Затрыманы абаронца Курапатаў Дзяніс Ўрбановіч, якога на мінулым тыдні зьбіў машынай адзін з музыкаў рэстарацыі «Поедем поедим».
Факт затрыманьня пацьвердзіў дзяжурны Бараўлянскага аддзяленьня міліцыі: «Зь ім зараз займаецца ўчастковы, ідзе праверка».
Пад вечар 25 лютага стала вядома, што Дзяніса Ўрбановіча адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Менскага раёну, што на вуліцы Францішка Скарыны ў Менску.
«Так, ён у нас. Заўтра будзе суд. Па якім артыкуле адміністрацыйнага кодэксу — гэта службовая інфармацыя», — сказала супрацоўніца ўстановы.
Інцыдэнт адбыўся 16 лютага на ўезьдзе ў забаўляльную установу, якую дзявяты месяц пікетуюць абаронцы Курапатаў. Актывіста зьбіў на сваім аўтамабілі жыхар Менску Анатоль Лабанок, на якога супрацоўнікі ДАІ склалі адміністрацыйны пратакол.
Пасьля здарэньня лекары дыягнаставалі ў актывіста траўмы пляча і рукі, якія ня лічацца цяжкімі. Таму максымум, што пагражала Лабанку паводле пратаколу, — часовае пазбаўленьне правоў кіроўцы за наезд на чалавека.
Анатоль Лабанок, які наехаў на Ўрбановіча, — музы́ка, грае на кантрабасе і навучае дзяцей музыцы. Дзяніс Урбановіч сьцьвярджае, што кіроўца наехаў на яго сьвядома, а пасьля здарэньня нават ня выбачыўся і не пацікавіўся ягоным здароўем.
22 лютага ў Менскім абласным ДАІ адмянілі першапачатковы пратакол аб адміністрацыйным парушэньні, складзены пасьля наезду на абаронцу Курапатаў. Падстава — зьмяніўся дыягназ, які паставілі лекары пасьля траўмы. Да ўшыбаў пляча і ключыцы, якія лекары выявілі пасьля здарэньня 16 лютага, дадаўся шыйна-плечавы сындром. Паводле мэдыкаў з 38-й паліклінікі Менску, у актывіста пашкоджаныя сьпіна і пазванкі шыі.
У улікам новых абставінаў актывіст не выключаў пачатку крымінальнай справы. Але аказаўся затрыманы сам.