У суботу, 23 лютага, польскія нацыяналісты правядуць шэсьце ў Гайнаўцы, большасьць жыхароў якой беларусы і праваслаўныя. Апэляцыйны суд у Беластоку падтрымаў рашэньне беластоцкага акружнога суду, які адмяніў забарону мерапрыемства.
Мэр Гайнаўкі Ежы Сірак на мінулым тыдні забараніў штогадовае шэсьце. 18 лютага суд у Беластоку гэтае рашэньне адмяніў, а сёньня яго падтрымаў Апэляцыйны суд у складзе трох чалавек.
Судзьдзя Пётр Казлоўскі, які адмяніў рашэньне аб забароне шэсьця, сказаў:
— Свабода сходаў датычыць таксама і такіх дэманстрацыяў, якія раздражняюць або абражаюць асобаў, якія супраць тых ідэяў, якія там прапагандуюцца. Раздражненьне, а нават абраза нацыянальных, этнічных, расавых, канфэсійных груп правядзеньнем сходу адбываецца ў рамках свабоды сходаў.
У інтэрвію выданьню Gazeta Wyborcza мэр Сірак сказаў:
— Я прыняў гэтую пазыцыю да ведама, але мне вельмі сума, што закон у Польшчы дазваляе такія маршы. Веру, што ў будучыні будзе прынятая папраўка закону, і такія шэсьці будуць забароненыя. Мы будзем супрацоўнічаць з паліцыяй у справе бясьпекі. Заклікаю жыхароў Гайнаўкі ігнараваць гэтае шэсьце.
Мэр зьвярнуўся да настаяцеля праваслаўнага прыходжу Яна Хрысьціцеля з просьбай правесьці 23 лютага набажэнства памяці трагічна загінулых ахвяраў атраду Рамуальда «Райса» Бурага ў студзені і лютым 1946 году.
Штогод удзельнікі шэсьця нясуць выявы Бурага падчас маршу ў Гайнаўцы, які праводзіцца ў гонар Выклятых жаўнераў, то бок партызанаў антыкамуністычнага падпольля ў Польшчы пасьля ІІ сусьветнай вайны.
Шэсьце ладзяць нацыяналістычныя арганізацыі і футбольныя заўзятары. Сёлета ў ім мае прыняць удзел 500 чалавек.