Супрацоўнікі менскага аэрапорту выявілі ў міжнароднай паштовай пасылцы забароненае рэчыва: два пакеты травы эфэдры агульнай вагой 500 грамаў, паведамляе рэгіянальная мытня.
На 34-гадовага менчука, які замовіў рэчыва і дэкляраваў яго як гарбату, распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 328/1 КК («незаконнае перамяшчэньне наркатычных сродкаў празь мяжу»). Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.
Беларускія экспэрты выявілі, што эфэдра — «асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва расьліннага паходжаньня, якое не выкарыстоўваецца ў мэдычных мэтах». Так прызнана ў Беларусі, але не ва ўсім сьвеце.
Эфэрда, або хвойнік, расьце шмат дзе на поўдні Эўразіі, а таксама ў абедзьвюх Амэрыках, ёсьць сем дзясяткаў розных відаў расьліны (сама меней адзін від расьце ў Беларусі). Іх выкарыстоўвалі ў традыцыйнай мэдыцыне, прынамсі адзін зь відаў («кузьмічову траву») — у Расейскай імпэрыі XIX стагодзьдзя. У ЗША напой з эфэдры вядомы як «мармонская гарбата». У Кітаі эфэдру выкарыстоўваюць у традыцыйнай мэдыцыне больш як 2000 гадоў.
У некаторых краінах, у ліку якіх Беларусь і Расея, эфэдра забароненая зусім. Эфэдрын уваходзіць у беларускі сьпіс наркатычных і псыхатропных рэчываў (PDF).
У ЗША яна заканадаўча абмежаваная для куплі празь небясьпеку алькалёіду эфэдрыну, але экстракты эфэдры бяз гэтага алькалёіду легальныя. У Нямеччыне ўсе прадукты з эфэдрынам прадаюцца толькі з рэцэптам. Пад назвай «эфэдрын» вырабляецца нямала лекаў. Рэчыва таксама ўжываўся як допінг у спорце, на яго ўжываньні злавілі ў 1994 годзе футбаліста Дыега Марадону.
Ці зьбіраўся замоўнік зь Менску ўжываць гарбату як наркотык, невядома. Мяркуючы па фота, на пакетах, якія замовіў мянчук, няма відавочнага папярэджаньня пра тое што прадукт можа быць забаронены ў некаторых краінах — у такіх выпадках адказнасьць за праверку законнасьці рэчыва ляжыць на пакупніку.