Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць дэмакратычныя краіны засьцерагчы свае выбары ад расейскага ўплыву


Карыкатура: інтэрнэт-троль
Карыкатура: інтэрнэт-троль

У Эўропе чакаюцца выбары ў Эўрапарлямэнт, ва Ўкраіне — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Ці могуць дэмакратычныя краіны засьцерагчы сябе ад расейскага ўплыву на выбары? Што зроблена і што трэба зрабіць?

Пра гэта Радыё Свабода гаворыць з супрацоўнікам амэрыканскага аналітычнага цэнтру «Атлянтычная рада» (Atlantic Council), які кіруе напрамак барацьбы з дэзінфармацыяй рабочай групы па ўкраінскіх выбарах Ukrainian Election Task Force, у мінулым сузаснавальнікам East StratComTask Force — праекту Эўрапейскага зьвязу па барацьбе супраць дэзінфармацыі, чэскім экспэртам Якубам Каленскім.

Якуб Каленскі, экспэрт Атлянтычнай Рады, Ukrainian Election Task Force
Якуб Каленскі, экспэрт Атлянтычнай Рады, Ukrainian Election Task Force

— Вы вярнуліся з Кіеву, дзе ўжо рыхтуюцца да сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў. Ці атрымаецца мінімізаваць уплыў расейскай прапаганды на іх?

— У аўторак у Кіеве была канфэрэнцыя аб камунікацыях, на якой я казаў на сваю любімую тэму — расейская прапаганда і дэзінфармацыя. Мы стараемся нагадаць людзям на Захадзе, што ва Ўкраіне да гэтага часу ідзе вайна, і Расея працягвае свае падрыўныя дзеяньні. Мы таксама паказваем, што ва Ўкраіне Расея адпрацоўвае свае тэхналёгіі, выкарыстоўвае краіну як палігон для сваіх падрыўных тэхналёгіяў. Мы спадзяемся, што калі мы пакажам гэта заходнім аўдыторыям, то яны зразумеюць, што калі не пачнуць дзейнічаць, то і зь імі гэта можа здарыцца.

«Інфармацыйнае адмываньне»

— Ва Ўкраіне мы ўжо назіраем зьмену тактыкі прапаганды. Цяпер наўпроставая агітацыя на карысьць Расеі стала немагчымай з прычыны вайны, таму яны ўдала выкарыстоўваюць украінскія СМІ, украінскіх палітыкаў, якія даносяць крамлёўскія мэсыджы. Многія экспэрты кажуць, што гэты спосаб больш эфэктыўны, таму што «свае» не выклікаюць падазрэньняў, якія непазьбежна выклікалі б, калі б Крэмль дзейнічаў наўпрост.

— Так. Гэты мэтад мы называем «інфармацыйным адмываньнем», па аналёгіі з адмываньнем грошай, у выніку якога можна схаваць крыніцу інфармацыі. Гэта дзейнічае ня толькі ва Ўкраіне, Крэмль выкарыстаў падобныя апэрацыі на Захадзе яшчэ ў 1980-х гадах. Калі КДБ хацеў распаўсюдзіць чуткі пра тое, што ЦРУ вывеў СНІД, каб забіць чарнаскурае насельніцтва, то яны не распаўсюджвалі гэтыя чуткі праз прэс-рэліз КДБ, яны іх распаўсюдзілі праз індыйскую газэту «Патрыёт», для таго, каб можна было сказаць, што гэта — не яны, што яны «толькі цытуюць» індыйскую газэту.

Яны даволі часта гэта робяць. Ім удаецца знаходзіць ці проста недалёкіх палітыкаў, якія ў гэта вераць, ці «карысных ідыётаў», якія распаўсюджваюць гэтую дэзінфармацыю, сьвядома ці несьвядома. Ёсьць яшчэ трэцяя катэгорыя — карумпаваныя палітыкі, якія гэта робяць за грошы, выдатна разумеючы, што яны робяць.

Крэмль выкарыстоўвае ўсе сродкі — афіцыйныя СМІ, неафіцыйныя крыніцы, якія кажуць, што яны адзіныя ведаюць праўду, а на самой справе яны слова ў слова перапісваюць крамлёўскія мэсыджы. І калі сабраць усё гэта, дадаць мясцовых палітыкаў і СМІ, то звычайны спажывец інфармацыі мае адчуваньне, што калі столькі розных людзей і крыніц кажуць адно і тое ж, то, мабыць, гэта праўда.


Чатыры асноўныя матывацыі для агента

— Ці ёсьць розьніца паміж «карыснымі ідыётамі» і карумпаванымі палітыкамі, калі гаворка ідзе пра такія выпадкі, як той, які выкрыў нядаўна наш брусэльскі калега, што дачка сьпікера прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, Лізавета, працуе памочнікам эўрадэпутата Эймэрыка Шопрада? Цяжка ўявіць, каб ён ня ведаў, хто такая Лізавета Пяскова, і якія наступствы будзе мець выкрыцьцё гэтага факту. Або сытуацыя ўжо настолькі дрэнная, што ён думаў, што гэта будзе цалкам прыймальна?

— Шчыра кажучы, я таксама лічу абуральным, што такое магчыма. Я пра гэта пісаў у Твітэры ўжо на другі дзень, што ўсе ў эўрапейскіх інстытуцыях павінны быць занепакоеныя тым, што так магло здарыцца, што чалавек з Крамля працуе побач, мае доступ да ўсіх тых жа дакумэнтаў, што і я.

А адносна розьніцы паміж гэтымі палітыкамі, то ў колах выведкі ёсьць такая абрэвіятура — MICE («мышы» на ангельскай мове — рэд.), якая тлумачыць чатыры асноўныя матывацыі для вэрбоўкі агента. M —(money, грошы — рэд.), гэта значыць чалавек карумпаваны, яго проста купляюць за грошы. Далей I — ідэалёгія, чалавек можа проста верыць, што Расея — гэта дабро, а ЗША зло, альбо Ўкраіна зло. Трэцяя літара — C, гэта — «кампрамат», чалавека можна шантажаваць нейкімі матэрыяламі, каб прымусіць да супрацоўніцтва. І апошняя, Е —гэта «эга».

У выпадку Шопрада, я нават ня ведаю, якая матывацыя была галоўнай. Ён быў у партыі Марын Ле Пэн, потым яе кінуў, гэта тая партыя, якая атрымала ад Крамля грошы на выбары.

Ці будзе слабейшым наступны Эўрапарлямэнт

— Выбары сёлета ня толькі ва Ўкраіне, але і ў Эўразьвязе, будуць выбары ў Эўрапейскі парлямэнт. Ці вы назіраеце павышэньне актыўнасьці расейскай прапагандысцкай машыны?

— Думаю, што мэты засталіся ранейшымі — ім трэба аслабіць Захад, эўрапейскія інстытуты, урады, парлямэнты, Эўрапейскі парлямэнт. Тактыка можа зьмяніцца. Яны не заўсёды могуць мець актыўную кампанію, таму што часам адбываюцца нечаканыя рэчы —калі яны зьбіваюць МН17, то ім трэба арганізоўваць кампанію да гэтай тэмы, або калі адбываецца гісторыя з атручваньнем Скрыпалёў, то трэба адпрацоўваць гэтую тэму. Але курс застаецца нязьменным.

Яны працуюць ужо доўгі час, робяць гэта сыстэматычна, вывучылі сытуацыю, разабраліся з тым, якія мэсыджы працуюць, якія — не, дык могуць разьлічваць на кумулятыўны эфэкт. Яны таксама ўжо доўгі час рыхтавалі сваіх людзей, палітыкаў у Эўропе, якія будуць дапамагаць ўзмацняць эфэкт ад іх кампаніі.

— У выніку наступны Эўрапейскі парлямэнт будзе слабейшым?

— Паводле апытаньняў, пракрамлёўскія, антыэўрапейскія сілы могуць атрымаць каля 30%, у цяперашнім парлямэнце такіх антыэўрапейскіх сіл, можа, пятая частка, 20%. Гэта шмат, але ўсё ж і ў цяперашнім, і ў будучым Эўрапарлямэнце будзе пераважная большасьць, якая падтрымлівае эўрапейскі праект. Яны падтрымлівалі і Ўкраіну, калі гэта было патрэбна, калі гаворка ішла пра рэзалюцыю па Крыме, Данбасе. Так, трывожна тое, што праэўрапейскія сілы аслабляюцца, але ўсё ж яны застаюцца большасьцю ў парлямэнце.

Думаю, у часе выбараў будзе выкарыстоўвацца ранейшая тактыка — будуць прагаворвацца тэмы, якія мабілізуюць антыэўрапейскі электарат — боязь міграцыі, глябалізацыі, міжнароднага супрацоўніцтва — усё гэта будзе выкарыстана на поўную магутнасьць. І адначасова будуць спрабаваць «раззброіць», дэматываваць праэўрапейскі электарат, што яны нічога не вырашаюць, што нічога ня зьменіцца, што цяперашнія інстытуты не працуюць.

Мы ўжо бачым гэтыя тэзісы ва Ўкраіне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць празь месяц. Але нават ня так важна мець «свайго» кандыдата — дастаткова падняць давер да саміх выбараў, да магчымасьці выбіраць і мяняць жыцьцё ў краіне.


Як змагацца з расейскай прапагандай

— Адзін з украінскіх экспэртаў у пытаньні барацьбы з дэзінфармацыяй, Дзьмітры Залатухін, у інтэрвію Радыё Свабода казаў пра тое, што сіла расейскай прапаганды ў яе паўтаральнасьці, калі з дня ў дзень вам паўтараюць нейкі тэзіс, які затым уразаецца ўжо ў мозг. Што тут можна супрацьпаставіць, калі расейцы ўкладаюць у дэзінфармацыю велізарныя сродкі, калі яна па сутнасьці становіцца галоўным экспартным прадуктам Расеі?

— Думаю, што нам для пачатку трэба вырашыць, ці мы сапраўды яе хочам спыніць. Мы ў эўраатлянтычным сьвеце гаворым, што дэзінфармацыйная кампанія зьяўляецца пасьпяховай, таму што мы маем слабасьці ў дэмакратычнай сыстэме, і мы павінны іх выправіць — узмацніць мэдыяпісьменнасьць, папрасіць сацыяльныя сеткі нешта зрабіць з распаўсюджваньнем ілжывай інфармацыі або фэйкавых акаўнтаў, альбо лепш вучыць журналістаў, каб яны правяралі крыніцы. Гэта ўсё правільна, гэта рабіць трэба. Але трэба спыніць інфармацыйнага агрэсара, і бяз гэтага нам гэтай вайны ня выйграць.

Думаю, трэба ўводзіць санкцыі пасьля кожнай дэзінфармацыйнай кампаніі — хлусяць пра МН17 — санкцыі, хлусяць аб атручэньні Скрыпалёў — новыя санкцыі, і так кожны раз. На самой справе слабая рэакцыя Эўропы —гэта запрашэньне да новых умяшаньняў у нашы справы. Мы бачым, што прынамсі амэрыканцы пачалі расьсьледаваньне ўмяшаньня ў свае выбары 2016 году. Яны пасылаюць сыгнал, што для іх гэта важна, і яны не зьбіраюцца так гэта проста пакінуць. А дзе расьсьледаваньне ўмяшаньня ў Каталёнскі рэфэрэндум, выбары ў Аўстрыі, у Нямеччыне, прэзыдэнцкія выбары ў Чэхіі, у Францыі? Нічога гэтага мы ня бачым.

Да 2013 году дэзінфармацыйная кампанія была абмежаваная расейскімі межамі, або «зонай уплыву», колішняй тэрыторыяй СССР, але з пачаткам агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны яны актыўна, я б сказаў агрэсіўна, усё гэта экспартуюць. Фактычна не праходзіць ніякіх выбараў ці рэфэрэндуму, у якія яны ня ўмешваліся б. А якая рэакцыя? Толькі амэрыканцы пачалі расьсьледаваньне, брытанцы — на стадыі размоваў пра тое, як расейскія дзеяньні паўплывалі на рэфэрэндум пра Brexit.


Троечнікі

— Калі гэта вайна, гібрыдная вайна, то як будзе выглядаць перамога ў гэтай вайне?

— Я думаю, што нам трэба спыніць агрэсара. Можа гэта прагучыць цынічна, і я прашу прабачэньня ў сваіх расейскіх сяброў, але калі расейцы дазваляюць, каб прапаганда квітнела, то гэта іх справа. Але калі яны пачынаюць яе экспартаваць, то гэта ўжо наша справа. І я лічу, што нам трэба строга гэта караць санкцыямі — кожны такі выпадак. Думаю, што гэта будзе крок да перамогі, але важны крок.

Мы павінны спыніць ставіцца да Ўладзіміра Пуціна як да паважанага палітыка. Як кажа Гары Каспараў, калі забіць апанэнтаў, заглушыць апазыцыю, СМІ, то ня так ужо і складана выйграць выбары. Таму трэба спыніць ставіцца да яго як да паважанага дэмакратычнага лідэра, і тады і расіяне, магчыма, зьменяць сваё стаўленьне да яго.

— Па шкале ад 1 да 10, колькі было зроблена для перамогі?

— У маштабе цэлай эўраатлянтычнай прасторы? Таму што ёсьць розьніца паміж тым, што зрабіла Літва і Гішпанія, скажам. Але ў цэлым, думаю, што мы зрабілі дзесьці на троечку. Наперадзе яшчэ шмат працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG