Гісторыя Беларусі апошніх дзесяцігодзьдзяў у кіна- і відэастужках, якую сабраў менскі актывіст БНФ і самадзейны апэратар Сяргей Чырык, зьберагаецца ў яго дома на сотнях касэт. Гэта кілямэтры нацыянальнай памяці, кажа аўтар прыватнага відэаархіву.
Сяргей Чырык апавёў Свабодзе гісторыю сваёй апэратарскай працы, якая пераплялася з найноўшай гісторыяй Беларусі.
Што здымаў Сяргей Чырык
- Як у жніўні 1991 году прыхільнікі БНФ дамагліся прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце
- Як менскія рабочыя страйкавалі і прымусілі кіраўніка ўраду Кебіча зьняць перад імі капялюш
- Як прэзыдэнт ЗША наведаў Курапаты і адкрыў там мэмарыяльны знак ад амэрыканскага народу («лаву Клінтана»)
- Як будучы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка пачынаў палітычную кар’еру
- Як відэаапэратар апошнім пакінуў Авальную залю разагнанага Вярхоўнага Савету
Зянон Пазьняк пра сталінскі «канвэер сьмерці» ў Лошыцы, 1995 год
Сёлета ў верасьні Сяргей Чырык адзначыць 60-гадовы юбілей. Роўна палову жыцьця ён здымае відэа. Адмысловай адукацыі відэаапэратара ня мае, але зьняў і захоўвае сотні рознафарматных стужак з хронікай знакавых падзеяў найноўшай гісторыі Беларусі. Утварэньне БНФ, першыя сьвяткаваньні Дня Волі, Дзядоў, Дня вайсковай славы, курапацкія і чарнобыльскія шэсьці, пратэсты менскіх рабочых і візыт Біла Клінтана — гістарычныя кадры вяртаюць у эпоху, якая стала падмуркам беларускага сувэрэнітэту.
«Я, відаць, адзіны, хто захаваў архівы ў поўным аб’ёме», — кажа ў інтэрвію Свабодзе Сяргей Чырык, сябра Беларускага саюзу кінэматаграфістаў, апэратар-пастаноўшчык шэрагу дакумэнтальных фільмаў, зьнятых у «Відэацэнтры».
Відэа ў памяць пра памерлага актывіста Алега Казлоўскага
Пачатак у кінаклюбе МАЗу
Захапленьню, якое перарасло ў другую прафэсію, папярэднічаў зьбег абставінаў, расказвае Сяргей Чырык. На пачатку 1980-х ён працаваў «каардынатчыкам» на менскім аўтазаводзе. Токарам-расточнікам, якія працавалі з допускам у некалькі мікронаў, добра плацілі — каля 420 рублёў на месяц, у два разы вышэй за сярэдні тагачасны заробак. Калі нарадзілася дачка, а праз год сын, зрабіў сям’і падарунак — набыў кінакамэру, каб здымаць малых.
У той час пры Доме культуры МАЗу якраз утвараўся клюб аматараў даўніны «Менск». Яго ўдзельнікі распрацоўвалі маршруты па гістарычных мясьцінах, усе выдаткі на паездкі адміністрацыя брала на сябе. Чальцамі былі вядомыя цяпер асобы — Сяргей Вечар, Зьміцер Яцкевіч, Алег Дзярновіч. Як адзіны ў складзе аб’яднаньня супрацоўнік заводу Сяргей Чырык стаў кіраўніком. Неўзабаве ў гэтым статусе яго запрасілі на фэстываль кінааматараў.
«Паглядзеў, пасьмяяўся, сказаў, што зраблю лепш, — згадвае Сяргей. — На дзіва, такое нахабства падтрымаў кіраўнік „МАЗфільму“ Саша Шчарбінін: „Добра, працуй“. Трэба падзякаваць кіраўніцтву Саюзу кінааматараў: іх трос КДБ, хто там з камэрай бегае на мітынгі, а яны маўчалі... Зь першай жа спробы трапіў у прызэры: на ўсесаюзным фэстывалі „Срэбная зорка“, які ў Менску ладзілі прафсаюзы, наш з Сашкам фільм пра Курапаты — „Агмень“ — заняў 2-е месца. І тое таму, што дэбют. Калі арганізатары пацікавіліся, чаму перамагла аб’ектыўна слабейшая стужка, ім патлумачылі: няправільна ўганароўваць першай прэміяй пачаткоўцаў».
Знаёмства з Пазьняком
Сябры «Клюбу аматараў даўніны» ня толькі вандравалі па Беларусі, яны таксама валянтэрылі на раскопках у Верхнім горадзе. Там, як кажа Сяргей Чырык, адбыліся знаёмствы, якія карэнным чынам зьмянілі яго жыцьцё.
Выступ Зянона Пазьняка на канфэрэнцыі БНФ, чэрвень 1990 году
Працамі на Замчышчы, каля Ратушы, у Траецкім ды Ракаўскім прадмесьцях кіраваў старшы навуковы супрацоўнік акадэмічнага Інстытуту гісторыі Зянон Пазьняк, а ягонымі памагатымі былі як прафэсійныя археолягі, так і сябры моладзевай суполкі «Талака». Памяць пра тыя падзеі засталася на аматарскай 8-мілімэтровай кінастужцы.
Фільмаваць для гісторыі
У ліпені 1988 году Зянон Пазьняк прымусіў гаварыць пра Беларусь увесь сьвет: вынікам археалягічных працаў і гістарычных дасьледаваньняў стаў артыкул у суаўтарстве з інжынэрам Яўгенам Шмыгалёвым «Курапаты — дарога сьмерці» на старонках газэты «Літаратура і мастацтва». За тры дзясяткі гадоў з таго часу Сяргей Чырык адхадзіў да ўрочышча сотні кілямэтраў, захаваў для гісторыі самыя значныя шэсьці, мітынгі, прамовы.
«Адкрыцьцё Курапатаў — несумненна, зьява нацыянальнага маштабу: амаль у кожнай беларускай сям’і ёсьць рэпрэсаваны, забіты, закатаваны, — нагадвае ён. — Ці трэба казаць, як пасьля гэтага ўзьляцеў аўтарытэт Зянона Пазьняка? Менавіта ў той момант ён стаў сапраўдным лідэрам, за якім пайшлі людзі. Даходзіла да сьмешнага: аднойчы ён некуды сьпяшаўся і выступіў на мітынгу першым. Сышоў — і ўсе пацягнуліся сьледам. Таму, як правіла, Зянон Станіслававіч прамаўляў апошнім, многія адмыслова прыходзілі, каб паслухаць менавіта яго. Пасьля нічога падобнага не было».
На пачатку 1994 году ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ушанаваў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан — гэта быў першы візыт такога рангу ў Беларусь. Сяргей Чырык быў у «групе відэасуправаджэньня». Тады ад імя амэрыканскага народу ў Курапатах усталявалі мэмарыяльную лаву, якой вандалы не даюць спакою і сёньня.
Біл Клінтан у суправаджэньні Станіслава Шушкевіча і Зянона Пазьняка наведвае Курапаты
Стварэньне БНФ
Наступны этап «пагружэньня» ў грамадзка-палітычнае жыцьцё супаў з пачаткам дзейнасьці аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». У кастрычніку 1988-га Сяргею Чырыку як ужо дастаткова дасьведчанаму актывісту даручылі фармаваньне рады БНФ Фрунзенскага раёну Менску. Сама па сабе ўзьнікла партыйная нагрузка — фільмаваць для гісторыі зьезды, акцыі, культурніцкія імпрэзы. Спачатку здымаў на даступныя 16 мілімэтраў, а калі ў 1990 годзе фронт купіў прафэсійную відэакамэру, Сяргей Чырык з Кастусём Лойкам сталі «апэратарамі БНФ».
Мікола Статкевіч прамаўляе на Дні беларускай вайсковай славы, 8 верасьня 1993 году
Сяргей Чырык удакладняе, што ўсё рабілася на ідэйным уздыме, пытаньне пра аплату нават не абмяркоўвалася. Празь нейкі час ягоны напарнік адышоў ад спраў, а сам Чырык выконваў сваю місію аж да расколу БНФ у канцы 1990-х, у выніку якога аўтаномнымі курсамі рушылі Партыя БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Сяргей тады палітычныя падзеі па-ранейшаму адсочваў, але ад фронтаўскіх структур адышоў.
Вальны сойм суполак
Паводле Сяргея Чырыка, адным з узрушэньняў для яго стаў першы Вальны (гэта значыць усеагульны) сойм беларускіх суполак у канцы сьнежня 1987 году. У вёсцы Палачанка на Валожыншчыне сабраліся актывісты з усёй Беларусі, якія ў немалой ступені вызначылі далейшы курс на нацыянальна-культурнае і дэмакратычнае адраджэньне і дзяржаўнасьць беларускай мовы.
«Сустрэчу ў Палачанцы арганізаваў камсамол — на сваю пагібель. Спроба „падмяць“ пад сябе гурткі, пераважана нацыянальнага кірунку, не атрымалася — амаль усе адмовіліся ад супрацоўніцтва. Спачатку ніхто нават не заходзіў у залю, дзе засядаў падрыхтаваны „прэзыдыюм“. Запрасілі ў яго і Зянона Станіслававіча — і нечакана атрымалі адлуп: „Што гэта? Тры шэрагі на сцэне і два ў партэры занятыя чыноўнікамі, а тут моладзь сабралася на свой сход. Прабачце, але вызваліце ёй месца!“ Вось так і пачалася палітычная кар’ера Пазьняка».
На другім сойме ў Вільні на пачатку 1989-га ініцыятыву абвясьцілі канфэдэратыўным згуртаваньнем у складзе арганізацый «Талака», «Тутэйшыя», «Сьвітанак», «Агмень», «Нашчадкі», «Паходня», «Крыніцы», «Сакавік», «Узгор’е», «Край», «Повязь», «Рунь», «Маладзік» ды іншых. Тыя суполкі сталі моладзевай фракцыяй БНФ, што, на думку Сяргея Чырыка, было памылкай: расьпіханыя па розных радах актывісты страцілі сувязі, а спроба праз 10 гадоў аб’яднацца прывяла да расколу БНФ.
Тым ня меней, зразумеўшы, наколькі сур’ёзная сіла паўстае, улады пачалі чыніць ёй перашкоды. Але СССР ужо адыходзіў у мінулае.
Абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі
«Незадоўга да ўхваленьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце адбыўся Сойм БНФ, які агучыў галоўную мэту — незалежнасьць Беларусі. Мы, натуральна, здымалі, — успамінае Сяргей Чырык. — Была распрацаваная і надрукаваная праграма, рэалізаваць яе даручалася дэпутатам-фронтаўцам. Зразумела, пракамуністычная бальшыня была ў шоку, але калі Гарбачоў даў адмашку з Масквы — маўляў, усё роўна фармальнасьць — у апазыцыі ўжо быў гатовы свой варыянт. Камуністы, канечне, шмат што выкінулі, нагадзілі з саюзнай дамовай, але падмурак будучай незалежнасьці склалі менавіта ідэі БНФ».
Васіль Быкаў на імпрэзах да 200-х угодкаў вызвольнага паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, 1994 год
Няўдалая спроба путчу праз год у Маскве завяршыла пачатае. Народны Фронт вывеў на плошчу перад Домам ураду сваіх прыхільнікаў, якія патрабавалі адстаўкі кіраўніцтва Вярхоўнага Савету на чале зь Мікалаем Дземянцеем, забароны КПБ-КПСС і абвяшчэньня незалежнасьці. Пад такім ціскам 25 жніўня 1991 году Дэклярацыі аб сувэрэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закону.
«Я сваю суполку прывёў на плошчу ў поўным складзе, — кажа Сяргей Чырык. — Цяперашняя моладзь ужо і ня ведае, а людзі стаялі днямі, бо выдатна разумелі: на кану — наша незалежнасьць ад крывавай імпэрыі. Прабачце, каб мы не „прагналі“ дэпутатаў праз жывы калідор, яшчэ не вядома, як бы ўсё скончылася, бо фракцыя БНФ была ў меншасьці. Балазе, міліцыя разьбеглася, як дазналася, што Барыс Ельцын забараніў дзейнасьць КПСС у Расеі. Таму і дэпутаты, пабачыўшы, наколькі рашуча народ настроены, адразу зьдзьмуліся, перасталі хадзіць гогалем».
Шлях да незалежнасьці, 25 жніўня 1991 году
Рабочы бунт супраць камуністаў
Відэаблёк, які Сяргей Чырык лічыць вартым асобнай згадкі, — масавыя выступы рабочых менскіх прадпрыемстваў увесну 1991 году. Незадаволенасьць эканамічным становішчам вывела на вуліцы дзясяткі тысяч чалавек, потым уся гэтая маса падтрымала «Чарнобыльскі шлях».
Хроніка аднаўленьня незалежнасьці, відэакадры канца 1980-х — пачатку 1990-х
Як адзначае Чырык, ці не ўпершыню тагачаснае кіраўніцтва ўсур’ёз разгубілася — проста ня ведала, як у такіх сытуацыях паводзіць сябе з уласным народам. Хоць выступы пачаліся на пачатку красавіка, адрэагаваць на прэтэнзіі доўгі час ніхто не адважваўся.
«Паколькі натоўп зьбіраўся каля будынку Вярхоўнага Савету, дэлегацыю страйкаму ўрэшце прыняў тагачасны сьпікер Мікалай Дземянцей, — згадвае сьведка тагачасных падзеяў. — Тады ўсё скончылася больш-менш мірна, свой сапраўдны твар Дземянцей пакажа пазьней, праз чатыры гады воклічам пасьля зьбіцьця дэпутатаў апазыцыі — маўляў, „мала білі“... Прэм’ер Вячаслаў Кебіч працяглы час наагул спрабаваў рабіць выгляд, што ён да праблемаў рабочых ніякага дачыненьня ня мае — як, дарэчы, і Станіслаў Шушкевіч».
Пасьля таго як на адным зь мітынгаў Вячаслава Кебіча прымусілі зьняць капялюш перад народам, першыя асобы пачалі ставіцца да публічнасьці зусім насьцярожана.
А вось тагачасны дэпутат Аляксандар Лукашэнка вельмі хацеў трапіць у кадар — асабліва на пачатку сваёй палітычнай кар’еры. Сяргей Чырык ня раз у гэтым пераконваўся, пакуль быў акрэдытаваны ў Вярхоўным Савеце ад газэты «Беларуская маладзёжная» — выданьне ўзьнікла ў адказ на закрыцьцё аднайменнай радыёстанцыі.
«У першую прэзыдэнцкую кампанію Лукашэнка проста хвастом хадзіў за Пазьняком, — працягвае ён. — Памятаю, здымаў перадвыбарную паездку Зянона Станіслававіча ў Магілёў, дык не маглі адагнаць: на Пазьняка народ валіць, а на змагара з карупцыяй нуль увагі. Таму і ляпіўся, каб хоць фонам у кадар трапіць. Але здарылася неверагоднае: чалавек, які злучаў незлучальнае — ініцыяваў дэпутацкую групу „Камуністы за дэмакратыю“ — стаў прэзыдэнтам. Спачатку прыкідваўся „сваім у дошку“, а неўзабаве пачаў заціскаць гайкі на ўсіх франтах».
Першыя выбары прэзыдэнта
Сяргей Чырык перакананы: каб не адміністрацыйны рэсурс, задзейнічаны ўладнымі вэртыкальнікамі, Лукашэнку ў той прэзыдэнцкай кампаніі не сьвяціла б нічога, апроч нумара ў масоўцы. Аднак у запале партыйнай барацьбы дэмакратычныя кандыдаты «прахлопалі» канкурэнта, якога лічылі зусім нявартым увагі.
«Спрэчкі былі паміж тымі, хто за Кебіча і за Пазьняка, подпісы за Лукашэнку зьбіраў умоўны алкаш, да якога ніхто і не падыходзіў. Хто зрабіў Лукашэнку? — перапытвае ён. — Думаеце, Лябедзька, Ганчар, Булахаў? Не, над ім была каманда старых, вопытных „драпежнікаў“. Гэта пакрыўджаны Малафееў са сваімі сувязямі, якога пагналі з камуністычных пасадаў; Лявонаў, які фактычна ў адзіночку забясьпечыў збор подпісаў — Магілёў і раён далі 99% зь неабходных 100 тысяч. У астатнім па Менску з Саюзам моладзі дапамог Фядута. А тыя „маладыя ваўкі“ былі толькі прыкрыцьцём, ад іх ён пазбавіўся пры першай жа магчымасьці».
А яшчэ, на думку Сяргея Чырыка, дрэнную паслугу сыграла «расслабленасьць пасьля бою». Грамадзтва і палітычныя эліты не ўяўлялі, што празь лічаныя гады пасьля вызваленьня з аўтарытарных путаў зноў можна рушыць у тым самым кірунку. Званочкі з рэфэрэндумам пра нацыянальную сымболіку ды намёкам на пажыцьцёвае кіраваньне расчулі занадта позна, кажа Сяргей Чырык.
Ён нагадвае, што ў 1992 годзе апазыцыя сабрала амаль паўмільёна подпісаў за роспуск Вярхоўнага Савету. Аднак, па яго словах, Станіслаў Шушкевіч хутка вылічыў, што ў такім выпадку яму кіраўніком парлямэнту ня быць, і ўвесь працэс спусьціў на тармазах.
Праз год — яшчэ адзін «падарунак», працягвае спадар Чырык. У Вярхоўным Савеце была камісія па прывілеях. Яе чальцы Сяргей Навумчык і Сяргей Антончык шмат каму папсавалі нэрвы зь ліку намэнклятуры. Каб пазбавіцца ад настырных дэпутатаў, стварылі новую — па карупцыі. Станіслаў Шушкевіч прапанаваў у кіраўнікі Лукашэнку, які неўзабаве яму «аддзячыў» знакамітай «скрынкай цьвікоў».
Адказ моладзі на рэфэрэндум 1995 году пра мову і сымболіку
«Я быў у камандзе, якая здымала ролікі для Акадэміі навук. Дык вось у 1992 годзе Інстытут сацыялёгіі правёў дасьледаваньне грамадзкай думкі: 26% — за камуністаў, 24% — за БНФ, 8% — за дэмакратаў, 6% — за аграрыяў, астатнія ў межах хібнасьці. Іншымі словамі, на выбарах апрыёры разьлічвалі на добры вынік. А людзі не пайшлі, актыўнасьць зьнізілася — падумалі, што небясьпека мінула. Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка першым чынам зьнішчыў Вярхоўны Савет — адпомсьціў за спробу імпічмэнту. І гэта ўжо быў цывілізацыйны пералом».
Сяргей Чырык кажа, што ў кампаніі з дэпутатамі Сяргеем Калякіным і Мечыславам Гіруцем яны апошнімі сышлі з Авальнай залі, зачыніўшы за сабой дзьверы. Гэтак скончылася і ягоная дзейнасьць як парлямэнцкага карэспандэнта.
Сябры і паплечнікі
У нейкім сэнсе Сяргей Чырык цяпер спадкаемца Ўладзімера Кармілкіна — летапісца беларускай незалежнасьці, якога ня стала ў 2002 годзе. Без фотаапарата і мікрафона гэтага шчырага, дабрадушнага чалавека немагчыма было ў 1990-х уявіць ніводную вулічную акцыю. Праўда, сам спадар Сяргей ня хоча, каб ягоныя архівы напаткаў так ж лёс, як дакумэнтальную спадчыну калегі.
«Я сябраваў з Паўлавічам, праводзіў у апошні шлях... Пасьля яго сьмерці з хаты выграблі ўсё, нават чыстыя касэты. Калі забіралі, абяцалі, што будзе „годны працяг“. Ну і дзе тыя фотаальбомы, дыскі, фільмы? Дарэчы, асноўны архіў Кармілкіна — ня здымкі. Галоўнае багацьце — галасы людзей, большасьці якіх ужо няма. Ён запісваў усё: ня толькі выступы на мітынгах, а і праграмы тэлебачаньня, радыё. І таксама за ідэю, ніякай падтрымкі. Палітыкі думаюць, што яны — пуп зямлі, астатнія — абслуга. Але ім даюць высьпятка пад зад і назаўтра забываюць. А Кармілкіна памятаюць».
Абарона Курапатаў падчас пашырэньня кальцавой дарогі, 2001 год
Сёньня цяжка канкураваць у апэратыўнасьці з новымі тэхналёгіямі, таму Сяргей Чырык здымае збольшага «для душы». Прызнаецца, што баіцца страціць тое, што назапашвалася дзесяцігодзьдзямі.
«Я і сёньня здымаю, адзінае — не хаджу на забароненыя акцыі, — кажа вэтэран-апэратар. — Па-першае, у мяне, адрозна ад журналістаў, няма ніякага прыкрыцьця, за мяне ніхто змагацца ня будзе. Па-другое, прабачце, берагу свой архіў. Не хачу, каб да мяне прыйшлі зь ператрусамі, з канфіскацыямі. Гэтага проста не перажыву, бо за апошнія тры дзясяткі гадоў нічога іншага не прыдбаў, гэта адзіны мой здабытак. Давайце быць шчырымі: відэа — гэта ўсё ж ня байкі. Чалавек адзін раз пабачыў — і даведаўся, як усё было насамрэч».
Сяргей Чырык кажа, што пайменна ведае ўсіх, хто рабіў беларускую незалежнасьць, таму яго бянтэжыць, калі нехта прыпісвае сабе чужыя заслугі. «Фальсыфікацыя ня пройдзе — усё зафіксавана», — сьмяецца Сяргей Чырык.
«Баюць байкі, што ў першы дзень путчу нехта на плошчы выступаў. Ды не было такога! — абураецца ён. — Ці пачынаюць „вэтэраны адраджэньня“ дзяліцца ўспамінамі. Гляджу ды думаю: а хто вы такія? Прабачце за нясьціпласьць, я ведаю ўсіх, ня так у БНФ і шмат было „штыкоў“, дзесьці каля 3 тысяч... У гэтым сэнсе заўсёды хочацца паўтарыць геніяльнае назіраньне Бісмарка: рэвалюцыю рыхтуюць геніі, робяць фанатыкі, а яе пладамі карыстаюцца прайдзісьветы. Ідэйным геніем у нас быў Караткевіч, фанатыкам — Пазьняк, а каго атрымалі — ня хочацца лішні раз і згадваць».
Зянон Пазьняк прамаўляе на плошчы Незалежнасьці, зіма 1992 году
Свае архівы апэратар паступова аблічбоўвае, хоць працэс ідзе ня так шпарка, як хацелася б — паўстае шэраг тэхнічных і фінансавых праблемаў. Па-першае, ня так проста чалавеку бяз працы зарабіць на нятанную тэхнічную працэдуру. Па-другое, не хапае месца, дзе захоўваць вялізны аб’ём відэаінфармацыі — гэта ж кілямэтры адзьнятых стужак.
Відэа і фота — з архіву Сяргея Чырыка