У рэйтынгу краінаў для гей-падарожжаў Index Gay Travel 2019 Беларусь заняла 137-е месца з 197 дзяржаваў і рэгіёнаў.
Кампанія Spartacus Travel склала чарговы рэйтынг стаўленьня насельніцтва розных краінаў да ЛГБТ-супольнасьці. Беларусь у ім заняла 137-е месца, што характарызуе краіну як небясьпечную для гей-падарожжаў. На аналягічнай пазыцыі ў рэйтынгу апынуліся такія краіны, як Бахрэйн, Бурундзі, Грэнада, Гвіяна, Кот-д’Івуар, Аман, Парагвай і Сьера-Леонэ.
Варта адзначыць, што яшчэ год таму ў рэйтынгу за 2018 год Беларусь займала 121-е месца.
Трыма найбольш прыязнымі да прадстаўнікоў ЛГБТ краінамі, паводле рэйтынгу, зьяўляюцца Канада, Партугалія і Швэцыя.
Найбольш небясьпечныя краіны для ЛГБТ-падарожжаў — Чачэнія (займае апошняе, 197-е месца ў рэйтынгу), а таксама Самалі, Саудаўская Арабія і Іран, дзе, як адзначаюць аўтары рэйтынгу, «гомасэксуалісты шырока перасьледуюцца і знаходзяцца пад пагрозай сьмерці».
Сярод постсавецкіх краін самымі небясьпечнымі краінамі для ЛГБТ-супольнасьці лічацца Туркмэністан (179-е месца), Узбэкістан і Расея (159-е месца).
Сярод краінаў-суседак Беларусі лепшыя месцы ў рэйтынгу занялі Літва (57-е месца) і Латвія (68-е). Украіна ў сьпісе заняла 95-ю пазыцыю, Польшча — 83-ю.
Рэйтынг складзены з выкарыстаньнем 14 крытэраў у 3 катэгорыях:
- грамадзянскія правы (ці дазволена геям і лесьбіянкам браць шлюб і ўсынаўляць дзяцей, ці існуюць антыдыскрымінацыйныя законы, правы трансгендэраў, ці аднолькавы ўзрост згоды прымяняецца як да гетэрасэксуальных, так і да гомасэксуальных параў);
- любыя віды дыскрымінацыі (рэлігійны ўплыў, абмежаваньні на паездкі для ВІЧ-інфікаваных, анты-гей-законы, крымінальная адказнасьць за гомасэксуалізм, забарона гей-прайдаў, варожасьць насельніцтва);
- што пагражае прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасьці (судовы перасьлед, забойствы і сьмяротныя прысуды).
МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам
- 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
- 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
- Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
- У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».