21 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску з апошнім словам выступіў былы дырэктар менскага Палаца спорту Сяргей Прановіч. Пракурор папрасіла прызначыць яму пакараньне ў выглядзе 11 гадоў калёніі.
Як паведамляе Tut.by, 58-гадовага Прановіча судзяць за атрыманьне хабараў і махлярства. Расьсьледаваньне вёў КДБ, там прыйшлі да высновы, што ён 6 гадоў займаўся паборамі — усяго выяўлена амаль 178 выпадкаў на суму прыкладна 78 тысяч рублёў.
Падчас працэсу пракурорка тры гадзіны зачытвала, як яму штомесяц давалі хабар танцавальныя клюбы, арганізатары выставаў сабак і канцэртаў замежных выканаўцаў, прадстаўнікі выставачных кампаній.
На першым паседжаньні Прановіч сказаў суду, што з абвінавачваньнем згодны часткова. Празь месяц судовага сьледзтва яму далі апошняе слова.
«Я ўсьвядоміў сваю віну і раскайваюся ў зробленым. З улікам свайго ўзросту і стану здароўя прашу суд не караць мяне строга і дазволіць узяць удзел у выхаваньні маленькага дзіцяці», — на гэтых словах ягоны голас абарваўся.
Перад гэтым пракурор Алена Крупеніна папрасіла суд прызнаць яго вінаватым ва ўсіх эпізодах і прызначыць пакараньне — 11 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Плюс штраф у 300 базавых велічынь (7650 рублёў) і забарона на працягу 5 гадоў займаць пэўныя пасады.
Вырак маюць абвясьціць 29 сакавіка.