Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачку Назарбаева абралі сьпікерам Сэнату Казахстану

абноўлена

55-гадовая Дарыга Назарбаева да гэтага ўзначальвала камітэт міжнародных справаў, абароны і бясьпекі Сэнату
55-гадовая Дарыга Назарбаева да гэтага ўзначальвала камітэт міжнародных справаў, абароны і бясьпекі Сэнату

Дарыга Назарбаева, старэйшая дачка прэзыдэнта Казахстану, стала сьпікерам верхняй палаты парлямэнту — Сэнату.

Такое рашэньне дэпутаты прынялі на пасяджэньні Сэната пасьля таго, як Касым-Жамарт Такаеў, які 20 сакавіка пачаў выконваць абавязкі прэзыдэнта Казахстану, склаў з сябе паўнамоцтвы сьпікера Сэнату і прапанаваў на гэтую пасаду кандыдатуру дачкі Назарбаева.

55-гадовая Дарыга Назарбаева дагэтуль узначальвала камітэт міжнародных справаў, абароны і бясьпекі Сэнату. Раней яна працавала намесьнікам прэм’ер-міністра.

Дарыга Назарбаева прыняла віншаваньне ад Касым-Жамарта Такаева, які 20 сакавіка быў прыведзены да прысягі ў якасьці другога прэзыдэнта Казахстану, і падзякавала калегам, паабяцаўшы прыкласьці «усе свае веды і ўменьні» для дасягненьня пастаўленых яе бацькам задачаў.

«Я глыбока ўсьведамляю ролю парлямэнту ў палітычным і грамадзкім жыцьці краіны, асабліва ў гэты пераломны момант нашай гісторыі. Нашым елбасы („лідэр нацыі“ — тытул, заканадаўча замацаваны за першым прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым. — РС) пастаўленыя маштабныя задачы ў мадэрнізацыі грамадзтва, ўзмацненьні сацыяльнай падтрымкі і абароны сацыяльна неабароненых пластоў грамадзтва», — сказала Дарыга Назарбаева.

Палітычная кар’ера старэйшай дачкі

Дарыга Назарбаева раней займала пасады намесьніцы старшыні Мажылісу (ніжняя палата парлямэнту — РС) і віцэ-прэмʼера. У яе палітычнай карʼеры быў пяцігадовы перапынак, падчас якога яна практычна выпала з публічнага поля. Яна пакінула палітыку ў 2007 годзе на фоне падзеяў, зьвязаных зь яе мужам Рахатам Аліевым, якога абвінавацілі ў шэрагу крымінальных злачынстваў, у тым ліку выкраданьні, затым у забойстве людзей і нават у спробе дзяржаўнага перавароту (Аліева знайшлі мёртвым у аўстрыйскай турме ў 2015 годзе).

У 2012 годзе старэйшая дачка Назарбаева прайшла ў Мажыліс у сьпісе прэзыдэнцкай партыі «Нур Отан» і ўзначаліла камітэт сацыяльна-культурнага разьвіцьця. У красавіку 2014 году дэпутаты Мажылісу абралі Дарыгу Назарбаеву намесьніцай старшыні ніжняй палаты парлямэнту. Таксама аднагалосна.

У верасьні 2015 году Дарыга Назарбаева была прызначаная на пасаду віцэ-прэмʼера. У гэтым статусе Назарбаева суправаджала свайго бацьку ў часе ягонага візыту ў Лёндан, дзе іх прымала брытанская каралева Лізавета II у Букінгемскім палацы. Праз год яна стала дэпутаткай Сэнату.

Імя Дарыгі Назарбаевай фігуравала ў «Панамскім архіве», заснаваным на працёках дакумэнтаў аб афшорах зь юрыдычнай кампаніі Mossack Fonseca. У 2018 годзе журналісты называлі Назарбаеву ўладальніцай афшорнай кампаніі, зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх выспах. Паводле Міжнароднага кансорцыюму журналістаў-дасьледнікаў (ICIJ), Dariga N. Nazarbayeva з 2007 па 2012 год была суўладальніцай афшорнай кампаніі Asterry Holdings LTD. У матэрыялах Mossack Fonseca згадвалася прозьвішча старэйшага сына Дарыгі Назарбаевай, Нуралі Аліева, які незадоўга да скандалу вакол афшору пакінуў пасаду намесьніка акіма (кіраўніка) Астаны. Нуралі Аліеў і Дарыга Назарбаева ніяк не пракамэнтавалі наяўнасьць сваіх пэрсанальных зьвестак сярод меркаваных уладальнікаў афшорных рахункаў.

У Дарыгі Назарбаевай, паводле адкрытых крыніцаў, трое дзяцей — двое сыноў і адна дачка. Згаданы ў «Панамскім архіве» Нуралі Аліеў жанаты з дачкой старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Берыка Імашава. Другі яе сын Айсултан Назарбаеў у апошнія месяцы не зьяўляецца на публіцы — ён зьнік неўзабаве пасьля публікацыі паста-прызнаньня на старонцы ў Facebook пад акаўнтам Aisultan Nazarbayev, у якім гаварылася, што ўнук прэзыдэнта прызвычаіўся да наркотыкаў, лячыўся ад залежнасьці і працягвае змагацца зь ёй.

Дачка Дарыгі Назарбаевай Вэнэра летам мінулага году выйшла замуж за юрыста Далена Чайжунусава. Да замужжа Вэнэра пасьпела паспрабаваць сябе ў творчых праектах: яна сьпявала на рэтра-фэсьце «Алма-Ата, маё першае каханьне», які праходзіў пад патранажам яе маці, і выканала невялікую ролю дачкі пастуха ў фільме «Байканур».

Вясельлі Назарбаевых — ад Сары да Вэнэры

У 1990-х Дарыга Назарбаева ўзначальвала тэлеканал «Хабар». Яна ініцыятарка правядзеньня Эўразійскага мэдыяфоруму, які крытыкуецца праваабаронцамі за замоўчваньне сытуацыі са свабодай слова ў Казахстане. Назарбаева ўзначальвала партыю «Асар», якая ў 2006 годзе зьлілася з прэзыдэнцкай партыяй «Отан», пазьней пераназванай у «Нур Отан».

У Нурсултана Назарбаева і Сары Назарбаевай тры дачкі. Сярэдняя, Дынара Кулібаева, зьяўляецца найбагацейшай жанчынай у Казахстане паводле Forbes. Амэрыканскае выданьне ацэньвае капітал Кулібаевай у 3,2 мільярда даляраў. Малодшая дачка першага прэзыдэнта Алія ўзначальвае абʼяднаньне юрыдычных асобаў (ОЮЛ) «Асацыяцыя экалягічных арганізацыяў Казахстану», яна прадуцэнт кінафільмаў. Летась Алія Назарбаева атрымала прэмію ад свайго бацькі за фільм «Дарога да маці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG