Ляўрэтка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію Свабодзе пракамэнтавала выказваньні вышэйшых дзяржаўных асобаў пра вытокі стаўпецкай трагедыі.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «вінаватыя ўсе», зьвінаваціў ва ўсім «бардак», які нібыта пануе ў беларускіх школах, а кіраўніца ягонай адміністрацыі Натальля Качанава сьпісала гэта на інтэрнэт-залежнасьць дзяцей і заклікала адцягнуць іх ад кампутараў.
Нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч разважае, у чым прычыны жорсткасьці маладых людзей.
У паветры вісіць атмасфэра гвалту
«Не, гэта, безумоўна, не прыватны выпадак. Разумееце, у паветры вісіць нейкая нянавісьць, людзі ёй проста зараджаюцца, падсілкоўваюцца. Зьяўляецца перакананьне, што праблемы можна вырашыць гвалтам — нажом, аўтаматам. А гэта самая страшная думка, якая можа зьявіцца. Дух гвалту, на жаль, сёньня прысутнічае ў нашым жыцьці ва ўсім і ўсюды...
Я бачыла твары выкладчыкаў, дырэктара той школы. І няпраўда, што там бардак, не было яго там ніколі. Гэта відавочна нават па твары той цудоўнай загінулай настаўніцы, якую вельмі любілі вучні — яны адзін за адным пра гэта гаварылі яшчэ да таго, як яе ня стала.
Дый у падлетка, які ўчыніў злачынства, сям’я сама па сабе вельмі добрая. Відаць, што бацькі — звычайныя працаўнікі, якія шчыра радаваліся за сваё дзіця, жадалі для яго сьветлай будучыні. А ўжо пра забітага хлопчыка дык проста слоў няма: рос сапраўдны сьвядомы беларус; чалавек, які ўжо зрабіў свой асэнсаваны выбар.
Думаю, у тым ці іншым выглядзе прысутнічала пэўная рэўнасьць паміж гэтымі дзецьмі: абодва былі дастаткова моцнымі і амбітнымі. І нечага сьвядомасьць аднаго ня вытрымала — узмоцненая, як ужо казала, агульнай атмасфэрай духу гвалту, непавагі да чалавечага жыцьця. Вось тут трэба шукаць прычыны».
Пашыраецца думка, што ўсё вырашае сіла
«На ўсіх узроўнях паступова ўкараняецца думка, што ўсё можна вырашыць крыкам, сілай. Паглядзіце, як паводзіць сябе той жа Лукашэнка — загадвае міністру: давай, гавары, іначай выйдзеш адсюль у ланцугах-кайданках. Гэта ж таксама гвалт, непавага да чалавечай годнасьці.
А калі ён ня так даўно заявіў, што біць дзяцей — гэта «нацыянальная традыцыя», дык пра што наогул казаць? Мне вось цікава: ён і свайго малодшага Кольку б'е, як некалі старэйшых? І за што, за якія правіны? Шчыра кажучы, я пабывала і ў багатых краінах, і ў бяднейшых, але нічога падобнага ня чула з вуснаў вышэйшага кіраўніка.
Нам усім трэба навучыцца гаварыць, знаходзіць нейкія іншыя словы, а не крычаць, не раўці, як гэта робяць амаль усе начальнікі. Проста адмахнуцца, што ў школах бардак? Ды ў нас маса цудоўных настаўнікаў, якія працуюць абсалютна ў невыносных умовах, з кучай непатрэбных паперак, пад пастаянным прэсінгам праверак, кантролем людзей, якія нічога не разумеюць у адукацыі, але пастаянна крычаць. І тое, што кажа Качанава, таксама толькі адзін са складнікаў таго, што адбываецца. Таму, я думаю, усё гэта вельмі глыбінныя працэсы.
Паўтаруся, мне вельмі спадабаліся твары выкладчыкаў стаўпецкай школы. Я сама зь сям’і настаўнікаў і ведаю, што такое сапраўды шчырыя твары. І людзі не хлусяць, калі іх распытваюць на вуліцы, у адзін голас кажуць, што гэта вельмі добрая школа, выдатная дырэктарка».
Дух саперніцтва засьцілае розум
«Калі я бываю за мяжой, выступаю ў гімназіях, ліцэях, там зусім іншая танальнасьць размовы — вучняў паміж сабой, з настаўнікам, з вышэйшым начальствам, якое апякуецца гэтай школай.
І нават нягледзячы на гэта, там таксама здараюцца забойствы. Бо, зноў жа, існуе дух саперніцтва, непрыманьня чужых посьпехаў.
Асабліва паміж хлопчыкамі — дзяўчаткі ж не страляюць, ня рэжуць. Гэта ўсё той дух гвалту, які пасяліўся ў нашым жыцьці, зь якога ні я, ні іншыя пакуль што ня бачаць выйсьця. Дый ніхто асабліва і ня хоча выходзіць, усё вырашаецца толькі крыкам, пагрозамі, прыніжэньнем апанэнта. Хамства, якое пачынае ўладарыць нашым жыцьцём».
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.