Парлямэнт Казахстану ў сераду адзінагалосна ўхваліў адразу ў двух чытаньнях папраўку ў Канстытуцыю краіны, якая дазваляе перайменаваць сталіцу дзяржавы Астану ў Нурсултан. Зараз дакумэнт павінен падпісаць прэзыдэнт.
Напярэдадні прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў заявіў у звароце да нацыі, што склаў паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. На пасаду часова выконваючага абавязкі прэзыдэнта краіны ўступіў старшыня Сэнату Касым-Жамарт Такаеў.
Такаеў заявіў, што сталіца Казахстана павінна называцца Нурсултан, і што Назарбаеў застанецца «адзіным і пажыцьцёвым» нацыянальным лідэрам.
Пераймяноўваць гарады ў Казахстане можна без рэфэрэндумаў, але дзеля сталіцы давялося мяняць Канстытуцыю. Зьмены ў галоўны закон Казахстану маюць уносіцца толькі праз рэфэрэндумы, а Такаеў, хоць і мае званьне прэзыдэнта (а не выканаўцы абавязкаў), ня мае права ініцыяваць рэфэрэндумы да таго, як пройдуць выбары.
Але Такаеў вырашыў мяняць назву сталіцы ў Канстытуцыі без рэфэрэндуму, а Канстытуцыйная рада Казахстану (у якую цяпер уваходзіць Назарбаеў) пагадзілася зь ім.
Што значылі ранейшыя назвы сталіцаў Казахстану
У межах «дэсаветызацыі» або зьмены правапісу з пачатку 1990-х у Казахстане ўжо перайменавалі ня менш за паўтара дзясятка гарадоў, у тым ліку зьмяніла назву ранейшая сталіца — была Алма-Ата (расейская памылковая форма, некарэктная ў казаскай мове), у 1993 годзе горад стаў называцца гістарычнай назвай Алматы (што значыць «яблыневы»).
У 1997 годзе Назарбаеў перанёс сталіцу адтуль у Акмалу («белая сьвятыня», або «белая магіла»), якую праз паўгода перайменаваў у Астану (па-казаску «сталіца»). Нурсултан — асабістае імя, якое складаецца з арабскіх словаў «сьвятло» і «ўлада».
Назвы гораду мяняліся так:
- 1832 — прыказ Акмалінскі (як казачы фарпост ва ўрочышчы Акмала);
- 1863 — Акмалінск (як горад);
- 1961 — Цалінаград;
- 1992 — Астана;
- 2019 — Нурсултан.