Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень без суду ў няволі ўдзельнікі пікету салідарнасьці з палітвязьнямі


Архіўнае фота. Турма на вуліцы Акрэсьціна, сваякі затрыманых нясуць ім перадачы. Сакавік 2017 году
Архіўнае фота. Турма на вуліцы Акрэсьціна, сваякі затрыманых нясуць ім перадачы. Сакавік 2017 году

Раніцай 1 сакавіка дзяжурны Менскага ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ўсе затрыманыя ў сувязі з акцыяй, якая прайшла 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы, дагэтуль знаходзяцца ў іх установе.

«Павал Севярынец, Вольга Мікалайчык ды іншыя, каго за акцыю, яны ў нас. Ці павязуць у суд, невядома, мы самі нікуды не возім. Возяць з райаддзелаў міліцыі. Пакуль на іх заяўкі няма», — сказаў раніцай міліцыянт.

Зь вечара 26 лютага, акрамя Паўла Севярынца, якога затрымалі напярэдадні акцыі, у ІЧУ на Акрэсьціна даставілі актывістаў Вольгу Мікалайчык, Арцёма Чарняка, Леаніда Кулакова і Маю Навумаву. Навумаву затрымалі апошняй, 28 лютага, каля Першамайскага суду, дзе актывістка чакала суду над Леанідам Кулаковым.

«Мяне забіраюць; кажуць, што будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі», — пасьпела сказаць Мая Навумава карэспандэнту Свабоды праз тэлефон.

Цягам 27 і 28 лютага праваабаронцы і журналісты прачакалі працэсаў над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі салідарнасьці ў Фрунзенскім, Цэнтральным і Першамайскім раённых судах Менску, але нікога ў суды за гэты час не прывозілі. Атрымаць камэнтар у прэсавай службы менскай міліцыі дагэтуль не ўдалося.

У другой палове дня 28 лютага жонка Паўла Севярынца Вольга змагла перадаць яму перадачу ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

«Перадачу прынялі, але ці будзе заўтра суд, не сказалі, маўляў, ня ведаюць», — сказала Вольга Севярынец.

Паводле актывіста Піліпа Шаўрова, у канцылярыі па адміністрацыйных справах суду Цэнтральнага раёну Менску ўвечары 28 лютага паведамілі, што на 1 сакавіка ў судзе заплянаваны разгляд 12 адміністрацыйных спраў. «Але прозьвішчаў не назвалі», — паведаміў актывіст.

Затрыманых 26 лютага актывістаў анархісцкага руху Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву ўвечары 28 лютага вызвалілі. Актывісты былі затрыманыя за «акцыі зь белымі аркушамі паперы», якая ня мае дачыненьня да пікету на Кастрычніцкай плошчы. Паліенку і Гусеву вызвалілі, бо суд адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку.

На Кастрычніцкую плошчу выйшлі ў падтрымку палітвязьняў

26 лютага а 18-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшлі 10 чалавек у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Акцыя цягнулася каля 25 хвілін.​

Адзін зь лідэраў партыі БХД Павал Севярынец 21 лютага заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі палітвязьняў —​ Сьвятаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага і іншых. Прычынай акцыі стаў перавод Барановіча з калёніі ў турму.

Як казаў Свабодзе Севярынец, форум «Свабоду палітвязьняў» вырашыў праводзіць такія акцыі да чэрвеня пад лёзунгам «Хочаце праводзіць Эўрапейскія гульні — выпускайце палітвязьняў!». Акцыя не была санкцыяваная ўладамі.

Маці Паўла Севярынца Тацяне ў пятніцу раніцай у ізалятары на Акрэсьціна сказалі, што сёньня сына павязуць у суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG