Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Фэйсбуку» ўзмацняюць барацьбу з фэйкавымі навінамі


Топ-мэнэджэры кампаніі Facebook расказалі журналістам, што кампанія зьбіраецца ўзмацніць барацьбу з распаўсюджвальнікамі фальшывых навін.

Facebook пачынае рэалізацыю новага праекту разам зь дзьвюма буйнымі некамэрцыйнымі арганізацыямі: Міжнародным рэспубліканскім інстытутам і Нацыянальным дэмакратычным інстытутам. Мэта праекту — прыпыніць распаўсюджаньне дэзынфармацыі ў інтэрнэце. Пры гэтым у Facebook прызнаюць, што, нягледзячы на ўсе намаганьні кампаніі, мільёны людзей усё яшчэ чытаюць фэйкавыя навіны і вераць іх распаўсюднікам.

Міжнародны рэспубліканскі і Нацыянальны дэмакратычны інстытуты былі створаны ў 1980-х гадах. Іх працу фінансуе ўрад ЗША, галоўная задача арганізацый — спрыяць дэмакратызацыі па ўсім сьвеце. Абодва інстытуты, піша Reuters, падтрымліваюць «нефармальныя» сувязі з аднайменнымі палітычнымі партыямі.

Старшая дарадца Рэспубліканскага інстытуту Эмі Стадарт сказала, што дэталі супрацоўніцтва з Facebook усё яшчэ абмяркоўваюцца. Яна дадала, што інстытут зьбіраецца дапамагчы супрацоўнікам сацсеткі «зразумець тое, як іхная плятформа выкарыстоўваецца ў сьвеце з улікам лякальных асаблівасьцяў».

Пра новы партнэрскі праекце топ-мэнэджэры Facebook расказалі падчас тэлеканфэрэнцыі з журналістамі, якая прайшла 19-га верасьня (поўную расшыфроўку размовы можна прачытаць тут).

Том Рэйнальдс, які адказвае за камунікацыйную палітыку кампаніі, і Самід Чакрабарці, які кіруе ў Facebook падразьдзяленьнем грамадзянскай актыўнасьці, падзяліліся, як найбуйнейшая ў сьвеце сацыяльная сетка рыхтуецца да выбараў прэзыдэнта Бразыліі і прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША.

Паколькі ў сацсетцы мяркуюць, што напярэдадні дня галасаваньня ў бразыльскай інтэрнэт-прасторы выбухне сапраўдная інфармацыйная вайна, кампанія ўжо праверыла здольнасьць сыстэмы адлюстроўваць зьяўленьне фэйкавых навін, якія могуць паўплываць на зыход выбараў. Гаворка, у прыватнасьці, ідзе пра спробы зьнізіць яўку выбарнікаў напярэдадні дня галасаваньня з дапамогай ілжывых заяў.

Падчас іншага трэнінгу ў кампаніі высьветлілі, як сацсетка можа спраўляцца з адначасовым зьяўленьнем дзясяткаў старонак, разьмешчаных па ўсім сьвеце, і распаўсюджваюць недакладныя матэрыялы, зьвязаныя з амэрыканскімі выбарамі.

19 верасьня Лябараторыя судовых лічбавых дасьледаваньняў у Атлянтычнай радзе апублікавала дасьледаваньне на тэму выбараў у Бразыліі. У якасьці прыкладу экспэрты ўзялі чатыры артыкулы пра карупцыю, якія знаходзяцца ў лідэрах па колькасьці рэпостаў у бразыльскіх сацсетках. Высьветлілася, што дакладная інфармацыя зьмяшчалася толькі ў адной з чатырох публікацый.

Прадстаўнікі Facebook адмовіліся падзяліцца з прэсай іншымі падрабязнасьцямі парушэньняў, выяўленых у бразыльскім сэгмэнце сацсеткі.

Інтэрнэт-аўдыторыя ўсё яшчэ працягвае сачыць (і часта — давяраць) за сайтамі «фэйкавых навінаў», нават нягледзячы на вялікі спад, які адбыўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША і наступнага скандалу. Да гэтага часу ў сацсетцы рэгіструюць штомесяц да 70 млн наведваньняў старонак зь недакладнай інфармацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG