Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Канапацкая і МУС падрыхтавалі два розныя законапраекты аб зьмякчэньні «наркатычных» артыкулаў


Круглы стол з удзелам Ганны Канапацкай
Круглы стол з удзелам Ганны Канапацкай

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая дамагаецца ўключэньня ў парадак дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў перагляду артыкула 328 Крымінальнага кодэксу. Яна падрыхтавала свой альтэрнатыўны законапраект. МУС таксама паведаміў, што ў парлямэнт будуць унесеныя прапановы па зьмякчэньні «наркатычнага» заканадаўства, але ініцыяваныя Саветам Міністраў.

За наркотыкі ў Беларусі асуджана больш як 15 тысяч чалавек

27 лютага ў Менску прайшоў круглы стол на тэму «Прапановы рэформаў заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ў сфэры незаконнага абароту наркатычных сродкаў». Яго арганізатары — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, ініцыятыва «Наша права», Інстытут сацыяльнага рынку. На абмеркаваньне запрошаныя прадстаўнікі ЮНІСЭФ, ААН, дыпляматы, а таксама сваякі асуджаных па «наркатычным» артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу.

Паводле падлікаў экспэртаў, у Беларусі па 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу асуджана больш за 15 тысяч чалавек. І мінімальных тэрмінаў, вызначаных гэтым артыкулам, суды фактычна не прызначаюць.

Ганна Канапацкая: «Мой законапраект знаходзіцца на крыміналягічнай экспэртызе»

Дэпутатка Ганна Канапацкая адзначыла, што адно толькі зьніжэньне тэрмінаў зьняволеньня ня вырашыць праблему, яе трэба вырашаць комплексна.

«Законапраект, які я прапаную як суб’ект заканадаўчай ініцыятывы, цяпер знаходзіцца на перадапошняй стадыі перад вынясеньнем — на крыміналягічнай экспэртызе, таму што працэдура ўнясеньня дакумэнтаў у парлямэнт надзвычай забюракратызаваная і зарэгуляваная», — сказала Ганна Канапацкая.

Наконт законапраекту, пра які казаў начальнік галоўнага ўпраўленьня наркакантролю Генадзь Казакевіч, Ганна Канапацкая ня ў курсе. Яна ведае толькі, што той праект будзе ініцыяваны Саветам Міністраў.

Што да канкрэтных прапановаў Ганны Канапацкай, гэта перш за ўсё ўвядзеньне новага віду пакараньня па артыкуле 328.

«Калі чалавек зьдзейсьніў памылку, альбо калі чалавек хворы — [трэба] каб у яго было альтэрнатыўнае пакараньне ў выглядзе альбо грамадзкіх прац, альбо прымусовага лячэньня, што практыкуецца ва ўсім сьвеце. У нас часьцяком караюць хворых людзей.

Таксама я выступаю за зьніжэньне тэрмінаў — і верхняй мяжы, і ніжняй.

І самае галоўнае — мая праца накіраваная на тое, каб зьмяніць правапрымяняльную практыку. Таксама неабходна дамагчыся перагляду прысудаў, дзе відавочныя памылкі пры правядзеньні сьледзтва і правасудзьдзя», — сказала пра свае прапановы Ганна Канапацкая.

Таксама стаіць задача, каб асуджаныя на артыкуле 328 трапілі пад амністыю, якая рыхтуецца да 75-годзьдзя вызваленьня Беларусі.

МУС супраць зьмякчэньня 328 артыкула, але ўнясе свой законапраект у парлямэнт

26 лютага на «круглым стале» ў інфармацыйным агенцтве БелТА Генадзь Казакевіч паведаміў, што ў парлямэнт вясной будуць унесеныя прапановы па зьмякчэньні заканадаўства. Аднак Міністэрства ўнутраных спраў супраць.

«Міністэрства ўнутраных спраў пярэчыць зьмякчэньню пакараньня паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. На наш погляд, гэта ні да чога не прывядзе. Тым ня менш хутка папраўкі будуць вынесеныя на разгляд парлямэнту. Мяркуецца скараціць ніжнюю мяжу санкцыі на два гады», — заявіў Генадзь Казакевіч.

ААН: галоўнае — ня тэрміны зьняволеньня, а лячэньне і рэабілітацыя

Сустаршыня партыі БХД Віталь Рымашэўскі прывёў лічбы: кожны трэці ў месцах зьняволеньня — чалавек, асуджаны па артыкуле 328. Ён адзначыў, што без грамадзкага ўдзелу ў ніводнай краіне сьвету законы не прымаюць.

«Нам неабходная падтрымка грамадзянаў. Зьмякчэньне прысудаў па артыкуле 328 летась не прайшло, улады яго не падтрымалі. Ганна Канапацкая зараз зноў выступае за ўнясеньне законапраекту ў парлямэнт. Мы плянуем, што гэты „круглы стол“ — толькі пачатак грамадзкай кампаніі», — сказаў Віталь Рымашэўскі.

Дарадца па правах чалавека Ўпраўленьня вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН Матыльда Богнэр распавяла пра пазыцыю ААН: патрэбны комплексны падыход да вырашэньня праблемы, а ня толькі змаганьне за зьніжэньне тэрмінаў зьняволеньня. На яе думку, галоўнае — ня тэрміны, а лячэньне і рэабілітацыя нарказалежных.

5 асноўных хібаў правапрымяняльнай практыкі

Сябра праваабарончай ініцыятывы «Наша права» Ганна Барташ назвала 5 асноўных праблемаў правапрымяняльнай практыкі пры кваліфікацыі злачынстваў і вынясеньні прысудаў па артыкуле 328 КК Беларусі.

  1. Наяўнасьць двух вызначэньняў у заканадаўстве: «небясьпечнае рэчыва» і «асабліва небясьпечнае рэчыва». На яе думку, не зусім зразумела, паводле якіх крытэраў рэчывы адносяцца да гэтых катэгорый. Да таго ж, у сьпісе «асабліва небясьпечных» рэчываў — 473 найменьні, у сьпісе проста «небясьпечных» — 8.
  2. Адсутнасьць градацыі, што такое «значны памер». У беларускім заканадаўстве вызначаны толькі «буйны памер». Зь якой вагі пачынаецца гэты буйны памер — невядома. Таксама не выдзяляецца вага наркатычнага рэчыва ў расьліннай сумесі, у спайсе.
  3. Наяўнасьць у артыкуле 328 паняцьця «намер („умысел“) на збыт». Што такое «намер на збыт», таксама дакладна ня вызначана. Гэта меркаваньне суду, што абвінавачаны меў на мэце продаж. Аднак часьцяком гэтае меркаваньне не пацьвярджаецца дзеяньнямі. Да таго ж склалася парадаксальная сытуацыя, калі за «намер на збыт» прызначаюць пакараньне як за сам збыт.
  4. Адсутнасьць прафіляктыкі з боку апэратыўнікаў МУС. То бок, бачачы і ведаючы пра злачынства, яны не спыняюць яго, а сьвядома дазваляюць яшчэ адно незаконнае дзеяньне. А потым суды кваліфікуюць дзеяньні затрыманага па цяжэйшым артыкуле.
  5. Невызначэньне фактычных акалічнасьцяў справы. Прысуды стракацяць фармулёўкамі «ў нявызначаным месцы», «у нявызначаны час», «у нявызначанай асобы».

На думку ўдзельнікаў «круглага стала», усе гэтыя праблемы спараджаюць недавер асуджаных і ўсяго грамадзтва да справядлівасьці правасудзьдзя.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG