Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер Украіны пра ўкраінскае, «а не гібрыднае» рашэньне на адборы на «Эўрабачаньне»


Сьпявачка Maruv, якая 23 лютага перамагла ва ўкраінскім нацыянальным адборы на «Эўрабачаньне-2019», раней пацьвердзіла, што езьдзіла выступаць у Расею
Сьпявачка Maruv, якая 23 лютага перамагла ва ўкраінскім нацыянальным адборы на «Эўрабачаньне-2019», раней пацьвердзіла, што езьдзіла выступаць у Расею

Віцэ-прэмʼер Украіны Вячаслаў Кірыленка заявіў, што з нагоды таго, хто будзе прадстаўляць Украіну на песенным конкурсе «Эўрабачаньне-2019», павінна быць прынятае «узважанае ўкраінскае» рашэньне, «а не гібрыднае».

Пра гэта ён напісаў у Twitter 25 лютага.

«Тэарэтычнае скасаваньне некалькіх канцэртаў у Расеі не здымае тых гіганцкіх інфармацыйных рызык, якія атрымае Ўкраіна, калі на "Эўрабачаньні" яе будуць прадстаўляць артысты, якія ўжо правялі дзясяткі канцэртаў у Расеі» — напісаў Кірыленка.

23 лютага ва ўкраінскім нацыянальным адборы на «Эўрабачаньне-2019» перамагла сьпявачка Maruv, якая павінна прадстаўляць Украіну на песенным конкурсе ў траўні 2019 году.

Па выніках фіналу яна атрымала 11 балаў з 12 магчымых. Чальцы журы паставілі сьпявачцы 5 балаў, а па выніках глядацкага галасаваньня Maruv атрымала максымум — 6 балаў.

На яе адрас выказвалася крытыка з-за таго, што раней яна езьдзіла выступаць у Расею і таксама заплянаваныя яе канцэрты там у будучыні.

Узгадненьне прадстаўніка Ўкраіны на «Эўрабачаньне-2019» на працягу 48 гадзін пасьля абвяшчэньня вынікаў нацыянальнага адбору павінна правесьці Нацыянальная грамадзкая тэлерадыёкампанія.

Сьпявачка Maruv раней сёньня заявіла, што на яе ціснуць з мэтай прымусіць адмовіцца ад удзелу ў песенным конкурсе, і выказала гатоўнасьць адмовіцца ад выступаў у Расеі і ўзяць на сябе ўсе выдаткі па ўдзеле ў конкурсе.

Песенны конкурс «Эўрабачаньне-2019» адбудзецца ў траўні ў Ізраілі. Летась на «Эўрабачаньні» перамагла выканаўца Netta з Ізраілю. Украіну на песенным конкурсе прадстаўляў Melovin, які стаў 17-м з 26-ці ўдзельнікаў фіналу конкурсу. Беларусь на Эўрабачаньні −2018 прадстаўляў украінскі выканаўца Мікіта Аляксееў. Ён тады не прайшоў у фінал конкурсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG