Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выкладчыкі лічылі, што жанчына ня можа нармальна ведаць фізыку» — Беларусь на форуме ў Давосе ўпершыню прадставіла жанчына


Людміла Батура
Людміла Батура

Людміла Батура стала першай жанчынай, якая афіцыйна прадставіла Беларусь на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе. Сёлета тэмай сустрэчы кіраўнікоў краін, найбуйнейшых бізнэсмэнаў і экспэртаў сьвету была «Глябалізацыя 4.0». Беларуская ўдзельніца распавядала пра неабходнасьць сацыяльнай абароны насельніцтва.

Швайцарская недзяржаўная арганізацыя «Ўсясьветны эканамічны форум» праводзіць форум у Давосе з 1971 году.

«Паступаюць тысячы заявак, адбіраюць каля 40 чалавек»

— ​Людміла, сёлета ў Давосе было 3000 удзельнікаў, сярод якіх канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прынц Уільям, прэзыдэнты Літвы і Ўкраіны, прэм’ер-міністар Японіі. Як вы трапілі на форум?

Я прадстаўляю менскі Global Shapers Hub — гэта міжнародная моладзевая супольнасьць, маладых прафэсыяналаў, створаная з ініцыятывы Ўсясьветнага эканамічнага форуму. Раз на год Усясьветны эканамічны форум абвяшчае конкурс для ўсіх «шэйпэраў» на ўдзел у сустрэчы ў Давосе. Мы здымаем дзьвюххвіліннае відэа, дзе распавядаем пра нашую працу, прафэсійныя дасягненьні. Гэта вельмі канкурэнтны працэс, паступаюць тысячы заявак, адбіраюць каля 40 чалавек.

Вядома, я пастараюся максымальна выкарыстаць гэтую магчымасьць, бо найчасьцей яна здараецца раз у жыцьці. Напрыклад, для бізнэсмэнаў удзел у Форуме каштуе нават не дзясяткі тысяч даляраў. Пасьля форуму яшчэ 8–9 месяцаў у мяне будзе доступ да ўсяго сьпісу ўдзельнікаў мерапрыемства, і я змагу па электроннай пошце напісаць любому зь іх.

Беларуска Людміла Батура на форуме ў Давосе (стаіць трэцяя справа)
Беларуска Людміла Батура на форуме ў Давосе (стаіць трэцяя справа)

— ​Вы ў Фэйсбуку напісалі такі іранічны пост, што ў 21 стагодзьдзі яшчэ можна сустрэць «першую жанчыну» дырыгента, рэжысэра, але і пра вас кажуць як пра «першую жанчыну, якая прадстаўляе Беларусь у Давосе». Як вам у такім статусе?

Я, вядома, рада. Але гэта і дзіўна таксама. Я ўжо аднойчы была «першай жанчынай», калі праходзіла гутарку на пасаду ў рэклямную кампанію. Трэба было працаваць з тэхнічным абсталяваньнем, і ў кампаніі вельмі сумняваліся, ці можа жанчына такое зрабіць. Па сутнасьці, мяне ўзялі, бо людзі сыходзілі ў адпачынак. Калі я прыйшла ў досыць тэхнічны аддзел гэтай рэклямнай кампаніі, да гэтага там не працавала аніводная жанчына. Я сыходзіла адтуль праз 3–4 гады, і ў гэтым аддзеле працавалі толькі жанчыны (акрамя пасады начальніка). Мне гэта прыемна, і я лічу гэта сваёй перамогай.

Але колькі яшчэ такіх стэрэатыпаў?! Мне пашанцавала, што мяне ўзялі на гэты кароткі тэрмін, але колькі жанчын не атрымалі такой магчымасьці і не змаглі даказаць, што могуць.

— ​Моцна вам перашкаджалі гендэрныя стэрэатыпы ў вашай кар’еры?

Я скончыла Вышэйшы каледж сувязі па электроніцы і фізыцы, па першай прафэсіі я тэхнік тэлекамунікацый. Гэта больш мае бацькі матывавалі мяне атрымаць тэхнічную спэцыяльнасьць, бо лічылася, што гэта мяне пракорміць. Ужо ў каледжы я зразумела, што кампутар, абсталяваньне — гэта не маё. Пасьля я пайшла ў БДТУ на мэнэджэра, што было вельмі цікава, бо эканоміка — дагэтуль адно з захапленьняў майго жыцьця.

І пасьля я паехала вучыцца ў Нідэрлянды ў Маастрыхт, атрымала падвойную ступень па спэцыяльнасьці «Публічная палітыка і разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу» са спэцыялізацыяй «сацыяльная палітыка і яе фінансаваньне».

Я ўвесь час працавала ў некамэрцыйным сэктары, займалася адукацыйнымі праектамі, праектамі па разьвіцьці сельскіх тэрыторый.

З гендэрнымі стэрэатыпамі больш-менш пастаянна сутыкалася і сутыкаюся. У каледжы выкладчыкі лічылі, што жанчына ня можа нармальна ведаць фізыку. Нават распавядалі гісторыю, калі муж і жонка прыходзяць на іспыт. Жонка адказвае на пяцёрку, муж адказвае горш. Выкладчык кажа: «як гэта, каб муж ведаў фізыку горш за жонку?!», і ставіць яму тую ж пяцёрку. Ва ўнівэрсытэце дзяўчаты ведалі, што ў шэрагу выкладчыкаў ёсьць «альтэрнатыўныя» спосабы здаць іспыт. Або выкладчык прыходзіць і кажа дзяўчатам: «Вучыце, бо я ня дам сьпісваць». То бок адразу ўжо мяркуе, што мне ня хопіць здольнасьцяў здаць самой.

Вялікім маім плюсам стала мая ўпартасьць. Я магла вучыць усю ноч, ня спаць і на наступны дзень адказаць без падрыхтоўкі. Проста каб давесьці, што я магу.

Але я ведаю шмат якіх людзей, якіх такое стаўленьне дэматывуе.

«Мы ўжо цяпер ведаем, якія навыкі і ўменьні ня зможа замяніць машына»

— Чым форум у Давосе адметны і чаму ўдзельнічаць у ім — гэта крута?

Гэта вельмі высокі ўзровень удзелу. У Давосе зьбіраюцца і прадстаўнікі органаў улады, і некамэрцыйны сэктар, міжнародныя арганізацыі, СМІ і бізнэс, дасьледчыкі са шматлікіх унівэрсытэтаў.

Сёлета ў Давосе была проста неверагодная колькасьць прэзыдэнтаў і кіраўнікоў дзяржаў. Былі панэлі, на якіх усе чатыры ўдзельнікі — прэзыдэнты краінаў, напрыклад, Лацінскай Амэрыкі. Яны разам разважалі пра будучыню свайго кантынэнту.

Мне спадабалася, што Давос — ня проста пляцоўка для абмеркаваньня.

Быў цэлы шэраг дыпляматычных дыялёгаў — па Сырыі, па Вэнэсуэле. Лідэры лацінаамэрыканскіх краін яўна выказаліся не ў падтрымку Мадура. Была сустрэча ізраільскіх і палестынскіх бізнэсмэнаў, якія падкрэсьлілі важнасьць таго, каб ізраільска-палестынскі канфлікт быў вырашаны бліжэйшым часам. Ізраільскія і палестынскія бізнэсмэны дасягнулі дамоўленасьці падтрымліваць палестынскую эканоміку, стартапы і прадпрымальніцтва.

Па выніках узьнік цэлы шэраг партнэрстваў. Напрыклад, Усясьветны эканамічны форум і 7 бізнэс-кампаній дамовіліся, што да 2020 году яны ў сябе ў кампаніях укарэняць распрацаваныя ААН Стандарты паводзінаў для бізнэсу па барацьбе з дыскрымінацыяй у дачыненьні да ЛГБТ-людзей. І плянуецца, што да 2020 году яшчэ 50 кампаній да іх далучацца.

Беларуска Людміла Батура на форуме ў Давосе (стаіць трэцяя зьлева)
Беларуска Людміла Батура на форуме ў Давосе (стаіць трэцяя зьлева)

— Якія праблемы сёлета ў Давосе былі вызначаныя як глябальныя?

Чырвонай ніткай праходзіла найперш экалягічная бясьпека. Літаральна ў 2018 -м выйшаў даклад па зьменах клімату. Паводле яго, у нас ёсьць 12 гадоў, каб прыняць нейкія меры, пакуль шкодны ўплыў ад глябальнага пацяпленьня ня стаў незваротным.

Ня раз уздымалася тэма няроўнасьці. Абмяркоўвалася, як стымуляваць бізнэс рабіць унёсак у разьвіцьцё краінаў, як пазьбегнуць сыходу ад сплаты падаткаў, чаму ў нас дагэтуль ёсьць так званыя tax havens — месцы, дзе бізнэс мае ўнікальныя ўмовы для сплаты падаткаў.

І шмат гаварылі пра ўдзел моладзі ў прыманьні рашэньняў. З 8 старшыняў сёлетняй сустрэчы 6 былі маладымі людзьмі, прадстаўнікамі пляцоўкі глябальных архітэктараў будучыні, да якой я належу.

— Пра што вы гаварылі ў сваім дакладзе?

Я цяпер займаюся пытаньнямі сацыяльнай абароны насельніцтва. У дакладзе маёй асноўнай задачай было падкрэсьліць важнасьць незалежнасьці прафсаюзаў у абароне правоў працаўнікоў. Тут я прывяла вельмі цікавы прыклад Туніса, дзе менавіта прафсаюзы паспрыялі дэмакратызацыі краіны.

Я казала таксама пра неабходнасьць прыняць комплекс сацыяльнай абароны (social protection floor, ILO Recommendation 202) — гэта мінімальны набор сацыяльных гарантый, які ўключае базавую ахову здароўя (забесьпячэньне мінімальнага ўзроўню дахода для дзяцей, людзей, якія не працуюць (хварэюць, беспрацоўныя, людзі зь інваліднасьцю ці ў адпачынку па догляду за дзіцем) и сталых людзей).

Зрабіла акцэнт на тым, як актыўна цяпер разьвіваюцца новыя тэхналёгіі. На адной з панэляў казалі, што пад узьдзеяньнем лічбавых тэхналёгій і разьвіцьця штучнага інтэлекту цалкам зьнікнуць 20% прафэсій і мінімум 30% значна зьменіцца (чалавек і штучны інтэлект будуць працаваць разам). Мы ведаем, што найперш будуць замененыя ці дапоўненыя тыя працы, якія можна альгарытмізаваць.

Але мы ўжо цяпер ведаем, якія навыкі і ўменьні ня зможа замяніць машына. Найперш гэта нестандартнае, інавацыйнае мысьленьне, крэатыўнасьць, усё, што зьвязана з пачуцьцямі, адчуваньнямі чалавека, асабістым кантактам, крытычнае мысьленьне, эмацыянальны інтэлект. Таму гэтыя навыкі мы мусім найбольш даваць дзецям.

У сыстэме адукацыі мы кажам пра неабходнасьць працягваць навучаньне на працягу ўсяго жыцьця. Шмат ужо хто кажа пра патрэбу адмысловых рахункаў на навучаньне, на які чалавек (ці працадаўца) на працягу кар’еры будзе пералічваць пэўную колькасьць грошай і выкарыстоўваць іх для падвышэньня кваліфікацыі. Або гэта будзе рабіць працадаўца.

Я таксама казала пра неабходнасьць фармалізацыі занятасьці, бо дагэтуль вялікая колькасьць эканомікі знаходзіцца ў шэрай зоне. Гэта людзі, якія аніяк не абароненыя. Ёсьць і такая ганебная зьява, як працоўныя бедныя — людзі працуюць на поўную стаўку, атрымліваюць заробак, але знаходзяцца за рысай беднасьці.

«Я лічу абсалютна ганебным памер дапамогі па беспрацоўі ў нашай краіне»

— Як вы ацэньваеце гатовасьць Беларусі да глябальных праблем? Ці ня здарыцца такога, што пакуль мы тут разьбіраемся са сваімі лякальнымі задачамі, нас усяго празь некалькі гадоў накрые глябальным крызісам, пра які мы нават ня думалі?

Мы далёка не наперадзе ўсёй плянэты ў падрыхтаванасьці да навукова-прамысловай рэвалюцыі. Нават калі ўключыш тэлевізар, у нас вельмі мала прагрэсіўнага кантэнту, калі людзям кажуць, да якіх пераменаў ім трэба рыхтавацца, якія веды ім спатрэбяцца падчас чацьвёртай прамыслова-тэхнічнай рэвалюцыі.

З аднаго боку, у нас ствараюцца спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця IT-сэктару, актыўна абмяркоўваюцца крыптавалюты. Але хапае і рэтраграднага мысьленьня, калі сродкі дзяржаўнага бюджэту інвэстуюцца ў неэфэктыўныя прадпрыемствы прамысловага сэктара, у нашыя так званыя прадпрыемствы-брэнды, якія не прыносяць прыбытку.

У нас мала мяняецца сыстэма адукацыі. Яна арыентаваная на даўбежку, завучваньне, выкарыстоўваецца вельмі мала інтэрактыўных мэтадаў. Зусім не разьвіваюць эмацыйны інтэлект, каб людзі маглі ўмець працаваць у камандзе, каб яны адчувалі адзін аднаго, умелі вырашаць складаныя задачы, умелі дамаўляцца, валодалі мастацтвам весьці перамовы.

Я лічу абсалютна ганебным памер дапамогі па беспрацоўі ў нашай краіне. Разумеючы, што ўжо ідуць працэсы, калі шмат якія прадпрыемствы прамысловага сэктару сталі неканкурэнтаздольнымі і закрываюцца, мы павінны дапамагчы людзям перажыць гэты транзытны пэрыяд. Людзі ўжо пачалі губляць працоўныя месцы і яшчэ будуць губляць. А ў нас замест дапамогі ўводзіцца падатак на дармаедзтва.

Гэтая карціна абсалютна супрацьлеглая ўсяму сьвету — паўсюль імкнуцца падтрымаць людзей, якія зьяўляюцца ўразьлівымі на рынку працы, а мы, наадварот, абцяжарваем тых, хто апынуўся ў цяжкай сытуацыі.

— Ці былі вы ў Давосе цікавыя менавіта як прадстаўнік Беларусі?

Найбольш мы вялі тэматычныя размовы. Але я задала пытаньне на панэлі па будучыні альянсу NATO. Мы ведаем, што шэраг замежных СМІ напісалі, што ёсьць магчымасьць рэалізацыі ўкраінскага сцэнару ў Беларусі. Таму я спытала ў генэральнага сакратара NATO спадара Енса Столтэнбэрга, экс-дзяржсакратара ЗША спадара Джона Кэры і міністра замежных спраў Польшчы Яцэка Чапутовіча, наколькі такі сцэнар, на іх думку, верагодны і які мог бы быць адказ ад NATO.

Яны выказалі свой аптымізм, што такое ня здарыцца, хоць быў шэраг прэцэдэнтаў, калі Расея парушала межы і паводзіла сябе агрэсіўна ў дачыненьні да іншых краін. Пасьля гэтай панэлі да мяне падышлі людзі, якія цікавіліся, чым было выкліканае маё пытаньне.

Беларуска Людміла Батура на форуме ў Давосе (чацьвертая справа)
Беларуска Людміла Батура на форуме ў Давосе (чацьвертая справа)

— Чым займаецца менскі хаб Global Shapers і як да яго можна далучыцца?

Наша супольнасьць Global Shapers складаецца з маладых прафэсыяналаў, якія жадаюць нешта рабіць на карысьць сваих супольнасьцяу. Найчасьцей такія пляцоўкі існуюць на базе буйнога гораду. Усяго ў сьвеце каля 10 тысяч шэйпэраў і больш за 300 хабаў. У нас у Беларусі адзін хаб на базе Менску, у ім 18 чалавек.

Раз на год мы абвяшчаем конкурс, і любы малады чалавек, які адпавядае патрабаваньням, можа далучыцца да нашага хаба.

Ёсьць некалькі глябальных кірункаў працы для ўсіх хабаў сусьветнай супольнасьці — гэта занятасьць, адукацыя, экалёгія і інклюзія. Але на месцы кожны хаб вызначае праблемы, важныя для сваёй супольнасьці.

Усе шэйпэры сьвету зьвязаныя ў вялікую сетку, можам камунікаваць праз адмысловую плятформу і паміж сабой, і з усясьветнымі лідэрамі, экспэртамі, можам прыцягваць экспэртаў для вырашэньня праблем сваіх супольнасьцяў.

Цяпер менскі хаб рэалізуе праекты па некалькіх кірунках. Першы — гэта інавацыі ў адукацыі. Досыць вядомы наш праект EdCamp — «неканферэнцыя» для настаўнікаў школ.

Мы таксама рэалізуем праекты ў галіне прадпрымальніцтва і новых тэхналёгій.

Неўзабаве будзем рэалізоўваць праект «Мастацтва і СМІ супраць гендэрных стэрэатыпаў». Бачым, што ў СМІ шмат кантэнту, які аб’ектывізуе жанчыну, таму хочам прадэманстраваць, што жанчына — гэта больш, чым вы бачыце па тэлебачаньні.

І я хачу сказаць, што знаёмства зь вядучымі шэйпэрамі з усяго сьвету — гэта адзін з найлепшых момантаў удзелу ў Давосе. Многія СМІ часам ня вельмі пазытыўна выказваюцца пра форум, называючы яго досыць элітысцкім мерапрыемствам, якое магло б рабіць значна больш. Сёлета яны адзначылі, што менавіта шэйпэры сталі надзеяй гэтай імпрэзы. Думаю, што гэта праўда, бо я сама на адным з нашых апошніх мерапрыемстваў пабачыла, як устала нашая калега з Вэнэсуэлы Аляксандра і са сьлязьмі на вачах распавядала, што роўна год таму ў гэты дзень яна была вымушаная ўцякаць з Вэнэсуэлы, бо ёй пазваніў адвакат і сказаў, што яе арыштуюць. Пасьля ўстала мая калега з Бразыліі і таксама са сьлязьмі на вачах сказала, як ёй сорамна, што яе краіна не адчыніла дзьвярэй для ўцекачоў з Вэнэсуэлы.

Я вельмі шчасьлівая быць сяброўкай гэтай супольнасьці, і лічу, што гэтыя людзі ніколі не паўтораць тых памылак, якія зрабілі палітыкі ў мінулым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG