Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўрабачаньне-2017»: у Кіеве не выключаюць забароны на ўезд канкурсанткі ад Расеі


Сьпявачка з Расеі Юлія Самойлава
Сьпявачка з Расеі Юлія Самойлава

У Кіеве трывае актыўная арганізацыйная праца для правядзеньня ў траўні 62-га міжнароднага песеннага конкурсу «Эўрабачаньне» — абвяшчаюцца тэндэры на розныя віды паслуг, набіраюцца каманды валянтэраў, прадаюцца квіткі.

Днямі ў Кіеве ўжо нават адбылася сустрэча кіраўнікоў нацыянальных дэлегацыяў краінаў-удзельніц. І якраз гэтымі днямі сталі вядомыя практычна ўсе канкурсанты.

Найбольшыя дыскусіі разгарнуліся вакол сьпявачкі ад Расеі — Юліі Самойлавай. Яна нарадзілася ва Ўхце, сьпявае зь дзяцінства, нягледзячы на сваю інваліднасьць (усё сваё жыцьцё яна перасоўваецца ў інвалідным вазку пасьля няўдалай прышчэпкі ад поліяміэліту), удзельнічала ў шматлікіх дзіцячых песенных конкурсах. У 2013 годзе стала фіналісткай шоў «Фактор-А» і сьпявала на ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця зімовых Паралімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе.

Ва Ўкраіне зьвяртаюць увагу на той факт, што за тыдзень да гэтага выбару ў Расеі адбыўся скандал, выкліканы рэакцыяй прадстаўнікоў журы тэлешоў «Хвіліна славы» на выступ танцора Яўгена Сьмірнова з абмежаванымі магчымасьцямі — ён страціў нагу пасьля аварыі. Уладзімер Позьнер назваў выступ «забароненым прыёмам», а Рэната Літвінава прапанавала танцору «прычапіць» другую нагу. Нават расейскія СМІ прызнавалі, што калі б ня гэты інцыдэнт, на «Эўрабачаньне» ва Ўкраіну ніхто б не паехаў — Расея была на мяжы абвяшчэньня байкоту конкурсу.

Ва ўмовах варожасьці, якая існуе паміж Украінаю і Расеяю праз канфлікт на Данбасе і анэксію Крыму, гэта быў бы, напэўна, лягічны крок. Але выбар зроблены, і ўкраінцы мусяць яго прыняць або адхіліць.

Прыняць будзе азначаць, што закон не аднолькавы для ўсіх, бо Юлія Самойлава наведвала Крым з канцэртамі, уяжджаючы на паўвостраў не праз тэрыторыю Ўкраіны, а такім артыстам украінская СБУ забараняе ўезд у краіну.

Юлія Самойлава, канцэрт у Керчы, 2015 год
Юлія Самойлава, канцэрт у Керчы, 2015 год

Адхіліць — трапіць пад хвалю гневу і крытыкі ад усёй Эўропы за «парушэньне правоў чалавека з абмежаванымі магчымасьцямі».

У сацыяльных сетках украінцы аднадушна назвалі расейскі выбар правакацыяй і прапанавалі даволі радыкальныя захады — ад ўвядзеньня для Юліі Самойлавай забароны на ўезд да арганізацыі яе сустрэчы ветэранамі вайны на Данбасе, якія у выніку атрыманых раненьняў засталіся бяз ног і перасоўваюцца ў інвалідных вазках.

«У „Эўрабачаньні-2017“ маюць браць удзел 43 краіны. Адна з гэтых краінаў, а менавіта Расейская Фэдэрацыя, незаконна анэксавала Крым і працягвае неабвешчаную гібрыдную вайну на ўсходзе Ўкраіны. Расейскі бок прапанаваў спявачку, якая, на жаль, паводле некаторых зьвестак, перасякала мяжу Аўтаномнай Рэспублікі Крым незаконным спосабам. Гэтая справа патрабуе дадатковага вывучэньня з боку спэцыяльных службаў Украіны. Гэты працэс, уласна, цяпер і адбываецца. Але я хачу запэўніць, што Ўкраіна будзе разьвязваць гэтае пытаньне, па-першае, згодна з духам песеннага конкурсу „Эўрабачаньне“, а па-другое, згодна з дзейным украінскім заканадаўствам», — заявіў віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Вячаслаў Кірыленка.

Старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак напярэдадні паведаміў, што рашэньне наконт Юліі Самойлавай будзе ўхвалена да траўня. «У Расеі ёсьць прадстаўнікі зь нягоршымі вакальнымі дадзенымі, але было прынята рашэньне адправіць менавіта гэтага чалавека, у якога ёсьць фізычныя заганы. Хацелі паглядзець на нашу рэакцыю. Рэакцыя службаў бясьпекі будзе. Мы б хацелі падключыць высновы арганізатараў „Эўрабачаньня“ і Міністэрства культуры», — адзначыў Васіль Грыцак.

Арганізатары «Эўрабачаньня» таксама агучылі сваю пазыцыю. «Мы разумеем і паважаем законы Ўкраіны. Рашэньне мае быць прынятае органамі ўлады. У Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу няма ніякіх пярэчаньняў наконт расейскай удзельніцы і расейскай дэлегацыі, няма ніякіх парушэньняў зь іх боку ў рамках песеннага конкурсу. І мы спадзяёмся, што зможам знайсьці добрае рашэньне, якое дазволіць кожнай дэлегацыі і кожнаму артысту прыехаць ва Ўкраіну», — адзначыў выканаўчы дырэктар «Эўрабачаньня» Ён Уля Санд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG