Лізавета Пяскова, дачка прэс-сакратара Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, у апошнія тыдні працуе стажорам Эўрапарлямэнту ад эўрадэпутата з Францыі.
Гэтая пасада дае ёй поўны доступ да памяшканьняў і баз дадзеных Эўрапарлямэнту. У тым ліку — да ўнутранай кампутарнай сеткі Эўрапарлямэнту і ўнутранай сеткі эўрадэпутата, паведамляе карэспандэнт Свабоды ў Брусэлі Грыгорый Жыгалаў.
Хто яе ўзяў на стажыроўку
Пяскова, якой цяпер 21 год, афіцыйна зарэгістраваная стажорам у офісе эўрадэпутата Эмэрыка Шапрада. Яе імя і прозьвішча таксама ўказаныя ў адкрытым доступе на сайце Эўрапейскага парлямэнту.
Эмэрык Шапрад пацьвердзіў Радыё Свабода, што ў яго камандзе сапраўды працуе дачка ўплывовага расейскага чыноўніка, і адзначыў, што гэта ўжо яе другая стажыроўка ў Эўрапарлямэнце.
«Спадарыня Пяскова, безумоўна, дачка важнай у Расейскай Фэдэрацыі пэрсоны. Але, як студэнт, яна мае ня менш правоў, чым іншыя маладыя людзі, якія праходзяць стажыроўку як частку іх навучаньня», — заявіў эўрадэпутат ў адказ на запыт Свабоды.
«У дадатак, спадарыня Пяскова не вядзе прафэсійнай дзейнасьці ў сваёй краіне, ні ў прыватных, ні ў публічных установах Расейскай Фэдэрацыі. Адпаведна, тут ня можа быць канфлікту інтарэсаў у выкананьні майго мандату дэпутата Эўрапейскага парлямэнту», — адзначыў ён.
Шапрад — чалец камітэту па замежных справах Эўрапарлямэнту, падкамітэту па пытаньнях бясьпекі і абароны, а таксама ён зьяўляецца дэлегатам у Камітэце парлямэнцкага супрацоўніцтва ЭЗ-Расея. Ён ніколі не хаваў сваёй прарасейскай пазыцыі. Падчас анэксіі Крыму ў 2014 годзе Шапрад быў адным з міжнародных назіральнікаў на арганізаваным Масквой «рэфэрэндуме», падчас якога жыхары Крыму выказалі жаданьне далучыцца да Расеі. Тады ён прызнаў рэфэрэндум «апраўданым», хоць гэта супярэчыла агульнай пазыцыі Эўразьвязу.
Лізавета Пяскова — старэйшая дачка Дзьмітрыя Пяскова. Яна — актыўная карыстальніца сацыяльных сетак і мае каля 80 000 падпісчыкаў у Інстаграме, дзе звычайна выхваляецца гламурным жыцьцём у Маскве, Парыжы і Брусэлі. Раней яна праславілася тым, што назвала «пеклам» расейскую сыстэму адукацыі, выклікаўшы буру асуджэньня сярод карыстальнікаў у Расеі.
Колькі атрымлівае Пяскова і як яна трапіла ў Эўрапарлямэнт
Стажоры ў Эўрапарлямэнце атрымліваюць зарплату зь бюджэту эўрадэпутата, які, у сваю чаргу, фарміруецца з грошай эўрапейскіх падаткаплатнікаў. Менавіта эўрадэпутат вырашае, колькі будзе атрымліваць стажор. Штомесячныя выдаткі на пэрсанал палітыка складаюць каля 25000 эўраў на месяц, але максымальная зарплата аднаго стажора звычайна не перавышае 1600 еўраў, хоць эўрадэпутаты могуць наймаць і неаплатных стажораў.
Таксама эўрадэпутат адказвае за рэгістрацыю практыканта. Для таго, каб атрымаць часовы пропуск, дастаткова даслаць спэцыяльную форму ў офіс акрэдытацыі Эўрапарлямэнту. Паводле інфармацыі крыніц Радыё Свабода, знаёмых з працэдурай, гэта дакумэнт на адну старонку: ён павінен быць падпісаны стажорам і эўрадэпутатам. Ён уключае толькі базавую інфармацыю, такую як імя, дату нараджэньня і зьвесткі аб пасьведчаньні асобы.
Далейшая рэгістрацыя патрабуе падпісаньня кантракта паміж стажорам і эўрадэпутатам, а таксама падачы трох дакумэнтаў — заявы на пакрыцьцё расходаў, дэклярацыі аб наяўнасьці страхоўкі, а таксама даведкі ад дэпутата. У ёй ён ад свайго імя павінен пацьвердзіць наяўнасьць у стажора дазволу на знаходжаньне ў Эўразьвязе на пэрыяд дзеяньня кантракту.
Як правіла, стажор атрымлівае сталую акрэдытацыю на працягу трох тыдняў пасьля падачы ўсіх неабходных дакумэнтаў. Эмэрык Шапрад, у офісе якога працуе Лізавета Пяскова, настойвае, што ўсе працэдуры ў дачыненьні да яе былі выкананы.
Калегі Шапрада незадаволеныя прысутнасьцю Пясковай
Большасьць еўрадэпутатаў, з якімі пагутарылі журналісты Радыё Свабода, ня ведалі, што ў Эўрапейскім парлямэнце бесперашкодна працуе хтосьці, хто цесна зьвязаны з расейскім чыноўнікам высокага ўзроўню.
Сандра Калніетэ з Латвіі, эўрадэпутатка ад правацэнтрысцкай Эўрапейскай народнай партыі, найбольшай парлямэнцкай групы, лічыць, што зацьвярджэньне на працу стажорам дачкі прэс-сакратара расейскага прэзыдэнта — «нядбайнасьцю» з боку адпаведных органаў Эўрапейскага парлямэнту.
Сандра Калніетэ таксама заявіла, што яна «ўстрывожаная» тым, што ў Эўрапарлямэнце працуе Пяскова. Яна ўжо напісала зварот да кіраўніцтва структуры і назвала сытуацыю «недапушчальнай» і такой, якая «кампрамэтуе Эўрапарлямэнт як інстытуцыю».
У сваю чаргу літоўскі эўрадэпутат Пятрас Аўштравічус з Альянсу лібэралаў і дэмакратаў лічыць, што прысутнасьць Лізаветы Пясковай у Эўрапарлямэнце — «вялікі сорам» для Эўрапейскага парлямэнту. Аўштравічус лічыць, што такая стажыроўка — «выразная фінансавая сувязь паміж вельмі правымі групамі ў Эўрапарлямэнце і Крамлём».