Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянскія сем’і штогод усынаўляюць 100 беларускіх дзяцей 


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Новы амбасадар Італіі ў Беларусі Марыё Бальдзі пацьвердзіў, што Беларусь па-ранейшаму застаецца краінай, адкуль італьянцы ўсынавілі найбольш дзяцей.

Як адзначыў дыплямат у інтэрвію «Беларускім навінам», Італія — адзіная дзяржава, зь якой Беларусь супрацоўнічае ў справе міжнароднага ўсынаўленьня. Па яго зьвестках, у сярэднім італьянскія сем’і ўсынаўляюць штогод каля 100 беларускіх дзяцей.

Што тычыцца ролі амбасады, яна заключаецца найперш у выдачы візы дзіцяці па завяршэньні ўсіх працэдураў. Асноўныя кантакты адбываюцца паміж Нацыянальным цэнтрам усынаўленьня Беларусі і Камітэтам па міжнародным усынаўленьні Італіі.

«Гэта досыць складаны працэс, у які ўцягнутыя дзяржаўныя структуры абласнога і раённага ўзроўняў, сацыяльныя работнікі, італьянскі і беларускі суды. Амбасада намагаецца спрыяць, каб усе працэдуры праходзілі як найхутчэй», — сказаў Марыё Бальдзі.

Эканамічны крызіс адбіўся на магчымасьцях усынаўленьня

Паводле амбасадара, цяпер назіраецца некаторы спад як нацыянальнага, так і міжнароднага ўсынаўленьня. У першую чаргу гэта можна растлумачыць эканамічным крызісам, які закрануў шмат якія італьянскія сем’і, што ўрэшце адбілася на агульнай тэндэнцыі ўсынаўленьня.

Закінуты дзіцячы садок у чарнобыльскай зоне
Закінуты дзіцячы садок у чарнобыльскай зоне

«Перад тым як ехаць у Менск, я сустракаўся са старшынёй Камітэту па міжнародным усынаўленьні, — сказаў Марыё Бальдзі. — Яна прызнала, што эканамічны крызіс сапраўды адбіўся на магчымасьцях усынаўленьня, у тым ліку дзяцей зь Беларусі».

Тым ня меней, на перакананьне амбасадара, італьянскія сем’і, у тым ліку тыя, якія маюць уласных дзяцей, па-ранейшаму хочуць дапамагаць іншым людзям. Некаторыя рэалізуюць гэтае жаданьне, прысьвяціўшы сябе добраахвотніцкаму руху — зьяўленьню шматлікіх валянтэрскіх арганізацый перадусім спрыялі глыбокія каталіцкія традыцыі.

Адразу пасьля чарнобыльскай трагедыі, кажа далей Марыё Бальдзі, многія прадстаўнікі тых арганізацый пабывалі ў Беларусі і, пабачыўшы, што сытуацыя крытычная, арганізавалі адпачынак дзяцей. Мэдыкі зрабілі выснову, што здароўе малых ужо пасьля месяца ў Італіі паляпшалася, асабліва на моры — узровень цэзію зьніжаўся на 30%. Пачаўся актыўны рух салідарнасьці.

Паводле дыплямата, жаданьне дапамагчы — спантаннае і шчырае, за гэта італьянскія сем’і не атрымліваюць ніякай фінансавай дапамогі ад ураду. Дзяржава толькі сочыць за тым, каб праграмы аздараўленьня ажыцьцяўляліся ў рамках двухбаковых пагадненьняў, правярае, каб у дзяцей было ўсё добра і каб пасьля адпачынку яны вярнуліся дадому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG