Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі мужчыну, які скраў карціну з галерэі ў Маскве. Нядаўна яго затрымлівалі за наркотыкі


«Ай-Пэтры. Крым» Архіпа Куінджы
«Ай-Пэтры. Крым» Архіпа Куінджы

Міністэрства ўнутраных справаў Расеі зранку 28 сьнежня паведаміла аб затрыманьні падазраванага ў выкраданьні днём раней карціны Архіпа Куінджы «Ай-Пэтры. Крым» з маскоўскай Трацьцякоўскай галерэі.

31-гадовы падазраваны быў затрыманы супольна міліцыяй і Фэдэральнай службай бясьпекі ў пасёлку Зарэчча пад Масквой. Ён расказаў, што схаваў карціну на будоўлі — пазьней паліцыянты сапраўды яе там знайшлі.

Цяпер распачатая крымінальная справа за «выкраданьне прадметаў, якія маюць асаблівую каштоўнасьць». У Расеі за гэта могуць пакараць прымусовымі работамі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 10 гадоў з магчымым штрафам да 7600 даляраў.

Пры гэтым падазраваны быў пад падпіскай аб нявыезьдзе з прычыны затрыманьня ў сьнежні 2018 году — ён застаецца фігурантам справы за захаваньне наркотыкаў. Але на відэа зь месца затрыманьня мужчына адмаўляе і крадзеж карціны, і ранейшае затрыманьне.

Паводле «Інтэрфаксу», мужчына цяпер мае прайсьці псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу на сьвядомы стан і ўжываньне наркотыкаў.

Раней паведамлялася, што карціна зьнікла на вачах у шматлікіх наведнікаў экспазыцыі. Як сьцьвярджалі сьведкі, мужчына, якога прынялі за супрацоўніка музэю, спакойна падышоў да карціны, дастаў яе з рамы і пайшоў. Ні супрацоўнікі музэю, ні гледачы не зразумелі, што адбылося, таму пошукі зьніклай карціны пачаліся толькі празь некалькі хвілінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG