Словы «табак» і сугучныя зь ім нельга будзе пісаць на шыльдах, паведаміла прадстаўніца Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня Віялета Беразоўская. Але шапікаў «Табакерка» абмежаваньне не закране, бо «гэта невялікая каробачка», піша БелТА.
Начальніца ўпраўленьня гандлю і грамадзкага харчаваньня МАРГу Віялета Беразоўская растлумачыла нормы новага антытытунёвага дэкрэту. Паводле яго, на шыльдах нельга будзе пісаць словы, якія абазначаюць тытунёвыя выбары, а таксама сугучныя ім.
Пры гэтым норма не закранае сетку шапікаў «Табакерка», якія сотнямі ставіць па ўсёй Беларусі кампанія «Энерга-оіл». Агульным лікам такіх шапікаў заплянавана паставіць каля 2,4 тысячы. Гэтая сетка падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну.
«Табакерка — невялікая скрыначка, у якой, як правіла, захоўваецца нюхальны тытунь. Мы дадаткова яшчэ разьбяромся з гэтым, але пакуль ня бачым падстаў для забароны назвы», — патлумачыла Віялета Беразоўская.
«Табакеркі» пачалі зьяўляцца пасьля прэзыдэнцкага ўказу «Аб рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту». Гэты праект скіраваны на ўдасканаленьне парадку аптовага і розьнічнага гандлю тытунёвымі вырабамі.
Пад ціскам грамадзкасьці гэтыя шапікі зьбіраюцца прыбраць з прыпынкаў у Салігорску.