Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнс скрытыкаваў пазыцыю Мэркель наконт супрацы з Расеяй


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс.

Канцлерка Нямеччыны заявіла, што Эўропа не зацікаўленая ў поўным спыненьні дыялёгу з Масквой.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс у суботу адхіліў заклік канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель пачаць супрацоўнічаць з Расеяй. Пэнс паспрачаўся з Мэркель падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, у рамках якой віцэ-прэзыдэнт ЗША правёў перамовы з канцлеркай Нямеччыны, паведамляе Голас Амэрыкі.

«Амэрыка моцная, як ніколі, і Амэрыка зноў стала лідэрам на сусьветнай арэне», — заявіў Майк Пэнс, выступаючы ў Мюнхэне перад лідэрамі эўрапейскіх і азіяцкіх дзяржаваў, пералічваючы посьпехі зьнешнепалітычнай стратэгіі ЗША за апошні час: ад Аўганістану да Паўночнай Карэі.

Пры гэтым Пэнс падкрэсьліў, што прынцып «Амэрыка найперш» не азначае «Амэрыка сама па сабе». Ён назваў вынікі, дасягнутыя адміністрацыяй Трампа, «выдатнымі» і «выбітнымі», заклікаўшы Эўразьвяз узяць прыклад Вашынгтону і выйсьці зь ядзернай угоды з Іранам, а таксама прызнаць Хуана Гуайдо легітымным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы.

Пэнс чарговым разам заявіў, што Вашынгтон выступае супраць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток — 2», дзякуючы якому расейскі газ будзе ў значных аб’ёмах паступаць у Нямеччыну па дне Балтыйскага мора.

«Мы ня можам зрабіць Захад больш моцным, становячыся залежнымі ад Усходу», — сказаў Майк Пэнс.

Мэркель падчас свайго выступу выступіла ў абарону гандлёвых адносін паміж Расеяй і Нямеччынай, а пасьля прамовы Пэнса заявіла, што сьцьвярджэньні аб ненадзейнасьці Масквы ў якасьці пастаўшчыка энэргіі ня слушныя.

У ходзе далейшай дыскусіі канцлерка дадала, што выключаць Расею з палітычнага працэсу нельга. У адказ Пэнс сказаў, што Вашынгтон усё яшчэ спрабуе заклікаць Маскву да адказу за анэксію Крыма і спробы дэстабілізаваць Захад з дапамогай кібэратакаў і дэзынфармацыі.

«З геастратэгічнага пункту гледжаньня, Эўропа не зацікаўленая ў спыненьні ўсіх адносінаў з Расеяй», — адказала Ангела Мэркель.

Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў падчас канфэрэнцыі, заявіўшы, што пасьля Трампа традыцыйна цесныя адносіны паміж ЗША і Эўропай адновяцца з ранейшай сілай. «Амэрыка яшчэ вернецца», — паабяцаў Байдэн, чыя прамова была сустрэтая бурнымі авацыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG