«Свабоду слова так проста не задушыць», — кажа Бектур Іскендэр, стваральнік навінавага выданьня Kloop. Пасьля журналісцкіх расьсьледаваньняў спэцслужбы пагражалі яму сьмерцю. Чаму гэта не спыніла рэдакцыю? Мы пагаварылі зь Бектурам у Менску.
Чым вядомы Kloop?
- У Kloop робяць гучныя расьсьледаваньні карупцыйных схем.
- Рэдакцыя складаецца са школьнікаў, студэнтаў і журналістаў-пачаткоўцаў. Іх узрост — ад 14 да 25 гадоў.
- Kloop быў адзіным сайтам у Кіргізстане, які 6 красавіка 2010 году, за дзень да рэвалюцыі, пісаў пра захоп абласной адміністрацыі ў Таласе.
- Бектур Іскендэр першым з Цэнтральнай Азіі выступіў на міжнароднай канфэрэнцыі TED у канадзкім Ванкувэры, дзе распавёў пра працу Kloop.
«У Бакіева незайздросны лёс»
Экс-прэзыдэнт Курманбек Бакіеў асуджаны ў Кіргізстане на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Ён атрымаў прытулак у Беларусі і ўжо дзевяць гадоў жыве тут зь сям’ёй. Экс-прэзыдэнт пабудаваў асабняк у менскім мікрараёне Лебядзіны (былая вёска Ржавец) на вуліцы Мястраўскай, побач з дамамі чыноўнікаў і спартоўцаў.
Бектур ветліва адмаўляецца ад прапановы зьезьдзіць да дома экс-прэзыдэнта.
— Чаму мы не паедзем да дома Бакіева?
— Бо гэта ўжо зусім не рэлевантная для Кіргізстану гісторыя. З часоў, калі скінулі Бакіева, прайшло дзевяць гадоў. У краіне зьмяніліся тры прэзыдэнты. Ехаць да дома Бакіева як на турыстычную экскурсію проста нецікава. Калі ўжо ехаць, то па грошы, якія сям’я Бакіева скрала ў кіргіскага народу. А я разумею, што калі мы ўсё-ткі туды паедзем, то гэтага, хутчэй за ўсё, не адбудзецца.
— Што трэба ведаць пра Бакіева?
— Бакіеў — нікчэмны пэрсанаж. Ён увойдзе ў гісторыю як бандыт, які за пяць гадоў пры ўладзе нарабіў столькі жахлівых спраў і ўцёк з краіны. У яго незайздросны гістарычны лёс. Вядома, ён сам вінаваты, што стварыў такую біяграфію. Аднак, я думаю, Кіргізстану ён ужо больш нічым не цікавы.
«Свабоду слова так проста не задушыць»
— Вы пачалі пісаць пра сям’ю Бакіева і пасьля атрымалі пагрозы ад спэцслужбаў. Як гэта выглядала?
— Так, у 2010 годзе мы зрабілі расьсьледаваньне пра карупцыйныя злачынствы Максіма Бакіева, сына Курманбека Бакіева. Пасьля публікацыі з намі сустрэўся чалавек, які называў сябе «сябрам спэцслужбаў», і сказаў: «Мае сябры са Службы нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану (раней — КДБ) кажуць, што вы ім, у прынцыпе, падабаецеся. Але вы перагнулі палку, хлопцы. Пра сям’ю прэзыдэнта расьсьледаваць ня варта». Потым ён, між іншым, распавёў нам, як забівалі аднаго журналіста. Мы напружыліся. Фактычна гэта была завуаляваная пагроза сьмерці. «Вы можаце пісаць пра чыноўнікаў, але пра прэзыдэнта больш нічога не пішыце», — на гэтым разышліся.
Мы адразу хацелі павесіць на сайт паведамленьне: «Пра Бакіева і яго сям’ю мы больш нічога ня пішам», каб даць знак трывогі. Але празь месяц пачаліся пратэсты супраць падаткаў на сотавую сувязь і павышэньня цэнаў на камунальныя паслугі. Мы пераключыліся на іх.
— Вы былі ці не адзіныя ў краіне, хто асьвятляў гэтыя пратэсты.
— У Кіргізстане тады ўсё было ня вельмі добра са свабодай слова, бо за некалькі гадоў да гэтага на журналістаў пачаліся напады. У мэдыйным асяродзьдзі быў вельмі трывожны стан. Людзі не разумелі, як далёка могуць зайсьці ўлады. Некаторыя СМІ перастрахаваліся і ўключылі самацэнзуру. Яны давалі інфармацыю пра падзеі выключна праз прызму прэс-рэлізаў МУС. Kloop быў адзіным СМІ, які асьвятляў пратэсты ў жывым эфіры. Гэта было абсалютным шаленствам, але мы не баяліся.
— Чаму ў калёнцы «Як правільна задушыць свабоду слова» ты пішаш, што адзіны спосаб для кіргіскай улады задушыць свабоду слова — гэта генацыд?
— Гэта саркастычнае пасланьне чацьвёртаму прэзыдэнту Алмазьбеку Атамбаеву і кіргіскаму ўраду з парлямэнтам. Яго сэнс такі: «Мы прайшлі праз многае. Грамадзянскую супольнасьць Кіргізстану чым толькі не пужалі. Свабоду слова так проста не задушыць».
Зь некаторымі агаворкамі, але свабода слова ў нас ёсьць.
На загад Бакіева па людзях стралялі, але нават гэта не спыніла пратэстоўцаў. Пасьля такіх падзеяў у краіне складана ўсталяваць аўтарытарны рэжым, хоць такія спробы былі ў Атамбаева і Жээнбекава — і, думаю, яшчэ будуць.
Аднак у Кіргізстане людзі ўсё-ткі дамагаюцца, што прэзыдэнт сыходзіць у адстаўку. Зь некаторымі агаворкамі, але свабода слова ў нас ёсьць. І таму адзіны спосаб, якім можна ўсё гэта зьнішчыць, — масавы тэрор і забойствы. Трэба забіваць тысячамі, а можа і мільёнамі. Толькі тады свабоду слова ўдасца задушыць!
«На палітычныя разборкі ў Кіргізстане цяпер усім напляваць»
— У 2017 годзе да ўлады прыйшоў новы прэзыдэнт Сааранбай Жээнбекаў. Гэта былі справядлівыя выбары?
— Пра ўплыў на выбары мы зрабілі, магчыма, наша самае вядомае расьсьледаваньне «Самарагейт». Мы знайшлі доказы, што адзін з урадавых сэрвэраў Кіргізстану ўтрымліваў недзяржаўны сайт, які быў створаны адмыслова дзеля ўплыву на выбаршчыкаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Мы ня можам сьцьвярджаць, што менавіта гэтая сыстэма дапамагла перамагчы Жээнбекаву. Але мы ведаем, што яна існавала і цэлы месяц разьмяшчалася на ўрадавым сэрвэры. Пры гэтым улады Кіргізстану ўсё гэта адмаўляюць і не прызнаюць.
— Ці проста сфальсыфікаваць выбары ў Кіргізстане?
— Тэхнічна цяпер гэта зрабіць складана. Выбаршчыка вэрыфікуюць празь біямэтрычныя дадзеныя. У скрынях для галасаваньня ўбудаваны сканэр, які адразу счытвае голас. Запхнуць у скрыню некалькі бюлетэняў надзвычай няпроста. Гэта пазбаўляе ўладу тых спосабаў махінацый, якія выкарыстоўваліся раней.
— Ты згодны, што моладзь не цікавіцца палітыкай?
— Гэтая думка папулярная апошнія 20 000 гадоў. Я да яе стаўлюся скептычна. Калі мне было 17, людзі старэйшага ўзросту таксама казалі, што мы мала цікавімся палітыкай. А мы ў 20 гадоў стварылі Kloop і пачалі пісаць пра палітыку.
На пачатку нулявых у Кіргізстане быў уздым моладзевага актывізму. Потым моладзевы рух прыціх. Цяпер стала больш нішавага актывізму і менш агульнапалітычнага. У Кіргізстане цяпер няма такой крызіснай сытуацыі, якая была ў апошнія гады кіраваньня Бакіева.
На разборкі Жээнбекава з Атамбаевым усім напляваць.
Выходзіць на вуліцу пратэставаць супраць Жээнбекава ў людзей пакуль няма прычын. Па-першае, яшчэ не набралася дастаткова злосьці. Па-другое, маштабы тых рэчаў, якія адбываюцца пры ім, нават не наблізіліся да таго, што было пры Бакіеву.
Моладзь цікавяць больш актуальныя праблемы. Напрыклад, дарожная міліцыя або экалягічная сытуацыя ў Бішкеку. Гэта хвалюе ўсіх. А на разборкі Жээнбекава з Атамбаевым усім напляваць.
«Кіргізстан у часы Савецкага Саюзу русыфікавалі як маглі»
— Чаму ў рэдакцыі Kloop працуюць пераважна старшаклясьнікі і студэнты?
— Па-першае, іх значна прасьцей навучыць журналістыцы і прынцыпам, у якія мы верым. І мы стараемся браць людзей без журналісцкай адукацыі.
— А чым шкодна вучыцца на журфаку?
— Шмат у чым унівэрсытэты Кіргізстану — гэта месца, куды людзі ходзяць па «корачку». Насамрэч журналістам усё адно недзе трэба вучыцца. Проста ня трэба гэта рабіць на журфаку.
Выпускнікі журфаку часам расчароўваюцца ў журналістыцы, яшчэ не пачаўшы працаваць. Кажуць: «Гэта не маё». Я ім адказваю: «Насамрэч не тваё — гэта вучыцца на журфаку. І дзякуй богу».
— На сайце Kloop тэксты публікуюцца па-расейску. Якая цяпер у Кіргізстане сытуацыя з мовай?
— Мы хочам «дэкалянізаваць» Kloop. У бліжэйшыя гады будзем разьвіваць яго кіргіскую вэрсію. Гістарычна так склалася, што Кіргізстан — посткаляніяльная краіна, якую ў часы Савецкага Саюзу русыфікавалі як маглі. У Бішкеку да 1991 году ў расейскамоўных школах увогуле не было прадмета «кіргіская мова». У краіне да гэтага часу прысаромліваюць людзей, якія гавораць па-расейску з кіргіскім акцэнтам або па-кіргіску.
Кіргізстан — посткаляніяльная краіна, якую ў часы Савецкага Саюзу русыфікавалі як маглі.
Спачатку мне самому трэба вывучыць кіргіскую мову. Пакуль што я разумею беларускую мову лепей за кіргіскую. А мне б хацелася гэта выправіць, каб кіргіская мова стала трэндам і палітычнай пазыцыяй супраць расейскага каляніялізму.