш аптымістычны прагноз. Паводле Weather.com і Accweather, варта чакаць +10 і зьменную хмарнасьць без дажджоў.

Панядзелак, 25 сакавіка

  • Берасьце: +6...+8, хмарна.
  • Віцебск: +6...+8, хмарна.
  • Гомель: +7...+9, хмарна.
  • Горадня: +6...+8, зьменная хмарнасьць, магчымы дождж.
  • Менск: +5...+7, хмарна.
  • Магілёў: +6...+8, хмарна.

Пераважна ў краіне прагназуюць хмарнае надвор’е і +5...+9 удзень. Дажджы магчымыя ўдзень у Лідзе, увечары ў Бабруйску, Ваўкавыску, Лунінцы, Салігорску, Слуцку ды іншых гарадах. У Маладэчне ўвечары магчымы мокры сьнег.

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG