Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп адмяніў паездку ўсёй дэлегацыі ЗША на форум у Давос


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Паведамляецца, што паездка адмененая з прычыны частковага закрыцьця ўраду ЗША, піша «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмяніў паездку дэлегацыі ЗША на Сусьветны эканамічны форум у швайцарскім Давосе, які мае адбыцца на наступным тыдні. Як гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Белага дома Сары Сандэрс, паездка адмененая з прычыны частковага закрыцьця ўраду ЗША.

Трамп, які ўдзельнічаў у леташнім мерапрыемстве ў Давосе, меў намер зноў паехаць у Швайцарыю ў гэтым годзе, аднак на мінулым тыдні ён адмяніў сваю паездку з-за бітвы з дэмакратамі ў Кангрэсе вакол фінансаваньня сьцяны на мяжы з Мэксыкай, што і прывяло да частковага закрыцьця ўраду.

Міністар фінансаў ЗША Стывен Мнучын і дзяржсакратар Майк Пампэо павінны былі ўзначаліць дэлегацыю ў Давосе ў сьвятле адмовы ад паездкі туды Трампа. Аднак сёньня стала вядома, што Трамп вырашыў адмяніць паездку ўсіх амэрыканскіх чыноўнікаў у Швайцарыю.

«З павагі да 800 000 выдатных амэрыканскіх рабочых, якія не атрымліваюць заробкі, і каб яго супрацоўнікі маглі аказваць яму неабходную дапамогу, прэзыдэнт Трамп адмяніў паездку ўсёй дэлегацыі на Сусьветны эканамічны форум у Давосе, Швайцарыя», — гаворыцца ў заяве Сандэрс.

Мнучын і Пампэо плянавалі выступіць сумесна на першым пасяджэньні форуму 22 студзеня. Меркавалася таксама, што яны сумесна зладяць вячэру для міністраў замежных спраў і фінансаў «Вялікай дваццаткі», падчас якой мусіць абмяркоўвацца шэраг пытаньняў са сфэраў нацыянальнай бясьпекі і эканомікі.

Міністар гандлю Ўілбур Рос і гандлёвы прадстаўнік ЗША Робэрт Лайтхайзэр павінны былі таксама быць часткай дэлегацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG