Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькоў прыгразілі штрафаваць за дзяцей-курцоў


© Shutterstock
© Shutterstock

Калі з цыгарэтай зловяць дзіця да 16 гадоў, бацькам гэта можа абысьціся ў 255 рублёў.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі растлумачыла новыя правілы, зьвязаныя з тытунёвымі вырабамі і электроннымі цыгарэтамі, якія былі ўведзеныя дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі.

Бацькоў, чыіх дзяцей да 16 гадоў зловяць за курэньнем, цяпер могуць аштрафаваць паводле арт. 9.4 КаАП («невыкананьне абавязку выхаваньня дзяцей») на суму да 10 базавых велічыняў (255 рублёў), піша МУС.

З камэнтару на сайце МУС не зразумела, ці штрафаваць будуць толькі тады, калі дзіця курыць у неналежных месцах, ці ў любым месцы. Але артыкул КаАП прадугледжвае адказнасьць для бацькоў толькі тады, калі дзіця ўчыніла дзеяньне, якое мае прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня, а правапарушэньнем лічыцца толькі курэньне ў забароненых месцах (гэта арт. 17.9 КаАП РБ). Такая норма была і да «антытытунёвага» дэкрэту.

Дэкрэт павялічыў колькасьць месцаў, дзе за курэньне будуць штрафаваць. Цяпер паліць нельга ў дапаможных памяшканьнях жылых дамоў (агульных калідорах, лесьвіцах і інш.), ліфтах, працоўных месцах у памяшканьнях, падземных пераходах, прыпынках грамадзкага транспарту і ў самім грамадзкім транспарце, на тэрыторыі спартова-аздараўленчых лягераў, ва ўстановах адукацыі і на дзіцячых пляцоўках. Штрафаваць будуць у тым ліку за курэньне ў машынах, дзе знаходзяцца дзеці, але не да 16, а да 14 гадоў.

А штраф можа складаць да 4 базавых велічыняў (102 рублі на момант публікацыі). Летась за курэньне ў неналежных месцах аштрафавалі амаль 7000 чалавек.

«Антытытунёвы» дэкрэт таксама фактычна прыраўняў электронныя сыгарэты і сыстэмы спажываньня тытуню безь яго гарэньня або тленьня да «звычайных» тытунёвых вырабаў. Цяпер усе гэтыя вырабы падпадаюць пад аднолькавыя абмежаваньні што да месца продажу або месца іх спажываньня. Уводзяцца адпаведная забарона на рэкляму такой прадукцыі.

Праўда, дэкрэт ніяк не закрануў пашырэньне продажу тытунёвых вырабаў — кіёскі «Табакерка», якія сотнямі (заплянавана каля 2400 па ўсёй Беларусі) ставіць кампанія «Энэрга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, на даручэньне Лукашэнкі.

Супраць «Табакерак» ужо выступілі жыхары Салігорску (мясцовыя ўлады пагадзіліся прыбраць шапікі з цэнтру гораду і з аўтобусных прыпынкаў) і Берасьця (пэтыцыю яшчэ разглядаюць). Ідзе абмеркаваньне будучай пэтыцыі супраць «Табакерак» на прыпынках па ўсёй Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG