Больш за два дні ў ІЧУ Менску на завулку Акрэсьціна ўтрымліваюць актывістаў Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык, Леаніда Кулакова, Маю Навумаву і Арцёма Чарняка. Паўла Севярынца міліцыянты затрымалі яшчэ 26 лютага перад пікетам салідарнасьці з палітвязьнямі, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы. Іншых удзельнікаў акцыі — адразу пасьля пікету ці праз адзін-два дні. Але ані 27, ані 28 лютага судоў над актывістамі не было, хоць іх утрымлівалі ў ізалятары на Акрэсьціна.
Ці законна так надоўга адміністрацыйна затрымліваць і «адцягваць» суд? Сытуацыю пракамэнтаваў юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.
«Па-першае, варта падкрэсьліць, што актывістаў затрымалі за ажыцьцяўленьне аднаго з асноўных правоў чалавека, а менавіта права на свабоднае выказваньне меркаваньня. Па-другое, неабгрунтавана доўгім затрыманьнем без накіраваньня адміністрацыйнай справы ў суд парушаецца нацыянальнае заканадаўства.
Супрацоўнікі міліцыі, відавочна, лічаць свае дзеяньні законнымі. Сапраўды, на тэрмін звыш трох гадзін, але ня больш чым на 72 гадзіны можа быць затрымана фізычная асоба, калі ёй ставіцца ў віну зьдзяйсьненьне адміністрацыйнага правапарушэньня, за якое ў якасьці адміністрацыйнага спагнаньня прадугледжаны адміністрацыйны арышт (тут той самы выпадак). Аднак ня ўлічваецца тое, у якіх мэтах прымяняецца адміністрацыйнае затрыманьне».
Калі магчыма трымаць без суду?
Павал Сапелка пералічыў мэты, дзеля якіх утрымліваць людзей пад вартай без суду дапушчальна:
- каб спыніць супрацьпраўную дзейнасьць;
- каб скласьці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, калі скласьці яго на месцы выяўленьня (зьдзяйсьненьня) адміністрацыйнага правапарушэньня не ўяўляецца магчымым;
- каб вызначыць асобу;
- каб забясьпечыць удзел пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэньні;
- каб спыніць утойваньне або зьнішчэньне доказаў;
- каб забясьпечыць выкананьне адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ці дэпартацыі.
Павал Сапелка падкрэсьліў, што такое працяглае затрыманьне актывістаў не адпавядае ніводнай зь пералічаных мэтаў. А гэта значыць, што такое затрыманьне — ня што іншае, як сродак прычыненьня фізычных і маральных пакут, і зроблена гэта дзеля таго, каб перашкодзіць ажыцьцяўленьню абароны.
Паводле апошняй інфармацыі з суду Цэнтральнага раёну, там зараз пачынаецца працэс над актывісткай Маяй Навумавай. Судзіць яе будзе судзьдзя Акавітая. Таксама ў суд даставілі Леаніда Кулакова і Вольгу Мікалайчык, якіх будзе судзіць Вікторыя Шабуня. Хто будзе судзіць Арцёма Чарняка, пакуль невядома.
Паўла Севярынца даставілі ў суд Фрунзенскага раёну Менску. Суд над ім заплянаваны на 15-ю гадзіну.