Увечары 11 сакавіка ў Берасьці быў затрыманы мясцовы актывіст Віталь Казак. Яго завезьлі ў пастарунак, дзе зьвінавацілі ў парушэньні правілаў добраўпарадкаваньня і аштрафавалі.
Затрымлівалі Віталя Казака каля будоўлі «Прыбускага кварталу», дзе нядаўна былі выяўленыя парэшткі соцень расстраляных у часы акупацыі габрэяў.
510 рублёў штрафу (20 базавых велічыняў) Казак атрымаў за «разьмяшчэньне інфармацыйных матэрыялаў не рэклямнага характару, а менавіта фатаздымкаў людзей, у месцы, ня вызначаным мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі для іх разьмяшчэньня». Гэтым Казак парушыў правілы добраўпарадкаваньня, таму і быў аштрафаваны паводле часткі 2 артыкулу 21.14 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
ВІталь Казак паведаміў Свабодзе, што тымі інфармацыйнымі матэрыяламі былі плякаты каля будоўлі на месцы знойдзеных парэштак людзей.
«Вечная памяць» — «інфармацыйны матэрыял не рэклямнага характару»
«Зьмясьціў я плякаты, на якіх напісана „Вечная памяць“, і фатаздымкі мясцовых жыхароў, забітых у вайну. Побач былі і кветкі», — кажа Віталь Казак.
Гэтыя кветкі і плякаты Віталь Казак прынёс 11 сакавіка прыблізна а 18-й гадзіне, а пазьней прыйшоў паглядзець, ці не прыбралі іх. На месцы былі камунальнікі, якія і выклікалі на Віталя Казака міліцыю. Раней спадар Казак ускладаў вянкі каля гэтай будоўлі.
Казак лічыць, што «немаральна весьці будоўлю на касьцях забітых людзей».
«Пра месцы пахаваньняў ахвяраў нацызму я ведаю са словаў бабулі, мамы. Іхныя словы супадаюць з аповедамі іншых відавочцаў, — кажа Віталь Казак. — У мяне жывуць сябры ў цэнтры гораду, якія ведаюць, што ў скляпеньнях дамоў ёсьць косткі людзей, якіх не перапахавалі, што калектары цеплатрасаў пракладалі па гэтых костках, а потым уперамешку зь зямлёй засыпалі.
Натуральна, такія хамскія адносіны да памяці людзей мяне і кранаюць. Бо сёньня гэта косткі тых, хто тут жыў, а потым — косткі маіх знаёмых ці сваякоў… Я хачу, каб жыхарам гораду была аказаная пашана».
***
На рагу вуліцы Куйбышава і праспэкту Машэрава ў Берасьці пачалося ўзьвядзеньне жылога комплексу «Прыбускі квартал». Тут і адкапаў экскаватар парэшткі спачатку некалькіх чалавек, а потым пошукавы батальён выявіў ня меней за 700, і пошукі працягваюцца.
Гэтыя людзі былі расстраляныя ў часе нямецкай акупацыі, ідзецца пра ахвяраў Берасьцейскага гета.
Мастацтвазнаўца, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця мяркуе, што трэба забараніць будаўніцтва на месцы выяўленых парэштак і стварыць там мэмарыяльны парк у памяць аб 30 тысячах забітых берасьцейскіх габрэяў. Яна стварыла адпаведную пэтыцыю ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам.
Пад пэтыцыяй падпісаліся каля 700 чалавек.