Любыя крокі па разьвіцьці саюзнай дзяржавы і ЭАЭС павінны прадпрымацца толькі пры захаваньні сувэрэнітэту краіны і няўхільна ўлічваць яе нацыянальныя інтарэсы, заявіў старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце ў пятніцу.
«Хачу зьвярнуць увагу на актуальнасьць пытаньняў суадносінаў нацыянальнага і наднацыянальнага права з улікам далейшага ўдасканаленьня права Эўразійскага эканамічнай саюзу і саюзнага будаўніцтва Беларусі і Расеі. Гэта новая функцыя і Нацыянальнага сходу, і Канстытуцыйнага Суду», — сказаў Міхаіл Мясьніковіч. Яго словы прыводзяцца ў паведамленьні прэс-службы верхняй палаты парлямэнту.
«Мы лічым, што любыя крокі па разьвіцьці нашых ключавых інтэграцыйных абʼяднаньняў — Саюзнай дзяржавы і ЭАЭС — павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці», — заўважыў Мясьніковіч.
«Пры гэтым няўхільным павінен заставацца прынцып кансэнсусу ў прыняцьці рашэньняў аб прасоўваньні па шляху саюзнага будаўніцтва і ўліку нацыянальных інтарэсаў», — цытуе сьпікера Інтэрфакс.
Спрэчка паміж паслом Расеі Бабічам і прэс-сакратаром Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатолем Глазам адбылася пасьля інтэрвію расейскага дыплямата агенцтву «РИА Новости».
Завочна адказваючы на заявы Аляксандра Лукашэнкі, Міхаіл Бабіч згадаў, што беларускія партнэры «паставілі пытаньні і аб унутрырасейскіх цэнах на газ, аб кампэнсацыі падатковага манэўру, павелічэньні аб’ёмаў атрыманьня субсыдыяў з расейскага бюджэту для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў нароўні з расейскімі...». Ён таксама адзначыў, што «ня трэба вучыць Расею і яе ўрад, як жыць, пагатоў ахвочых у сьвеце і так хапае».
Прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз парэкамэндаваў паслу «больш часу прысьвяціць таму, каб паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
«Часам такі стыль працы дае значна большы вынік, чым апрабаваньне на сабе зусім нехарактэрнай для сур’ёзнай расейскай дыпляматычнай школы ролі адэпта "публічнай дыпляматыі". На мой погляд, за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай. Думаю, у бліжэйшы час нашым партнэрам будуць дадзеныя дэталёвыя адказы на заявы спадара амбасадара», — заявіў Анатоль Глаз.
У адказ Бабіч назваў пазыцыю прэсавага сакратара МЗС Беларусі «балбатнёй».
Статс-сакратар, намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Грыгорый Карасін, камэнтуючы выказваньні прэс-сакратара МЗС Беларусі, які раскрытыкаваў амбасадара Расеі ў Менску Міхаіла Бабіча, адзначыў, што «мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
Міхаіл Бабіч у інтэрвію тэлеканалу «Россия 24» сказаў, што «гэта выпад далёка ня першы, чулі мы выпады і больш вострыя, больш рэзкія. Я ўпэўнены, што як працавалі, так і будзем працаваць», — сказаў ён.