Артыкул «Правілы жыцьця праваслаўнай фэміністкі, якая супраць абортаў і за любоў да мужчыны» выклікаў вялікія спрэчкі ў сацыяльных сетках.
Многія камэнтатары і камэнтатаркі пісалі пра тое, што пазыцыя Веры Сярдзюк не адпавядае базавым каштоўнасьцям фэмінізму.
На гэтыя закіды адказвае магістарка сацыяльна-пэдагагічных навук, паэтка і мастачка Маргарыта Тарайкевіч.
Ці існуе праваслаўны фэмінізм? Ці зьяўляецца матухна Вера Сярдзюк фэміністкай? — Не прэтэндуючы на абсалютнасьць, на першае пытаньне адкажу «не», на другое — «так».
Нямала праваслаўных жанчын, у тым ліку я, зьяўляюцца фэміністкамі. Але так гістарычна склалася, што такога кірунку як праваслаўны фэмінізм пакуль што няма. У адрозьненьне, напрыклад, ад ісламскага фэмінізму. (Хоць ёсьць, калі верыць Вікіпэдыі, хрысьціянскі фэмінізм).
Магчыма, праваслаўны фэмінізм неўзабаве і зьявіцца, і матухна Вера — першая ластаўка. Але гэта для мяне няважна, таму што для мяне наогул фэмінізм — гэта праваслаўна, па азначэньні. Таму што нясе праўду і справядлівасьць. І мне прыемна бачыць, што дэманізацыя свабоды наогул і фэмінізму ў прыватнасьці паступова сыходзяць з асяродку праваслаўных.
Магчыма, праваслаўны фэмінізм неўзабаве і зьявіцца, і м. Вера — першая ластаўка.
Як публічная фігура Вера Сярдзюк ў гэтым асяродзьдзі, на мой погляд, — зьява хоць і неадназначная, але станоўчая. Павестка якасьці жыцьця жанчыны, нармалізацыя актывізму жанчын, а таксама кантрацэпцыі як такой — усё гэта дорага каштуе, калі гаворка ідзе пра супольнасьці, у якіх дамінуе кансэрватыўны дыскурс.
Хоць і запазычаная ў каталікоў прапаганда «натуральнай кантрацэпцыі» выклікае пытаньні — яна лепш, чым ідэалёгія «нараджаць і нараджаць» разам з распаўсюджаным у нас культам пакутаў. Кароткачасовыя зносіны з матухнай Верай Сярдзюк у пралайфэрскім пікеце, у якім я аднойчы ўдзельнічала пад яе кіраўніцтвам у 2010 годзе, пакідае ўражаньне, што для яе важная якасьць жыцьця людзей, у тым ліку матэрыяльны ўзровень жыцьця. Зноў жа, трэба пабыць у нашым асяродзьдзі (прабачце за «праваслаўныя» панты), каб зразумець, што гэта ў некаторай ступені прамень сьвятла — не, ня ў цёмным царстве, але ў вельмі праблемных месцах, атручаных постсавецкім аўтарытарным разуменьнем праваслаўя.
Таму я надзвычай рада, што м. Вера Сярдзюк цяпер называе сябе фэміністкай. Я ня згодная з многімі зь яе поглядаў, але яе жыцьцялюбны настрой і дзейны аптымізм яе дзейнасьці дапамагае зжываць аўтарытарнасьць у царкоўным асяродзьдзі. Можна спрачацца пра тое, як суадносяцца яе тыя ці іншыя погляды з фэмінізмам. Але яшчэ больш правільна будзе спрачацца пра тое, у чым яна мае рацыю, а ў чым не. Бо фэмінізм — гэта і пра праўду і справядлівасьць наконт рэалій жыцьця жанчын і спосабаў яе палепшыць.
Мне даводзілася чуць розныя меркаваньні аб тым, якая жанчына ня можа быць фэміністкай: напрыклад, верніца, або недастаткова моцная, як некаму ўяўляецца, ці нават тая, якая не змагаецца з капіталізмам... Я — за інклюзыўнасьць вызначэньня. Для мяне фэміністкай зьяўляецца любая жанчына, якая такой сябе лічыць. Бо ў нас няма папессы або фэм-катэхізісу! Дарэчы, на мае ўражаньне, погляд на жыцьцё матухны Веры адрозьніваецца менавіта інклюзыўнасьцю. Яна не баіцца пераймаць чужое, іншае. Гэта аб’ядноўвае яе запазычваньне элемэнтаў каталіцкага погляду на кантрацэпцыю — зь яе нядаўняй дэклярацыяй свайго фэмінізму.
Ну а самая добрая навіна для мяне — у тым, што фэмінізм уваходзіць у праваслаўны дыскурс.
Некаторыя лічаць, што м. Вера мімікруе ці нават хлусіць. Калі б я так лічыла, то гэта б дало мне дадатковую падставу парадавацца за фэмінізм: калі ўжо пад яго даводзіцца мімікраваць, то значыць, ён стаў у вышэйшай ступені папулярным! Але, думаю, шлях м. Веры больш тыповы для асабістай эвалюцыі праваслаўнай жанчыны: у пэўны момант мы проста выяўляем, што важная частка нашых поглядаў супадае з фэміністкай павесткай, і ўсьведамляем, што слова на літару «ф» ня лаянкавае, што ў нас няма прычын ад яго дыстанцыявацца.
Ну, а самая добрая навіна для мяне — у тым, што фэмінізм уваходзіць у праваслаўны дыскурс. Спрэчка аб праваслаўным фэмінізьме — для мяне гэта найлепшы падарунак да 8 сакавіка!
Магістарка сацыяльна-пэдагагічных навук, паэтка і мастачка Маргарыта Тарайкевіч.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.