Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Парашэнка ідзе на другі тэрмін, каб весьці Ўкраіну ў Эўразьвяз і NATO


Дзейны кіраўнік Украіны Пятро Парашэнка за пяць дзён да завяршэньня вылучэньня ў кандыдаты на прэзыдэнта абвясьціў пра свой удзел у выбарах 31 сакавіка.

Як і на мінулых выбарах, ён балятуецца не ад сваёй партыі «Салідарнасьць», а як незалежны прэтэндэнт шляхам самавылучэньня.

Пятро Парашэнка абнародаваў гэтае рашэньне ў сымбалічны для Ўкраіны дзень, калі адзначаецца 101-я гадавіна бою пад Крутамі — у 1918 годзе на Чарнігаўшчыне, недалёка ад чыгуначнай станцыі Круты, добраахвотніцкі студэнцкі атрад, абараняючы Ўкраінскую Народную Рэспубліку, змагаўся з бальшавіцкім войскам, большым па колькасьці ў 10 разоў. Бой доўжыўся пяць гадзін, украінцам удалося спыніць наступ на два дні, але самі яны загінулі — бальшавікі ўзялі іх у палон і расстралялі.

Ужо ў сакавіку 1918 году, пасьля падпісаньня Берасьцейскага мірнага пагадненьня, урад УНР вырашыў урачыста перапахаваць загінулых студэнтаў на Аскольдавай магіле ў Кіеве.

Вылучэньне Пятра Парашэнкі кандыдатам на выбары адбылося не на партыйным зьезьдзе, а на форуме «Ад Крут да Брусэлю. Мы ідзём сваім шляхам», на якім кіраўнік украінскай дзяржавы прадставіў сваю выбарчую праграму.

Прэч ад Масквы: асноўныя кірункі праграмы Парашэнкі

  • спыненьне вайны палітыка-дыпляматычным шляхам
  • мадэрнізацыя і ўзмацненьне Ўзброеных сіл
  • разьвіцьцё эканомікі
  • уступ у Эўрапейскі Зьвяз і NATO.

Парашэнка перакананы, што ўжо ў 2024 годзе Ўкраіна зьвернецца з заявай аб далучэньні да Эўразьвязу.

«Вораг прыйшоў не па Крым, не па Данбас, а па ўсю Ўкраіну, ваб вярнуць у вязьніцу. Мір — гэта калі Масква прызнае, што мы маем права ісьці сваім шляхам. І гэты шлях — прэч ад Масквы», — заявіў Пятро Парашэнка.

«Пачуцьцё адказнасьці перад краінай, перад сучасным, мінулым і наступнымі пакаленьнямі прымусіла мяне ухваліць рашэньне кандыдаваць яшчэ раз на прэзыдэнта, — сказаў дзейны прэзыдэнт Украіны. — Прашу мандату ў выбарцаў, каб зрабіць незваротнай эўрапейскую і эўраатлянтычную інтэграцыю, каб аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць і прынесьці Ўкраіне выгадны мір. Каб завяршыць будаўніцтва моцнай пасьпяховай дзяржавы».

Што трэба ведаць пра выбары ва Ўкраіне?

Ад пачатку студзеня пасьведчаньне кандыдата на прэзыдэнта атрымалі 22 з 40 палітыкаў, яшчэ дзевяці прэтэндэнтам Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла з прычыны няпоўнага пакета дакумэнтаў або адсутнасьці грашовага закладу ў памеры 2,5 мільёна грыўняў (каля 100 тысяч даляраў у эквіваленце) — адной з галоўных умоў рэгістрацыі.

Паводле апытаньняў фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», ва ўкраінскай прэзыдэнцкай гонцы лідзіруюць Юлія Цімашэнка (16,1%) і Пятро Парашэнка (13,8%). Далей ідуць гумарыст Уладзімір Зяленскі (8,8%), прадстаўнік папярэдняй партыі ўлады Юры Бойка (8,4%), экс-міністар абароны Анатоль Грыцэнка (6,8%), лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (6,9%), яшчэ адзін прадстаўнік былой партыі ўлады Яўген Мураеў (3,1%), сябра партыі «УКРОП» Аляксандар Шаўчэнка (2,9%), сьпявак Сьвятаслаў Вакарчук (2,6%) і мэр Львова Андрэй Садавы (2,4%).

У пераліку прэтэндэнтаў і два былыя амбасадары Ўкраіны ў Беларусі — Раман Бясьсьмертны і Валянцін Налівайчанка. Аднак, паводле сацыялягічных апытаньняў, яны не набіраюць нават аднаго адсотка галасоў выбарнікаў. Электаральны патэнцыял Дзьмітра Гнапа сацыёлягі зафіксавалі на нулявой адзнацы.

Аднак і лідэрства ў сацыялягічных апытаньнях не гарантуе перамогі на выбарах: за апошнія чатыры гады зьменшылася колькасьць грамадзян, якія ўпэўнена заяўляюць пра свой удзел у выбарах. Перад выбарамі-2014 пра намер прагаласаваць заяўлялі 60% выбарнікаў, цяпер — 42%. Адпаведна, павялічылася і колькасьць грамадзян, якія яшчэ ня вызначыліся або дакладна ня пойдуць на выбары — цяпер іх 23% супраць 20% у 2014-м.

Згодна з вынікамі апытаньняў, 69,7 % грамадзян лічаць, што падзеі ва Ўкраіне разьвіваюцца ў няправільным кірунку, і толькі 18,1 % мяркуюць, што ў правільным. Яшчэ 12,2 % рэспандэнтаў цяжка было адказаць на гэтае пытаньне.

Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбудуцца 31 сакавіка.

Вылучэньне кандыдатаў на выбары прэзыдэнта Ўкраіны завяршаецца 3 лютага. Да 8 лютага будзе працягвацца іх рэгістрацыя ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Ад пачатку студзеня пасьведчаньне кандыдата на прэзыдэнта атрымалі 22 з 40 палітыкаў, яшчэ дзевяці прэтэндэнтам Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла з прычыны няпоўнага пакету дакумэнтаў або адсутнасьці грашовага закладу ў памеры 2,5 мільёна грыўняў (каля 100 тысяч даляраў у эквіваленце) — адной з галоўных умоў рэгістрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG