Рашэньне ўладаў Беларусі не запрашаць дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў краіне 26 студзеня «выклікае глыбокае шкадаваньне і перашкаджае бесстароньняй і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу», гаворыцца ў апублікаванай 9 студзеня сумеснай заяве Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) і Парлямэнцкай асамблеі (ПА) АБСЭ.
«Я глыбока шкадую аб рашэньні беларускіх уладаў не запрашаць дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ праз БДІПЧ для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца, пазбаўляючы грамадзян краіны празрыстай і поўнай ацэнкі ўсяго працэсу», — заявіла дырэктарка БДІПЧ Марыя Тэлялян.
Дырэктарка БДІПЧ АБСЭ адзначыла, што гэтае рашэньне «падкрэсьлівае нежаданьне беларускіх уладаў запрашаць іншыя дзяржавы АБСЭ для назіраньня і прадстаўленьня незалежнага меркаваньня аб тым, ці праводзяцца выбары ў адпаведнасьці з абавязаньнямі АБСЭ і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі».
У заяве падкрэсьліваецца, што ў апошнія месяцы БДІПЧ АБСЭ «рабіла намаганьні для ўзаемадзеяньня зь беларускімі ўладамі ў пытаньні запрашэньня да назіраньня».
«Да дня выбараў засталося менш за тры тыдні, аднак БДІПЧ не змагло назіраць за ключавымі этапамі працэсу», — гаворыцца ў заяве.
Кіраўніца ПА АБСЭ Пія Каўма, у сваю чаргу, адзначыла, што «беларускі ўрад чарговы раз вырашыў праігнараваць «сваё абавязаньне краіны, якая падпісала Капэнгагенскі дакумэнт 1990 году, запрашаць назіральнікаў зь іншых дзяржаў-удзельніц АБСЭ на свае выбары».
«Адсутнасьць супрацоўніцтва з боку Беларусі яшчэ больш падрывае дух даверу, на якім заснаваная АБСЭ, а адсутнасьць празрыстасьці яшчэ больш падрывае веру ў выбарчую сыстэму Беларусі», — заявіла яна.
У арганізацыі заўважылі, што гэта ўжо трэці раз пасьля правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, калі БДІПЧ ня можа назіраць за выбарамі ў Беларусі праз адсутнасьць своечасовага запрашэньня. «Хоць БДІПЧ ня будзе назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца, Бюро працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі ва ўсіх галінах, якія ахоплівае яго мандат», — падкрэсьліваецца ў заяве.
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Беларусь не запрашала назіральнікаў БДІПЧ на прэзыдэнцкія выбары 2020 году і парлямэнцкія выбары 2024 году. На ранейшыя выбары назіральнікаў БДІПЧ запрашалі, у сваіх справаздачах місіі не прызнавалі выбары дэмакратычнымі.
- У верасьні 2024 году міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў, што сумняецца ў неабходнасьці запрашаць на прэзыдэнцкія выбары 2025 году назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ. «Ведаеце, калі прыяжджаюць назіральнікі, яны ўжо настроеныя адпаведным чынам, ужо прайшлі „абкатку“, як на што глядзець. І калі ўжо самой арганізацыі зададзены нейкія наратывы, якія трэба ўбачыць ці як адлюстраваць Беларусь, навошта нам такое назіраньне?» — заявіў ён.
- Аляксандар Лукашэнка 3 студзеня заявіў, што дапускае запрашэньне на прэзыдэнцкія выбары заходніх назіральнікаў.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум