Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі будуць караць за непавагу да ўлады і фэйкавыя навіны як за хуліганства


Пасяджэньне Дзярждумы Расеі
Пасяджэньне Дзярждумы Расеі

Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў трэцім, канчатковым чытаньні законапраекты аб адказнасьці за непаважлівыя выказваньні ў адносінах да органаў улады, сымбаляў дзяржавы і грамадзтва і аб пакараньні за распаўсюд «фэйкавых» навін.

Паводле закону, інфармацыя, за распаўсюд якой прадугледжанае пакараньне, павінна ня толькі праяўляць відавочную непавагу да ўлады, але і «абражаць чалавечую годнасьць і грамадзкую маральнасьць».

Публікацыя пастоў, якія дэманструюць непавагу да ўлады, будзе прыроўненая да дробнага хуліганства. За першую такую публікацыю на працягу году пагражае штраф 30-100 тысяч рублёў, за другі — штраф да 200 тысяч рублёў або арышт да 15 сутак, далей прадугледжаны штраф у 300 тысяч рублёў або арышт.

У сваю чаргу, за публікацыю несапраўдных навінаў прапануецца штрафаваць на суму да 100 тысяч рублёў, службовых асоб —да 200 тысяч, юрыдычных — да паўмільёна. Пры паўторным парушэньні або пры стварэньні з-за распаўсюджваньня «фэйка» перашкод для работы аб’ектаў жыцьцезабесьпячэньня, прамысловасьці або банкаў штраф для юрыдычных асоб можа дасягаць паўтара мільёнаў рублёў.

Афіцыйна зарэгістраваныя сеткавыя СМІ атрымаюць магчымасьць апэратыўна выдаліць «фэйкавыя» паведамленьні і тым самым пазьбегнуць штрафу.

Законапраекты крытыкавалі праваабаронцы і журналісты, адзначаючы, што іх прыняцьце абмяжоўвае свабоду слова і паказваючы на няяснасьць крытэрыяў аднясеньня той ці іншай інфармацыі да разраду «фэйкавых». Дакумэнты таксама атрымлівалі нэгатыўныя водгукі ад шэрагу дзяржаўных ведамстваў, аднак урад у рэшце рэшт іх падтрымаў.

Дзярждума разглядае яшчэ адзін законапраект, прапанаваны тымі ж дэпутатамі, што і гэты — пра магчымасьць адключэньня расейскага сэгмэнту Інтэрнэту ад сусьветнага Сеціва. У нядзелю ў Маскве пройдзе ўзгоднены мітынг супраць яго прыняцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG