Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Італіі падпісаў законы пра базавы даход і выхад на пэнсію на 5 гадоў раней


Happy pensioners drink wine in Italy
Happy pensioners drink wine in Italy

Прэзыдэнт Італіі Сэрджа Матарэла падпісаў закон аб пэнсійнай рэформе (так званы закон аб «квоце 100»), паведамляе італьянскае агенцтва Ansa. 17 студзеня закон быў ухвалены Саветам міністраў Італіі.

Галоўны пункт закону — зьніжэньне ўзросту выхаду на пэнсію на 5 гадоў. Цяпер ён у Італіі складае 67 гадоў (яго павысілі ў 2011 годзе падчас эканамічнага крызісу). Рэформа дазволіць італьянцам выходзіць на пэнсію ўжо ў 62 гады, пры ўмове, што ў іх да гэтага моманту набярэцца 38 гадоў працоўнага стажу (разам 38 і 62 складаюць 100, таму закон так і называецца). Пад новую рэформу, такім чынам, мае магчымасьць трапіць амаль любы, хто пачаў працаваць раней, чым у 29 гадоў і ня меў вялікіх перапынкаў у працоўнай дзейнасьці.

Зьмены ўступяць у сілу ўжо з красавіка для прыватнага сэктару і са жніўня — для дзяржаўных структур.

Таксама прэзыдэнт Італіі падпісаў закон, паводле якога маламаёмасныя і сацыяльна неабароненыя грамадзяне Італіі атрымаюць права на так званы «базавы даход». Ён складзе 780 эўра на чалавека і 1032 эўра на сям’ю. Гэты даход, у прыватнасьці, будуць атрымліваць беспрацоўныя, якія доўгі час не могуць знайсьці працы, зьбяднелыя прадпрымальнікі або моладзь, якая ніколі не працавала і, адпаведна, таксама ня мае права на дапамогу па беспрацоўі.

Пры гэтым беспрацоўныя будуць абавязаны наведваць курсы перападрыхтоўкі і згаджацца на вакансіі ў любым пункце краіны. А калі яны тры разы запар адмаўляюцца выйсьці на прапанаваную ім працу — дапамогу могуць забраць. Таксама гэтыя грошы нельга будзе выкарыстоўваць для азартных гульняў — за такое таксама можна страціць дапамогу.

І ідэя базавага даходу, і раньні выхад на пэнсію былі аднымі з галоўных перадвыбарных абяцаньняў цяперашняй урадавай партыі «Пяць зорак», з якімі яна ішла на выбары ў сакавіку 2018 году. Паводле ўраду, выдаткі на праграму базавага даходу складуць у першы год сем мільёнаў эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG